Псалтыр 18 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Кіраўніку хору. Давіда, слугі Госпада, які прамовіў Госпаду словы гэтай песні, калі Госпад яго вызваліў ад моцы ўсіх ворагаў яго
і з-пад рукі Саўла. Сказаў ён так: «Люблю Цябе, Госпадзе, магутнасць мая.
Госпад — апірышча маё, і прыстанішча маё. Выратавальнік мой; Бог мой — памочнік мой, і я на Яго спадзяюся; абаронца мой і рог збаўлення майго і апякун мой.
Паклічу я Госпада, вартага хвалы, і буду збаўлены ад ворагаў маіх.
Агарнулі мяне хвалі смерці, і віры Бэліяла ўстрывожылі мяне.
Путы пякельныя аплялі мяне, смяротныя петлі душаць мяне.
У роспачы маёй клічу я Госпада, і Бога майго прызываю; пачуў Ён кліч мой з храма Свайго, і прызыў мой перад позіркам вачэй Яго ўвайшоў.
Здрыганулася і затрымцела зямля; зрушыліся і здрыгануліся падваліны гор, бо Ён запалаў гневам.
Узняўся дым з ноздраў Яго і агонь знішчальны з вуснаў Яго выйшаў; вуголле [агністае] пачало расцякацца з Яго.
Нахіліў Ён нябёсы, і сышоў, і змрок пад нагамі Яго.
І ўзняўся на херубіна, і паляцеў, нёсся на крылах вятроў.
І ахінуўся цемрай, як заслонай, пасярод яе — палатка Яго: цёмная вада, паветраныя хмары.
Перад бляскам позірку Яго праплывалі хмары, град і агністае вуголле.
І загрымеў на нябёсах Госпад, і Найвышэйшы даў пачуць голас Свой: град і агністае вуголле.
І пусціў Ён стрэлы Свае і рассыпаў іх, насыпаў маланак і ўстрывожыў іх.
І адкрыліся крыніцы вод, і адчыніліся падмуркі сусвету ад ушчування Твайго, Госпадзе, ад подыху гневу Твайго.
Даслаў Ён нарэшце [руку], і прыняў мяне, і выцягнуў мяне з водаў многіх;
вырваў мяне ў ворагаў маіх вельмі моцных і ў тых, што ненавідзяць мяне, бо яны ўзмацніліся лепш за мяне.
Яны напалі на мяне ў дзень смутку майго, і зрабіўся Госпад апораю маёю.
І вывеў мяне на прастор, збавіў мяне, бо пажадаў мяне.
І адплаці мне, Госпад, паводле праўды маёй і паводле чысціні рук маіх аддай мне.
Бо я пільнаваў шляхі Госпада і не адступаўся нягодна ад Бога майго.
Бо ўсе прысуды Яго перада мной, і ўсю праўду Яго не адрынуў я ад сябе.
І стаў я беззаганны з Ім і высцерагаўся злачыннасці.
І адплаціў мне Госпад паводле праўды маёй, і паводле чысціні рук маіх перад позіркам вачэй Яго.
Са святым Ты святы будзеш, і з чалавекам беззаганным беззаганны будзеш,
і з абраным абраным будзеш, і з заганным падступным будзеш.
Бо народ пакорлівы Ты збаўляеш, а вочы пыхлівых прынізіш.
Бо Ты, Госпадзе, запальваеш светач мой; Бог мой прасвятляе цемру маю.
Бо з Табою я пайду ў наступ на варожыя войскі і з Богам маім пераскочу праз мур.
Бог, бязгрэшны шлях Яго, словы Госпада выпрабаваны агнём; шчыт Ён усім тым, хто спадзяецца на Яго.
Бо хто ёсць Бог, апрача Госпада? Або якая крэпасць, апрача Бога нашага?
Бог, Які падперазаў мяне мужнасцю і ўладкаваў беззаганным шлях мой;
Які зрабіў ногі мае, як у аленя, і на вышыні паставіў мяне.
Які навучае рукі мае барацьбе, і нацягваюць медны лук плечы мае.
І даў Ты мне шчыт збаўлення Твайго, і правіца Твая падтрымала мяне, і Тваё выслухванне ўзвялічвае мяне.
Ты пашырыў крокі мае пада мною, і не знясілена ступня мая.
Я пераследаваў ворагаў маіх і хапаў іх, і не вяртаўся, пакуль яны не прападалі.
Я сцінаў іх, каб не маглі падняцца; яны падалі пад ногі мае.
І аперазаў Ты мяне мужнасцю для вайны, і тых, што паўсталі супраць мяне, кінуў пад мяне.
І ворагаў маіх прымусіў Ты да ўцёкаў і павынішчыў тых, што ненавідзяць мяне.
Яны клікалі, і не было таго, хто збавіў бы; да Госпада, і не выслухаў іх.
І расцярушыў іх, як пыл па ветры, як вулічны бруд, патаптаў я іх.
Выхапіў мяне ад бунту народа, паставіў мяне на чале плямёнаў. Народ, якога я не ведаў, служыць мне,
толькі вухам пачуўшы, слухаецца мяне. Сыны чужыя сталі забягаць перада мною.
Сыны чужыя саслабелі, дрыжаць у сховішчах сваіх.
Жыве Госпад, і дабраславёны Апякун мой, і хай узвысіцца Бог збаўлення майго!
Бог, Які помсціш за мяне і падпарадкоўваеш мне народы, выратавальнік мой ад ворагаў маіх раз’ятраных;
і над тымі, што паўсталі супраць мяне, Ты ўзвышаеш мяне, ад чалавека гвалтоўнага выхопліваеш мяне.
Дзеля таго будуць славіць Цябе, Госпадзе, паміж паганамі і імю Твайму прагавару псальм.
Узвялічыў у збаўленні цара Свайго і аказаў міласэрнасць намашчэнцу Твайму Давіду і нашчадкам яго навекі».