2 да Карынфянаў 6 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча
Мы, як супрацоўнікі, заклікаем вас, каб вы не надарма прынялі ласку Божую,
Мы-ж, як памагаючыя, даём напамін вам, каб атрымоўваную ласку Божую не ударэмніваць.
бо Ён кажа: «У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўлення ўспамог табе». Вось, цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўлення!
Кажа бо: ў часе дагодным я выслухаў цябе, а ў дню збаўлення памог табе. Цяпер вось час прыятлівы, цяпер вось дзень збаўлення.
Не даючы нікому магчымасці спатыкнення, каб не глуміліся са служэння,
Нікому ні ў чым не даём згоршання, каб ня была зганена паслуга нашая;
але ва ўсім мы яўляем сябе паслугачамі Бога: у вялікай цярплівасці, у горы, у нястачы, ва ўцісках,
але у ва ўсім выяўляем сябе, як слуг Божых, у вялікай цярплівасці, у бядзе, у журбе, у прыгнобе;
пад ударамі, у вязніцах, у забурэннях, у спрацаванасці, у недаспаннях, у пастах,
пад сьцёбаннем, у вязьніцах, у закалотах, у працы, у няспанні ды постах;
у чыстасці, у мудрасці, у вялікадушнасці, у дабрыні, у Духу Святым, у непадробнай любові,
у чыстасьці, у дабраведзе ды дабрадушнасьці, ў Сьвятым Духу ды шчырай любасьці;
у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і левай руцэ,
у слове праўды, у моцы Божай, із зброяй справядлівасьці у правіцы ды левіцы;
у пашане і ў ганьбе, у знеслаўленні і ў добрай славе; нібы ашуканцы, ды праўдамоўныя,
у чэсьці ды ў ганьбе, у добрай ды благой славе, як зводнікі аднак праўдамоўныя;
быццам няведамыя, ды вядомыя, быццам паміраючыя, а, вось, жывём, быццам караныя, але не забітыя на смерць,
як няведамыя, але добра знаныя, нібы-то ўміраючыя, ды ўсё жывыя; як караныя ды не замораныя;
як бы сумныя, але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога не маюць, а ўсім валодаюць.
як сумныя, а заўсёды вясёлыя; як убогія, а многіх узбагачаючыя, нічога ня маючыя ды ўсім валадаючыя.
Вусны нашы адкрыліся да вас, карынцяне, наша сэрца пашырылася.
Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карынтыйцы, сэрца нашае расшырылася.
Вам не цесна ў нас, але цесна ў вашых сэрцах.
Вам ня цесна у нас, цесната — у сэрцах вашых.
Уздайце нам тым самым спосабам, як да сваіх дзяцей кажу: адкрыйцеся і вы.
Дзеля ўзаемнасьці — гавару як да сыноў — расшырэцеся і вы.
Не запрагайцеся з няверуючымі ў адно ярмо. Бо што мае агульнага справядлівасць з несправядлівасцю? Або якая супольнасць святла з цемраю?
Не ўпрагайцеся ў ярмо зь нявернымі; якое бо судзейніцтва справядліўства зь беззаконнем? Або што супольнае між сьвятлом і цемраю?
Або якая згода Хрыста з Бэліярам, або якая лучнасць веруючага з няверуючым?
Ці што за хаўрус Хрыстуса з Бэліялем, а — вернага зь няверным?
Або якое суладдзе святыні Божай з ідаламі? Бо вы ёсць святыня Бога жывога, як кажа Бог: «Пасялюся ў іх і буду хадзіць, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.
І што за ўзаеміны Божай эклезіі з балванамі? Мы-ж сьвятыня Бога Жывога, як сам Бог сказаў: «Пасялюся ў іх і хадзіціму сярод іх ды буду Богам іхнім, а яны Мне будуць народам. (Лев. 25:16)»
Таму выйдзіце з іх асяроддзя і адлучыцеся ад іх, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я вас прыму,
Таму выйдзьце з-паміж іх і адлучэцеся — кажа Госпад — і не дакранайцеся нячыстага нічога, а Я прыму вас;
і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі — кажа Госпад Усемагутны».
ды Айцом буду вам, а вы будзеце Мне сынамі й дочкамі — кажа Усёмагутны Госпад.