1 Пятра 3 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Таксама і вы, жанчыны, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, каб тыя з іх, якія непаслухмяныя слову, паводзінамі жанчын былі здабытыя без слова,
 
Таксама і вы, жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужа́м, каб і тыя, што не скараюцца слову, ла́дам жыцьця жонак бяз слова былі здабываныя,

калі ўбачаць вашыя беззаганныя і богабаязныя паводзіны.
 
гледзячы на чыстае жыцьцё вашае ў страху [Божым].

Няхай аздобаю вашай будзе не вонкавае заплятанне валасоў, не залатое ўпрыгожанне ці хараство адзення,
 
Няхай будзе [аздобаю] ня вонкавае заплятаньне валасоў і залатыя ўпрыгожваньні або апрананьне ў шаты сьвету,

але ўкрыты чалавек сэрца ў незнішчальнасці лагоднага і рахманага духу, які вельмі каштоўны для Бога.
 
але таемны сэрца чалавек у незьнішчальнасьці ціхага і спакойнага духа, што вельмі каштоўна перад Богам.

Бо гэтак некалі і святыя жонкі, якія спадзяваліся на Бога, упрыгожвалі сябе, падпарадкоўваючыся сваім мужам.
 
Бо гэтак некалі аздаблялі сябе, падпарадкоўваючыся сваім мужа́м, і сьвятыя жанчыны, якія спадзяваліся на Бога.

Гэтак Сара была паслухмянай Абрагаму, называючы яго гаспадаром. Вы сталі яе дзецьмі, бо робіце дабро і не баіцеся нічога страшнага.
 
Гэтак Сара слухалася Абрагама, называючы яго гаспадаром, і вы сталіся дзецьмі яе, калі робіце дабро і не палохаецеся аніякага страху.

І вы, мужы, разумна жывучы з імі, як слабейшаму жаночаму начынню аддавайце пашану, будучы суспадкаемцамі ласкі жыцця, каб не ставіць перашкодаў вашай малітве.
 
Таксама і вы, мужы, жыві́це з разуменьнем з жонкамі, аддаючы ім, як найслабейшай пасудзіне, паша́ну, бо і яны — суспадчыньніцы ласкі жыцьця, каб не было перашкоды ў малітвах вашых.

Нарэшце, будзьце ўсе аднадумцамі, чулымі, любячымі братоў, міласэрнымі, пакорнымі.
 
Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спачувайце адзін аднаму, [будзьце] браталюбныя, спагадлівыя, пачцівыя,

Не аддавайце злом за зло, ці знявагай за знявагу, але наадварот, благаслаўляйце, бо дзеля гэтага вы пакліканы, каб унаследаваць благаслаўленне.
 
не аддавайце ліхам за ліха ці зьнявагай за зьнявагу, а, наадварот, дабраслаўляйце, ведаючы, што вы дзеля гэтага пакліканыя, каб узяць у спадчыну дабраслаўленьне.

Бо хто хоча любіць жыццё і ўбачыць шчаслівыя дні, няхай стрымлівае язык ад зла, а вусны — ад подступу.
 
Бо хто хоча жыцьцё любі́ць і бачыць добрыя дні, няхай стрымлівае язык свой ад ліхоты і вусны свае, каб не гаварылі падступна,

Няхай адвернецца ад зла і робіць дабро, няхай шукае спакою і ідзе за ім.
 
няхай ухіляецца ад ліха і робіць дабро; няхай шукае супакою і імкнецца да яго.

Бо вочы Пана скіраваны на справядлівых, і вушы Яго — на іхнія просьбы, але аблічча Пана супраць тых, хто чыніць зло.
 
Бо вочы Госпада — на праведных, і вушы Ягоныя — да просьбаў іхніх, але аблічча Госпада — супраць тых, якія робяць ліхое.

Калі будзеце рупліўцамі дабра, то хто будзе вам шкодзіць?
 
І хто зробіць вам зло, калі вы станецеся пераймальнікамі добрага?

Калі церпіце за справядлівасць, вы шчаслівыя! А пагрозаў іхніх не бойцеся і не палохайцеся.
 
Але калі вы і пацярпелі за праведнасьць, вы шчасьлівыя. А страху іхняга не палохайцеся і не трывожцеся.

Хрыста Панасвяціце ў сэрцах вашых, будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею.
 
Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Будзьце заўсёды гатовыя даць адказ кожнаму, хто просіць у вас слова адносна вашае надзеі, з ціхасьцю і са страхам,

Але рабіце гэта лагодна, з бояззю Божай і добрым сумленнем, каб у тым, за што абгаворваюць вас як злачынцаў, былі асаромлены тыя, хто ганіць вашае добрае жыццё ў Хрысце.
 
маючы добрае сумленьне, каб у тым, за што ачарняюць вас, як ліхадзеяў, былі асаромленыя тыя, якія га́няць ваш добры лад жыцьця ў Хрысьце.

Таму што лепей, калі ў гэтым воля Божая, цярпець за добрыя ўчынкі, чым за благія.
 
Бо, калі хоча воля Божая, лепш цярпець, робячы добрае, чым робячы благое.

Бо і Хрыстус раз пацярпеў за грахі, справядлівы за несправядлівых, каб прывесці вас да Бога. Забіты ў целе, але ажыўлены ў Духу.
 
Бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, раз пацярпеў за грахі, Праведны — за няправедных, забіты целам, але ажыўлены Духам,

У Ім таксама Ён прыйшоў абвяшчаць тым духам, што ў вязніцы, якія некалі былі непакорнымі,
 
у Якім Ён і духам, што ў вязьні́цы, пайшоўшы, абвяшчаў,

калі Божая доўгацярплівасць чакала ў дні Ноя, у час пабудовы каўчэга, на якім нямногія, усяго восем душ, уратаваліся ад вады.
 
тым, якія некалі не скарыліся, калі чакала іх Божае доўгацярпеньне за дзён Ноя, пры будаваньні каўчэга, у якім некалькі, гэта значыцца восем душаў, былі ўратаваныя ад вады.

Яна і вас сёння, паводле гэтага ўзору, ратуе праз хрост, не праз абмыццё цялеснага бруду, але праз абяцанне Богу добрага сумлення, праз уваскрасенне Езуса Хрыста,
 
Гэтак і нас цяпер на ўзор гэтага хрышчэньне — не абмыцьцё бруду цела, але абяцаньне Богу добрага сумленьня, — збаўляе праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста,

які, узышоўшы на неба, знаходзіцца праваруч Бога, і якому пакарыліся анёлы і ўлады, і моцы.
 
Які, узыйшоўшы ў неба, знаходзіцца праваруч Бога, і Яму падпарадкаваныя анёлы, і ўлады, і сілы.