1 Пятра 4 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Паколькі Хрыстус цярпеў за нас у целе, вы таксама ўзбройцеся той жа думкай, бо той, хто выцерпеў пакуты цела, скончыў з грахом,
 
Дык як Хрыстос цярпеў за нас целам, і вы ўзбройцеся такой думкаю, што той, хто церпіць целам, перастае грашыць,

каб астатні час у целе жыць ужо не для людской пажадлівасці, але для Божай волі.
 
каб рэшту часу ў целе жыць не паводле чалавечых пажаданьняў, але паводле волі Божае.

Хопіць і ранейшага часу, калі вы спаўнялі волю язычнікаў, жылі ў распусце, пажадлівасці, п’янстве, гулянках, п’янках і нягодным ідалапаклонстве.
 
Бо досыць ужо, што мы ў мінулы час жыцьця выконвалі волю паганаў, ходзячы ў бессаромнасьці, пажаданьнях, абпіва́ньні віном, гулянках, банкетава́ньнях і агідным ідалапаклонстве.

Яны і здзіўляюцца, што вы не занураецеся разам з імі ў адну плынь распусты, і зневажаюць вас.
 
Таму яны зьдзіўляюцца, што вы не бежыцё з імі на гэты разьліў распусты, і блю́зьняць.

Яны здадуць справаздачу таму, хто гатовы судзіць жывых і памерлых.
 
Яны дадуць справаздачу Таму, Хто гатовы судзі́ць жывых і мёртвых.

Бо для таго і мёртвым было абвешчана Евангелле, каб яны падлеглі суду як людзі ў целе, а жылі паводле Божага духу.
 
Бо дзеля гэтага і мёртвым было дабраве́шчана, каб яны, су́джаныя па-чалавечаму целам, жылі́ па-Божаму духам.

Набліжаецца канец усяго. Таму будзьце разважлівыя і цвярозыя, каб маглі маліцца.
 
А канец усяму набліжаецца. Дык будзьце пры розуме і цьвярозымі ў малітвах.

Перш за ўсё, майце шчырую любоў адзін да аднаго, таму што любоў закрывае мноства грахоў.
 
А перш за ўсё мейце нязьменную любоў адзін да аднаго, бо любоў прыкрые мноства грахоў.

Будзьце гасцінныя адзін да аднаго без нараканняў.
 
Будзьце гасьцінныя адны да адных без нараканьняў.

Як добрыя распарадчыкі разнастайнай ласкі Божай, служыце адзін аднаму тым дарам, які кожны з вас атрымаў.
 
Служы́це адзін аднаму кожны тым дарам [ласкі], які атрымаў, як добрыя аканомы разнастайнае ласкі Божае.

Калі хто прамаўляе, няхай прамаўляе, як словы Божыя; калі хто служыць, няхай служыць дзякуючы моцы, якою надзяліў яго Бог, каб ва ўсім праславіўся Бог праз Езуса Хрыста, якому слава і панаванне на векі вечныя. Амэн.
 
Калі хто гаворыць — як словы Божыя; калі хто слу́жыць — па сіле, якую дае Бог, каб у-ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн.

Умілаваныя, не дзівіцеся агню, які палае ў вас дзеля вашага выпрабавання, нібы здарылася з вамі нешта дзіўнае.
 
Улюбёныя! Не зьдзіўляйцеся пажару, які стаецца дзеля спакусы вам, як бы нешта дзіўнае здарылася.

Але паколькі вы прымаеце ўдзел у муках Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў час аб’яўлення Яго славы вы ўсцешыліся і ўзрадаваліся.
 
Але, як супольнікі ў пакутах Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў адкрыцьці славы Ягонай радавацца і весяліцца.

Калі ганяць вас за імя Хрыста, то вы шчаслівыя, бо Дух славы і Дух Божы спачывае на вас.
 
Калі зьневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасьлівыя, бо Дух славы, Дух Божы супачывае на вас. Тыя блю́зьняць [на Яго], а вы славіце.

Таму няхай ніхто з вас не церпіць як забойца або злодзей, або як злачынец, або як сквапны да чужога.
 
Абы толькі не цярпеў хто з вас му́кі як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або той, хто ква́піцца на чужое;

Калі ж нехта церпіць як хрысціянін, няхай не саромееца, але праслаўляе Бога за гэта імя.
 
а калі як Хрысьціянін, не саромся, але слаў Бога за гэткі ўдзел.

Бо ўжо час, каб распачаўся суд з Божага дому. Калі ж ён распачнецца з нас, дык які будзе канец тых, хто не слухаецца Божага Евангелля?
 
Бо час пачацца суду ад дому Божага. А калі спачатку ад нас, дык які канец тых, якія не скарыліся Эва́нгельлю Божаму?

«І калі праведнік з цяжкасцю атрымае збаўленне, дзе апынуцца бязбожнік і грэшнік?»
 
І калі праведны ледзьве збавіцца, дык бязбожнік і грэшнік дзе апынуцца?

Дык няхай тыя, хто церпіць з волі Бога, давераць Яму як вернаму Стварыцелю свае душы, робячы дабро.
 
Так што тыя, якія церпяць паводле волі Божай, няхай перададуць Яму, як вернаму Творцу, ду́шы свае, робячы дабро.