Да Ціта 3 разьдзел
Пасланьне да Ціта
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Нагадвай ім, каб слухаліся і падпарадкоўваліся кіраўнікам і ўладам, каб былі гатовымі да ўсякай добрай справы,
Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць загадчыкаў і ўладу, выпаўняць загады, быць гатовымі да ўсякага добрага учынка,
каб нікога не зласловілі, не былі сварлівымі, але спагадлівымі, выяўляючы ўсялякую далікатнасць да ўсіх людзей.
нікога не чарніць, ня быць сварлівымі, але памяркоўнымі, праяўляць да ўсіх людзей ласкавасьць, ветлівасьць.
Бо і мы былі калісьці неразумнымі, непаслухмянымі, зведзенымі, служылі розным жаданням і ўцехам, жылі ў злосці і зайздрасці, былі агіднымі і ненавідзелі адзін аднаго.
Бо і мы былі калісьці неразумнымі і няверуючымі, заблудзіўшымі, служыўшымі пажаданьням і ўсякім прыхацям, кіруючыміся злосьцю і нянавісьцю, мы былі ненавісьнікамі, ненавідзячымі адны другіх.
Калі ж аб’явілася дабрыня і любоў Бога, Збаўцы нашага, да людзей,
Калі ж аб'явілася спагаднасць і міласьць Збаўцы нашага Бога,
Ён не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы зрабілі, але паводле міласэрнасці сваёй збавіў нас праз купель адраджэння і аднаўлення Духам Святым,
то не дзеля ўчынкаў справядлівасьці, якіх мы даканалі, але з міласердзя свайго збавіў нас купаньнем адраджэньня і аднаўленьня Духа Сьвятога,
якога шчодра выліў на нас праз Езуса Хрыста, Збаўцу нашага,
якога выліў на нас багата праз Езуса Хрыстуса, Збаўцу нашага,
каб, апраўданыя Ягонай ласкаю, мы сталі паводле надзеі спадкаемцамі вечнага жыцця.
каб мы, апраўданыя ласкай Ягонаю, сталіся спадчыньнікамі надзеі жыцьця вечнага.
Слова годнае даверу, і я хачу, каб ты ўпэўнена казаў пра гэта, каб тыя, хто паверыў Богу, імкнуліся быць першымі ў добрых учынках. Гэта добра і карысна для людзей.
Праўдзівая гэта навука, і хачу цябе аб гэтым пераканаць, каб тыя, што вераць у Бога, стараліся перш добрымі ўчынкамі гэта даказаць. Гэта добрае і карыснае людзям.
Недарэчных пошукаў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны бескарысныя і марныя.
Глупых жа пытаньняў, даводаў, спрэчак і змаганьняў на конта закону пазьбягай. Яны бескарысныя і пустыя.
Таго, хто сее ерась, пасля першага і другога настаўлення аддаляй,
Герэтыка пасьля першай і другой перасьцярогі абмінай
ведаючы, што такі чалавек выкручваецца і грашыць, асуджаючы самога сябе.
ведаючы, што пераваротнік і гэтым чынам грэшны, прытым ён сам сябе асуджае.
Калі пашлю да цябе Артэмаса або Тыхіка, пастарайся прыйсці да мяне ў Нікаполь, бо я вырашыў там зімаваць.
Калі пашлю да цябе Артэмаса або Тыліка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікаполіс, бо там рашыў я зімаваць.
Зэнаса, знаўцу закону, і Апалоса старанна забяспеч, каб ні ў чым яны не адчувалі нястачы.
Зенаса-правазнаўцу і Аполласа старанна забясьпеч, каб усяго ім хапала.
Няхай вучацца і нашыя быць першымі ў добрых учынках у пільнай патрэбе, каб не былі яны бясплоднымі.
Хай навучацца і нашыя быць першымі добрымі дзеяньнямі ў канечных патрэбах, каб не былі яны бясплоднымі.
Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі.
Вітаюць цябе тыя, што са мною, прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка Божая з усімі вамі. Аман.