Да Рымлянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999
Што ж скажам? Ці маем заставацца ў граху, каб памножылася ласка?
Дык што скажам? Ці будзем трываць у грэху, каб памнажалася ласка? Ніякім чынам!
Канешне, не! Мы, якія памерлі для граху, як жа будзем жыць у ім?
Бо калі мы памерлі для грэху, дык як жа можам жыць у ім далей?
Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся?
Ці ж вы ня ведаеце, што мы ўсе, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, ахрышчаныя ў сьмерць Ягоную?
Дык вось, праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці.
Таму праз хрост мы разам з Ім пахаваныя ў сьмерць, каб як Хрыстос быў уваскрошаны з памёршых славаю Айца, так і мы пачалі жыць абноўленым жыцьцём.
Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення,
Бо калі мы аб'яднаны з Ім падобнасьцю Яго сьмерці, дык павінны быць аб'яднаны падобнасьцю ўваскрасеньня.
ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху;
Ведаем гэта, што для зьнішчэньня грэшнага цела даўнейшы наш чалавек быў разам з Ім укрыжаваны па тое, каб мы больш не заставаліся ў няволі грэху.
бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху.
Хто бо памёр, асвабадзіўся ад грэху.
Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім,
Калі ж мы памерлі разам з Хрыстом, дык верым, што разам з Ім жыць будзем,
ведаючы, што Хрыстус, які ўваскрос, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады.
ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з памёршых, ужо болей не памірае, сьмерць над Ім ня мае ўлады.
Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога.
Калі Ён памёр, дык памёр толькі раз для грэху, а што жыве, то жыве для Бога.
Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.
Так і вы лічыце сябе памёршымі для грэху, а жывымі для Бога ў Хрысьце Езусе.
Няхай грэх не пануе ў вашым смяротным целе, каб вам не служыць яму ў яго пажадлівасці,
Дык хай жа грэх не валадарыць у вашым сьмяротным целе, каб вам служыць пажаданьням яго.
і не аддавайце члены вашыя граху, як зброю несправядлівасці, але аддайце сябе Богу як тыя, хто ажыў з мёртвых; і члены вашыя аддайце Богу, як зброю справядлівасці.
Не аддавайце грэху члены вашыя на зброю несправядлівасьці ў службе грэху, але аддавайце сябе Богу як вось тыя, што са сьмерці перайшлі да жыцьця, ды члены вашы аддавайце на зброю справядлівасьці ў службе Божай.
Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад Законам, але пад ласкаю.
Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю.
Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад Законам, а пад ласкаю? Канешне, не!
Дык што ж? Будзем грашыць, бо жывём не пад законам, але пад ласкай? Ніякім чынам!
Няўжо вы не ведаеце, што каму вы аддаецеся ў няволю дзеля паслухмянасці і каго слухаеце, таго вы і нявольнікі: або граху дзеля смерці, або паслухмянасці дзеля справядлівасці?
Ці ж ня ведаеце, што каму аддаеце сябе на службу, становіцеся таго слугамі, каму паслухмяныя: ці грэху на сьмерць, ці паслухмянасьці на справядлівасьць.
Дзякуй Богу, што вы, будучы раней нявольнікамі граху, ад сэрца паслухаліся таго вучэння, якое было вам перададзена.
Дзякуй Богу, што вы, будучы нявольнікамі граха, паддаліся (шчыра) сэрцам той форме навукі, якой вы аддалі сябе.
А вызваліўшыся ад граху, вы сталі слугамі справядлівасці.
Асвабоджаныя ж ад грэху, вы сталіся слугамі справядлівасьці.
Кажу як чалавек з прычыны слабасці вашага цела. Як аддавалі вы члены вашыя на служэнне нячыстасці і беззаконню для беззаконня, так цяпер аддайце члены вашыя на служэнне справядлівасці для святасці.
Гавару, як прынята ў людзей, дзеля кволасьці цела вашага. Як аддавалі вы члены вашыя на службу нячыстасьці і нягоднасьці на беззаконьне, так аддавайце цяпер члены вашыя на службу справядлівасьці на ўсьвячэньне.
Калі вы былі нявольнікамі граху, вы былі свабоднымі ад справядлівасці.
Калі вы былі нявольнікамі грэху, тады былі вы свабоднымі ад (службы) справядлівасьці.
Якія ж плады мелі вы тады, што цяпер саромеецеся іх? Канцом жа іхнім ёсць смерць!
Які ж вы мелі плод тады з тых учынкаў, каторых цяпер сароміцеся? Бо канец іх — сьмерць!
Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшы слугамі Бога, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы — жыццё вечнае!
Цяпер жа, асвабадзіўшыся ад грэху ды стаўшыся слугамі Бога, маеце плод ваш на сьвятасьць, а на канец — жыцьцё вечнае!
Бо расплата за грэх — смерць, а дар Бога — жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым.
Бо заплата за грэх — сьмерць, а дар Божы — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Езусе, Госпадзе нашым.