Да Рымлянаў 12 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999
Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу як выраз вашага разумнага служэння.
Дык прашу вас, браты, праз міласэрдзе Божае, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, мілую Богу на разумнае служэньне вашае.
І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае.
І не ўпадабняйцеся гэтаму сьвету, але пераменяйцеся праз аднаўленьне розуму, каб умелі пазнаць, якая ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае Богу ды дасканалае.
Дзякуючы дадзенай мне ласцы, я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас, каб не думалі пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвалі сябе цвяроза, паводле веры, удзеленай кожнаму Богам.
Дадзенаю мне ласкаю кажу кожнаму з вас, каб ня думалі аб сабе вышэй, чым належыцца, але кожны хай думае аб сабе цьвяроза, паводле дадзенай Богам кожнаму меры веры.
Бо як у адным целе маем шмат членаў, і не ўсе яны выконваюць тыя самыя функцыі,
Як бо ў адным целе маем многа членаў, а ўсе члены ня тую самую работу спаўняюць,
так і мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены.
падобна і ўсе мы супольна творым адно цела ў Хрысьце, а паасобку адзін для другога — члены.
Паводле дадзенай ласкі мы маем розныя дары. Калі дар прароцтва, павінны прарочыць згодна з вераю.
А паводле дадзенай нам ласкі маем розныя дары: ці дар прароцтва згодна з верай,
Калі служэнне — служыць; калі настаўніцтва — навучаць;
ці дар службы для паслугаваньня, ці дар навукі для вучэньня,
калі заахвочванне — заахвочваць; калі размеркаванне — раздаваць у прастаце; калі кіраванне — кіраваць старанна; калі міласэрнасць, то павінны чыніць гэта з радасцю.
ці дар заахвоты для заахвочваньня; хто ўспамагае, дык у прастаце сэрца, хто старшынствуе, дык рупліва, хто міласэрны, дык з ахвотаю.
Любоў няхай будзе некрывадушнай. Майце агіду да зла, гарніцеся да дабра;
Любоў хай будзе без крывадушнасьці. Адварочвайцеся ад зла, спагяняйце дабро;
любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці,
шчыра любіце адзін аднаго братняю любоўю, шануйце адзін аднаго, упераджаючы;
у руплівасці будзьце нястомныя, духам палымнейце, служыце Пану.
у рупнусьці не лянуйцеся, духам палайце, Госпаду служыце,
Цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве — трывалыя;
у надзеі будзьце радасныя, у горы цярплівыя, у малітве сталыя,
падтрымлівайце святых; дбайце пра гасціннасць.
бярыце ўдзел у патрэбах сьвятых, спаганяйце гасьціннасьць.
Благаслаўляйце тых, хто пераследуе вас, благаслаўляйце, а не праклінайце!
Багаслаўце перасьледвальнікаў сваіх; багаслаўце, а не кляніце!
Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача.
Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.
Будзьце аднамысныя паміж сабою; не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных. Не лічыце сябе мудрымі.
Жывіце між сабой аднадумна, ня думайце зашмат аб сабе, але саступайце ў пакоры. Не ўважайце сябе за вельмі разумных.
Нікому не адплачвайце злом за зло, але дбайце аб добрым перад усімі людзьмі.
Не адгаджайце злом за зло. Дбайце пра тое, што добрае на віду ўсіх людзей.
Са свайго боку, калі магчыма, жывіце ў спакоі з усімі людзьмі.
На колькі магчыма ды колькі ад вас залежыць, жывіце з усімі людзьмі ў згодзе.
Не помсціце за сябе, умілаваныя, але дайце месца Божаму гневу, бо напісана: «Мне помста, Я аддам», — кажа Пан.
Ня помсьціце, умілаваныя, самі за сябе, але пакінце гэта Таму, аб кім напісана: "Да Мяне належыць помста, Я аднагараджуся", — кажа Госпад.
Але, калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі прагне, напаі яго, бо так робячы, збярэш яму на галаву гарачае вуголле.
Але калі б быў галодны непрыяцель твой, накармі яго; калі б быў засьмягшы, напаі яго. Так вось робячы, вугольле гарачае насыпаеш яму на галаву.
Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.
Ня дайся перамагчы злу, але зло перамагай дабром.