Да Рымлянаў 12 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999
Дык вось вельмі прашу вас, браты, міласэрнасьцю Бога аддаць целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, прыемную Богу на разумнае служэньне вашае,
Дык прашу вас, браты, праз міласэрдзе Божае, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, мілую Богу на разумнае служэньне вашае.
і ня прыстасоўвайцеся да веку гэтага, але будзьце пераабражаемы абнаўленьнем розуму вашага, каб пазнаваць вам, якая (ёсьць) воля Бога — добрая і заўгодная, і дасканалая.
І не ўпадабняйцеся гэтаму сьвету, але пераменяйцеся праз аднаўленьне розуму, каб умелі пазнаць, якая ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае Богу ды дасканалае.
Бо кажу паводля Багадаці, якая дана мне, кожнаму хто знаходзіцца сярод вас: ня думаць (аб сабе) больш, чым належыць думаць, але думаць так, каб кожнаму быць разумным па меры веры, якой (кожнага) надзяліў Бог.
Дадзенаю мне ласкаю кажу кожнаму з вас, каб ня думалі аб сабе вышэй, чым належыцца, але кожны хай думае аб сабе цьвяроза, паводле дадзенай Богам кожнаму меры веры.
Бо як у адным целе маем шмат чэлясаў, але ня ўсе чэлясы маюць адну і тую ж работу,
Як бо ў адным целе маем многа членаў, а ўсе члены ня тую самую работу спаўняюць,
такім чынам мы многія зьяўляемся ў Хрысьце адным целам, а паасобку адзін для другога (мы ёсьць) чэлясы.
падобна і ўсе мы супольна творым адно цела ў Хрысьце, а паасобку адзін для другога — члены.
Але маючы па Багадаці данай нам розныя дары, (то) калі (маеш дар) прароцтва, то (прароч) адпаведна веры;
А паводле дадзенай нам ласкі маем розныя дары: ці дар прароцтва згодна з верай,
калі (маеш дар) служэньня, — то (будзь) у служэньні; калі (маеш дар) вучыцеля, — то вучы;
ці дар службы для паслугаваньня, ці дар навукі для вучэньня,
калі (маеш дар) суцяшэньня, — то суцяшай; калі (маеш дар) падзяліцца, — то (падзяліся) у шчырасьці; калі (маеш дар) начальніка, — то (начальствуй) з клопатам; калі (маеш дар) дабрачыннасьці, — то (дабрачынствуй) з радасьцю.
ці дар заахвоты для заахвочваньня; хто ўспамагае, дык у прастаце сэрца, хто старшынствуе, дык рупліва, хто міласэрны, дык з ахвотаю.
Любоў (паміж вамі хай будзе) няпрытворная; нянавідзьце зло, прыляпляйцеся да дабра;
Любоў хай будзе без крывадушнасьці. Адварочвайцеся ад зла, спагяняйце дабро;
(будзьце) у любові адзін да воднага з пяшчотаю, апераджаючы адзін аднаго ў шанаваньні;
шчыра любіце адзін аднаго братняю любоўю, шануйце адзін аднаго, упераджаючы;
у руплівасьці ня аслабявайце, духам палаючы, чынячы служэньне да канца часоў;
у рупнусьці не лянуйцеся, духам палайце, Госпаду служыце,
радуйцеся праз надзею, (усякую) пакуту пераносьце зь цярпеньнем, у малітве будзьце заўсёды;
у надзеі будзьце радасныя, у горы цярплівыя, у малітве сталыя,
бярэце ўдзел у патрэбах сьвятых, пра гасьціннасьць дбайце.
бярыце ўдзел у патрэбах сьвятых, спаганяйце гасьціннасьць.
Багаслаўляйце тых, хто гоніць вас, багаслаўляйце, а ня кляніце,
Багаслаўце перасьледвальнікаў сваіх; багаслаўце, а не кляніце!
радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача,
Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.
будзьце між сабою аднадумнымі, ня думайце аб сабе высакамерна, але ідзіце ўсьлед за сьціплымі, ня лічыце сябе мудрэйшымі за другіх.
Жывіце між сабой аднадумна, ня думайце зашмат аб сабе, але саступайце ў пакоры. Не ўважайце сябе за вельмі разумных.
Нікому ня аддавайце злом за зло, але старайцеся аб добрым перад абліччам усіх людзей.
Не адгаджайце злом за зло. Дбайце пра тое, што добрае на віду ўсіх людзей.
Калі магчыма, наколькі гэта залежыць ад вас, будзьце ў згодзе са ўсімі людзьмі.
На колькі магчыма ды колькі ад вас залежыць, жывіце з усімі людзьмі ў згодзе.
Ня помсьціце за сябе, любасныя, але дайце мейсца гневу (Бога). Бо напісана: «Мне помста. Я аддам», — кажа Госпад.
Ня помсьціце, умілаваныя, самі за сябе, але пакінце гэта Таму, аб кім напісана: "Да Мяне належыць помста, Я аднагараджуся", — кажа Госпад.
Дык, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі прагне, напаі яго: бо робячы гэта ты зьбярэш на галаву ягоную разпаленае вугольле.
Але калі б быў галодны непрыяцель твой, накармі яго; калі б быў засьмягшы, напаі яго. Так вось робячы, вугольле гарачае насыпаеш яму на галаву.
Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.
Ня дайся перамагчы злу, але зло перамагай дабром.