Да Рымлянаў 16 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Даручаю ж вам Хвібу, сястру нашую, якая ёсьць дыяканісай царквы ў Кенхрэях,
 
Даручаю вам Фэбу, сястру нашую, дыяконьніцу царквы ў Кенхрах,

каб (вы) прынялі яе ў Госпадзе, як прыстойна сьвятым, і (каб) памаглі ёй, якую б патрэбу яна ў вас ні мела, таму што і яна была памочніцай многім і мне самому.
 
каб прынялі яе ў Госпадзе, як належыцца сьвятых прыймаць, і дапамаглі ёй ва ўсіх справах, дзе ваша помач патрэбна, бо яна дапамагала многім і мне самому.

Прывітайце Прыскіллу і Акілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Ісусе,
 
Прывітайце Прыску і Аквілю, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Езусе,

якія дзеля душы маёй пакладалі галовы свае, якім ня я адзін удзячны, але і ўсе цэрквы паганаў,
 
каторыя для захаваньня майго жыцьця падставілі свае галовы, каторым ня толькі я ўдзячны, але ўсе цэрквы паганаў,

і (вітайце) іхную хатнюю царкву. Вітайце Эпенета, любаснага майго, які ёсьць пачатак Ахайі для Хрыста.
 
а таксама і царкву, што ў іх доме. Прывітайце мне мілага Эпэнэта, каторы першы хрысьціянін у Азіі.

Вітайце Марыам, якая шмат папрацавала для нас.
 
Прывітайце Марыю, каторая многа папрацавала для вас.

Вітайце Андроніка і Юнію, родзічаў маіх і вязьняў са мною, якія знакамітыя паміж Апосталамі, якія і нарадзіліся ў Хрысьце перш за мяне.
 
Прывітайце Андроніка і Юнію, сваякоў маіх і вязьняў са мною, праслаўленых сярод апосталаў, каторыя перш за мяне ўверылі ў Хрыста.

Вітайце Амплія, любаснага майго ў Госпадзе.
 
Прывітайце любага мне ў Госпадзе Ампліята.

Вітайце Урбана супрацоўніка нашага ў Хрысьце, і Стахія, любаснага майго.
 
Прывітайце нашага супрацоўніка ў Хрысьце Урбана ды мілага мне Стахія.

Вітайце Апяллеса, выпрабаванага ў Хрысьце. Вітайце тых, што (з дому) Арыстабула.
 
Прывітайце выпрабаванага ў Хрысьце Апэлеса. Прывітайце тых, што з дому Арыстабуля.

Вітайце Гірадзіяна, родзіча майго. Вітайце тых, што (з дому) Наркісса, якія ў Госпадзе.
 
Прывітайце Герадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, што з дому Нарцыза, належачых да Госпада.

Вітайце Трыхвену і Трыхвосу, якія працуюць у Госпадзе. Вітайце Пярсіду любасную (у Госпадзе), якая многа папрацавала ў Госпадзе.
 
Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Госпадзе. Прывітайце мілую Пэрсыду, каторая многа папрацавала для Госпада.

Вітайце Рухва, выбранага ў Госпадзе, (а) таксама матку ягоную і маю.
 
Прывітайце выбраньніка ў Госпадзе Руфа і матку яго і маю.

Вітайце Асінкрыта, Хлягонта, Герма, Патроба, Гермія і тых братоў, што разам зь імі.
 
Прывітайце Асынкрыта, Флегонта, Гермэса, Патроба, Гермаса ды братоў, што разам з імі.

Вітайце Хвіло́лага і Юлю, Нірэя і сястру ягоную, Алімпана і ўсіх сьвятых, што зь імі.
 
Паздароўце Філялёга і Юлію, Нэрэя і яго сястру, Алімпія ды ўсіх сьвятых, што разам з імі.

Вітайце адзін воднага пацалункам сьвятым. Вітаюць вас цэрквы Хрыста.
 
Прывітайце ўзаемна адны другіх сьвятым пацалункам. Вітаюць вас усіх цэрквы Хрыстовыя.

Заклікаю ж вас, браты, сьцеражыцеся тых, што ўчыняюць згрызотныя расколы і спакусы насуперак навукі, якой вы навучаны, і ўхіляйцеся ад іх;
 
Прашу вас яшчэ, браты, сьцеражыцеся тых, што пашыраюць нязгоду і згаршэньні супраць навукі, якой вы навучыліся. Ухіляйцеся ад іх!

таму што такія служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, але свайму чэраву і красамоўствам і лісьлівымі словамі зьбіваюць са шляху сэрцы прастадушных.
 
Такія людзі ня служаць Госпаду нашаму Хрысту, але жывату свайму, і салодкімі словамі і патураючымі зводзяць сэрцы нявінных.

Бо ваша паслухмянасьць (веры) усім вядома; таму радуюся за вас; хачу ж, каб вы былі мудрымі на дабро, але бяззаганнымі на зло.
 
Бо ваша паслухмянасьць (веры) вядома усім людзям. Дык радуюся з вас, але прагну, каб вы былі мудрэйшымі на добрае ды простымі на благое.

Бог жа міру скрышыць шата́на пад нагамі вашымі ў хуткім часе. Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. (Амін).
 
Бог жа супакою небавам скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Езуса Хрыста з вамі!

Вітае вас Цімахвей, супрацоўнік мой, і Лукій, і Ясон, і Сасіпатр, родзічы мае.
 
Вітае вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Люцый, Язон і Сасіпатар, сваякі мае.

Вітаю вас у Госпадзе я, Тэртый, які напісаў гэтае Пасланьне.
 
Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэрцый, які пісаў гэты ліст.

Вітае вас Гай, гасьцінны для мяне і ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік места, і Кварт, брат.
 
Вітае вас Гай, каторы ёсьць гасьцінным для мяне і для ўсяе царквы.

Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста са ўсімі вамі. Амін.
 
Вітае вас Эраст, скарбнік горада, і брат Кварт.

Таму ж, Хто мае сілу вас умацаваць паводля Эвангельля майго і пропаведзі Ісуса Хрыста, паводля адкрыцьця тайны, якая была схована ад пачатку сьвету,
 
Таму ж, каторы мае моц умацаваць вас паводле Эвангельля ды майго вяшчэньня Езуса Хрыста, згодна з аб'яўленай таямніцай, даўнейшым вякам схаванай,

а цяпер яўлена праз прарочыя Пісаньні, па Загаду вечнага Бога стала вядомай на послух веры ва ўсіх народах.
 
а цяпер аб'яўленай, і прароцкімі лістамі па загаду спрадвечнага Бога абвешчанай, ўсім народам для паслухмянасьці іх веры,

Адзінаму мудраму Богу, цераз Ісуса Хрыста, Яму слава ў вяках вякоў. Амін.
 
Богу, каторы адзін ёсьць мудры, праз Езуса Хрыста хай будзе хвала ў вякі вечныя. Амэн.