Да Рымлянаў 16 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Даручаю вам Фіву, нашу сястру, дыяканісу царквы, якая ў Кенхрэях,
 
Даручаю вам Фэбу, сястру нашую, дыяконьніцу царквы ў Кенхрах,

каб вы прынялі яе ў Госпадзе, як годна святым, і дапамагалі ёй, у чым бы яна ні мела ў вас патрэбы, бо і яна была апякункаю многіх і мяне самога.
 
каб прынялі яе ў Госпадзе, як належыцца сьвятых прыймаць, і дапамаглі ёй ва ўсіх справах, дзе ваша помач патрэбна, бо яна дапамагала многім і мне самому.

Прывітайце Прыску1 і Акілу, маіх супрацоўнікаў у Хрысце Ісусе,
 
Прывітайце Прыску і Аквілю, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Езусе,

якія за маё жыццё падстаўлялі свае шыі, якім не толькі я дзякую, але і ўсе цэрквы язычнікаў;
 
каторыя для захаваньня майго жыцьця падставілі свае галовы, каторым ня толькі я ўдзячны, але ўсе цэрквы паганаў,

І прывітайце царкву, якая ў іх доме. Прывітайце Эпенета, улюбёнага майго, які ёсць пачатак Азіі для Хрыста.
 
а таксама і царкву, што ў іх доме. Прывітайце мне мілага Эпэнэта, каторы першы хрысьціянін у Азіі.

Прывітайце Марыю, якая шмат папрацавала для нас.
 
Прывітайце Марыю, каторая многа папрацавала для вас.

Прывітайце Андроніка і Юнію, маіх сваякоў і вязняў са мною, знакамітых між Апосталаў, яны і ў Хрысце былі раней за мяне.
 
Прывітайце Андроніка і Юнію, сваякоў маіх і вязьняў са мною, праслаўленых сярод апосталаў, каторыя перш за мяне ўверылі ў Хрыста.

Прывітайце Ампліята, улюбёнага майго ў Госпадзе.
 
Прывітайце любага мне ў Госпадзе Ампліята.

Прывітайце Урбана, нашага супрацоўніка ў Хрысце, і Стахія, улюбёнага майго.
 
Прывітайце нашага супрацоўніка ў Хрысьце Урбана ды мілага мне Стахія.

Прывітайце Апелеса, ухваленага ў Хрысце. Прывітайце тых, хто з дома Арыстобула.
 
Прывітайце выпрабаванага ў Хрысьце Апэлеса. Прывітайце тых, што з дому Арыстабуля.

Прывітайце Геірадыёна, майго сваяка. Прывітайце тых, хто з дома Наркіса, хто ў Госпадзе.
 
Прывітайце Герадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, што з дому Нарцыза, належачых да Госпада.

Прывітайце Трыфену і Трыфосу, працаўніц у Госпадзе. Прывітайце Персіду, улюбёную, якая шмат папрацавала ў Госпадзе.
 
Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Госпадзе. Прывітайце мілую Пэрсыду, каторая многа папрацавала для Госпада.

Прывітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, і маці яго і маю.
 
Прывітайце выбраньніка ў Госпадзе Руфа і матку яго і маю.

Прывітайце Асінкрыта, Флеганта, Гермеса, Патрова, Гермасу і братоў, што з імі.
 
Прывітайце Асынкрыта, Флегонта, Гермэса, Патроба, Гермаса ды братоў, што разам з імі.

Прывітайце Філолага і Юлію, Нірэя і яго сястру, і Алімпасу, і ўсіх святых, якія з імі.
 
Паздароўце Філялёга і Юлію, Нэрэя і яго сястру, Алімпія ды ўсіх сьвятых, што разам з імі.

Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе цэрквы Хрыстовы.
 
Прывітайце ўзаемна адны другіх сьвятым пацалункам. Вітаюць вас усіх цэрквы Хрыстовыя.

Прашу ж вас, браты, заўважаць тых, хто чыніць падзелы і спакусы насуперак вучэнню, якому вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх.
 
Прашу вас яшчэ, браты, сьцеражыцеся тых, што пашыраюць нязгоду і згаршэньні супраць навукі, якой вы навучыліся. Ухіляйцеся ад іх!

Бо такія служаць не нашаму Госпаду [Ісусу] Хрысту, а свайму страўніку і складнымі словамі і ліслівымі прамовамі ашукваюць сэрцы прастадушных.
 
Такія людзі ня служаць Госпаду нашаму Хрысту, але жывату свайму, і салодкімі словамі і патураючымі зводзяць сэрцы нявінных.

Бо вестка пра ваша паслушэнства дайшла да ўсіх; тау я радуюся за вас, але хачу, каб вы былі мудрыя для дабра, беззаганныя для ліха.
 
Бо ваша паслухмянасьць (веры) вядома усім людзям. Дык радуюся з вас, але прагну, каб вы былі мудрэйшымі на добрае ды простымі на благое.

Бог жа міру неўзабаве сатрэ сатану пад вашымі нагамі. Ласка Госпада нашага Ісуса [Хрыста] няхай будзе з вамі. Амін.
 
Бог жа супакою небавам скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Езуса Хрыста з вамі!

Вітаюць вас Цімафей, мой супрацоўнік, і Лукій, Іясан і Сасіпатр, мае сваякі.
 
Вітае вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Люцый, Язон і Сасіпатар, сваякі мае.

Вітаю вас у Госпадзе я, Тэрцый, што пісаў гэты ліст.
 
Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэрцый, які пісаў гэты ліст.

Вітае вас Гаій, госцепрыемец мяне і ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, гарадскі скарбнік, і брат Кварт.
 
Вітае вас Гай, каторы ёсьць гасьцінным для мяне і для ўсяе царквы.

[Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.]
 
Вітае вас Эраст, скарбнік горада, і брат Кварт.

А Таму, Хто можа ўмацаваць вас згодна з маім дабравесцем і пропаведдзю Ісуса Хрыста, згодна з адкрыццём таямніцы, пра якую ад вечных часоў замоўчвалася,
 
Таму ж, каторы мае моц умацаваць вас паводле Эвангельля ды майго вяшчэньня Езуса Хрыста, згодна з аб'яўленай таямніцай, даўнейшым вякам схаванай,

але якая цяпер адкрыта і праз Прароцкія пісанні, паводле загаду вечнага Бога, абвешчана ўсім народам дзеля паслушэнства веры,
 
а цяпер аб'яўленай, і прароцкімі лістамі па загаду спрадвечнага Бога абвешчанай, ўсім народам для паслухмянасьці іх веры,

Адзінаму Мудраму Богу, праз Ісуса Хрыста, — Яму слава навекі, амін.
 
Богу, каторы адзін ёсьць мудры, праз Езуса Хрыста хай будзе хвала ў вякі вечныя. Амэн.