Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Да Рымлянаў 16 Ліст да Рымлянаў 16 разьдзел

1 Даручаю вам Фэбу, сястру нашую, дыяконьніцу царквы ў Кенхрах,
2 каб прынялі яе ў Госпадзе, як належыцца сьвятых прыймаць, і дапамаглі ёй ва ўсіх справах, дзе ваша помач патрэбна, бо яна дапамагала многім і мне самому.
3 Прывітайце Прыску і Аквілю, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Езусе,
4 каторыя для захаваньня майго жыцьця падставілі свае галовы, каторым ня толькі я ўдзячны, але ўсе цэрквы паганаў,
5 а таксама і царкву, што ў іх доме. Прывітайце мне мілага Эпэнэта, каторы першы хрысьціянін у Азіі.
6 Прывітайце Марыю, каторая многа папрацавала для вас.
7 Прывітайце Андроніка і Юнію, сваякоў маіх і вязьняў са мною, праслаўленых сярод апосталаў, каторыя перш за мяне ўверылі ў Хрыста.
8 Прывітайце любага мне ў Госпадзе Ампліята.
9 Прывітайце нашага супрацоўніка ў Хрысьце Урбана ды мілага мне Стахія.
10 Прывітайце выпрабаванага ў Хрысьце Апэлеса. Прывітайце тых, што з дому Арыстабуля.
11 Прывітайце Герадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, што з дому Нарцыза, належачых да Госпада.
12 Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Госпадзе. Прывітайце мілую Пэрсыду, каторая многа папрацавала для Госпада.
13 Прывітайце выбраньніка ў Госпадзе Руфа і матку яго і маю.
14 Прывітайце Асынкрыта, Флегонта, Гермэса, Патроба, Гермаса ды братоў, што разам з імі.
15 Паздароўце Філялёга і Юлію, Нэрэя і яго сястру, Алімпія ды ўсіх сьвятых, што разам з імі.
16 Прывітайце ўзаемна адны другіх сьвятым пацалункам. Вітаюць вас усіх цэрквы Хрыстовыя.
17 Прашу вас яшчэ, браты, сьцеражыцеся тых, што пашыраюць нязгоду і згаршэньні супраць навукі, якой вы навучыліся. Ухіляйцеся ад іх!
18 Такія людзі ня служаць Госпаду нашаму Хрысту, але жывату свайму, і салодкімі словамі і патураючымі зводзяць сэрцы нявінных.
19 Бо ваша паслухмянасьць (веры) вядома усім людзям. Дык радуюся з вас, але прагну, каб вы былі мудрэйшымі на добрае ды простымі на благое.
20 Бог жа супакою небавам скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Езуса Хрыста з вамі!
21 Вітае вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Люцый, Язон і Сасіпатар, сваякі мае.
22 Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэрцый, які пісаў гэты ліст.
23 Вітае вас Гай, каторы ёсьць гасьцінным для мяне і для ўсяе царквы.
24 Вітае вас Эраст, скарбнік горада, і брат Кварт.
25 Таму ж, каторы мае моц умацаваць вас паводле Эвангельля ды майго вяшчэньня Езуса Хрыста, згодна з аб'яўленай таямніцай, даўнейшым вякам схаванай,
26 а цяпер аб'яўленай, і прароцкімі лістамі па загаду спрадвечнага Бога абвешчанай, ўсім народам для паслухмянасьці іх веры,
27 Богу, каторы адзін ёсьць мудры, праз Езуса Хрыста хай будзе хвала ў вякі вечныя. Амэн.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Рымлянаў, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.