1 Браты! Жаданьне сэрца майго ды гарачае маленьне да Бога за іхняе збаўленьне.
2 Сьведчу я ім, што рупяцца яны пра Бога, але не па розуму.
3 Бо, не разумеючы справядлівасьць Божую, яны спрабавалі ўстанавіць сваю справядлівасьць і таму не спаганялі справядлівасьці Божай.
4 Бо канец закону — Хрыстос, для апраўданьня кожнага, хто верыць.
5 Майсей вось піша аб справядлівасьці, якая з закону: "Хто яе споўніў, атрымае праз яе жыцьцё".
6 А справядлівасьць з веры так кажа: "Не кажы ў сэрцы тваім: Хто ўзыйдзе ў неба?", гэта значыць Хрыста зьвесці на зямлю,
7 або: "Хто спусьціцца ў бездань?", гэта значыць Хрыста вывесьці з умёршых.
8 Але што кажа? "Блізка цябе слова, яно ў вуснах тваіх ды ў сэрцы тваім", гэта значыць слова веры, каторае абвяшчаем.
9 Дык калі вуснамі тваімі вызнаеш: "Езус — Госпадам", і ў сэрцы тваім уверыш, што Бог Яго ўваскрасіў з памёршых, будзеш збаўлены.
10 Бо сэрцам верыцца дзеля справядлівасьці, а вызнаецца вуснамі дзеля збаўленьня.
11 Пісаньне бо кажа: "Усякі, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены".
12 Няма бо розьніцы між Юдэем і Грэкам, адзін бо Госпад усіх, шчодры для ўсіх, хто Яго прызывае.
13 Бо кожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены.
14 Як жа могуць прызываць Таго, у каго ня ўверылі? Або як увераць у Таго, аб кім ня чулі? Як жа мелі чуць, калі ім ніхто не вясьціў?
15 Як жа маглі ім вясьціць, калі б не былі пасланыя? Як напісана: "Як прыгожыя ногі тых, каторыя вясьцяць добрую вестку!"
16 Але ня ўсе паслухалі Эвангельля. Ісая вось кажа: "Госпадзе! Хто паверыў чутаму ад нас?"
17 Таму вера — ад слуханьня, а слуханьне — праз слова Хрыстовае.
18 Дык пытаю: Ці яны ня чулі? Але ж: "Па ўсёй зямлі загучэў голас іхні, і словы іхнія аж на край сьвету".
19 Зноўся пытаю: Ці ж Ізраэль не зразумеў? Першы Майсей кажа: "Узбуджу ў вас зайздрасьць праз таго, хто ня ёсьць народам, узбуджу ў вас гнеў праз народ неразумны".
20 А Ісая адважыўся сказаць: "Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне. Яўна аб'явіўся Я тым, каторыя пра Мяне не пыталіся".
21 Да Ізраэля ж так кажа: "Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народу непаслухмянага і ўпорыстага".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Ліст да Рымлянаў, 10 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
