Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Да Рымлянаў 13 Ліст да Рымлянаў 13 разьдзел

1 Хай кожны чалавек будзе паслухмяны вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, як толькі ад Бога. Каторыя ж ёсьць, Богам устаноўлены.
2 Дык хто працівіцца ўладзе, пастанове Бога працівіцца. А каторыя працівяцца Богу, на сябе асуджэньне ўзводзяць.
3 Бо начальнікі страшныя не дабро чынячым, але зло. Ня хочаш баяцца ўлады? Дык паступай добра і будзеш мець пахвалу ад яе.
4 Яна вось ёсьць слугой Божай для твайго дабра. Калі ж зло робіш, бойся, бо яна не надарма меч носіць, бо ёсьць Божай уладай, спаганяючай гнеў на тым, хто робіць зло.
5 Дзеля таго трэба слухаць ня толькі дзеля гневу, але і дзеля сумленьня.
6 Дзеля таго і падаткі плаціце, бо яны з волі Бога спаўняюць сваю ўладу.
7 Аддавайце ўсім належнае: каму падатак — падатак, каму мыта — мыта, каму страх — страх, каму пашану — пашану.
8 Нікому ня будзьце нічога вінаватыя, толькі ўзаемную любоў, бо хто любіць бліжняга, спаўняе закон.
9 Бо прыказаньні: Не чужалож, Не забівай, Не крадзі, Не пажадай ды ўсе іншыя зьмяшчаюцца ў гэтым вось слове: Любі бліжняга свайго як сябе самога.
10 Любоў ня робіць крыўду бліжняму, таму любоў ёсьць дасканалым выпаўненьнем закону.
11 І зразумейце, які цяпер час; што надыйшла для вас пара зо-сну падняцца. Цяпер бо збаўленьне бліжэй нам, чым калі мы ўверылі.
12 Ноч мінула, а дзень наблізіўся. Дык адкіньма ўчынкі цемры і адзеньмася ў зброю сьвятла.
13 Жыйма прыстойна, як у ясны дзень: не ў баляваньнях і п'янствах, не ў распусьце і нячыстасьці, не ў звадцы ды зайздрасьці,
14 але адзеньцеся ў Госпада Езуса Хрыста ды не дагаджайце целу ў пажаданьнях.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Рымлянаў, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.