Да Рымлянаў 8 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Дык няма цяпер ніякагаасуджэння тым, хто ў Хрысце Ісусе [жыве не паводле цела, а паводле духу],
 
Дык вось цяпер тым, што ў Хрысьце Езусе, няма ніякага асуджэньня.

бо закон Духа жыцця ў Хрысце Ісусе вызваліў цябе4 ад закону граху і смерці.
 
Бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Езусе асвабадзіў цябе з-пад закону грэху і сьмерці.

Ботое, што закон не мог, таму што аслабляўся праз цела, Бог, паслаўшы Свайго Сына ў падабенстве цела граху і з прычыны граху, асудзіў грэх у целе,
 
Бо што было немагчымым для закону дзеля кволасьці цела, тое Бог даканаў, пасылаючы Сына свайго ў падобнасьці грэшнага цела ды дзеля грэху, і асудзіў грэх у целе,

каб праведнае патрабаванне закона было выканана ў нас, што ходзяць не паводле цела, а паводле духу.
 
каб апраўданьне закону споўнілася ў нас, што жывем не паводле цела, але паводле Духа.

Бо тыя, што жывуць паводле цела, думаюць пра тое, што ад цела, а тыя, хто паводле духу, — пра тое, што ад Духу.
 
Бо тыя, што жывуць паводле цела, імкнуцца да таго, што хоча цела, а тыя, што жывуць паводле Духа, да таго імкнуцца, чаго хоча Дух.

Бо розум, звернуты да цела, — смерць, а розум, звернуты да духу, — жыццё і мір;
 
Бо імкненьні цела ёсьць сьмерць, а імкненьні Духа — жыцьцё ды супакой.

таму што розум, звернуты да цела, ёсць варажнеча супроць Бога, бо Закону Божаму ён непадпарадкоўваецца, бо ён і не можа.
 
Бо імкненьні цела варожыя Богу, бо не скараюцца закону Божаму і ня могуць.

І тыя, хто ў целе, Богу дагадзіць не могуць.
 
І тыя, што жывуць паводле цела, ня могуць падабацца Богу.

Але вы не ў целе, а ў духу, калі сапраўды Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстова не мае, той не Яго.
 
Вы аднак не жывіцё паводле цела, але паводле Духа, калі толькі Божы Дух прабывае ў вас. А калі хто ня мае Духа Хрыстовага, той Яму не належыць.

Калі ж Хрыстос у вас, то хоць цела мёртвае з-за граху, але дух — гэта жыццё праз праведнасць.
 
А калі Хрыстос прабывае ў вас, то хоць цела сьмяротнае дзеля грэху, але дух жывы дзеля справядлівасьці.

Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў Ісуса з мёртвых, жыве ў вас, то Той, Хто ўваскрэсіў з мёртвых Хрыста, ажывіць і вашы смяротныя целы праз Свайго Духа, які жыве ў вас.
 
А калі ў нас жыве Дух Тога, хто ўваскрасіў Езуса з памёршых, дык Той, хто ўваскрасіў Хрыста з памёршых, уваскрасіць і сьмяротныя целы вашыя праз прабываючага ў вас Духа свайго.

Дык тады, браты, мы даўжнікі не цела, каб згодна з целам жыць,
 
Дык вось, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела.

бо калі вы згодна з целам жывяце, то павінны памерці, калі ж духам умярцвяеце ўчынкі цела, будзеце жыць.
 
Бо калі будзеце жыць паводле цела, памрыцё, а калі духам утаймуеце ўчынкі цела, будзеце жыць.

Бо ўсе, каго водзіць Дух Божы, тыя — сыны Божыя.
 
Бо ўсе тыя, каторых вядзе Дух Божы, ёсьць сыны Божыя.

Бо вы атрымаліне дух рабства, зноў на страх, але атрымалі Дух усынаўлення, у Якім усклікваем: «Авва, Татухна!»
 
Вы ж не атрымалі духа няволі, каб зноў жыць у страху, але атрымалі вы Духа ўсынаўленьня, у якім клічам: "Абба, Ойча!"

Сам Дух сведчыць нашаму духу, што мы дзеці Божыя.
 
Той сам Дух сьведчыць духу нашаму, што мы — сыны Божыя.

Калі ж дзеці, то і нашчадкі; нашчадкі — Божыя, сунашчадкі з Хрыстом, калі мы сапраўды з Ім пакутуем, каб з Ім і быць праслаўленымі.
 
А калі сыны, дык і спадкаемцы; спадкаемцы Бога, суспадчыньнікі Хрыста, калі толькі з Ім разам церпім, каб разам з Ім і ўславіцца.

Бо я лічу, што пакуты цяперашняга часу не вартыя нават параўнання з тою славаю, якой належыць адкрыцца ў нас.
 
Бо ўважаю, што цяперашніх цярпеньняў нельга параўнаць з будучай хвалой, якая аб'явіцца ў нас.

Бо стварэнне з надзеяй чакае адкрыцця сыноў Божых.
 
Стварэньне бо прагна чакае аб'яўленьня сыноў Божых.

Бо стварэнне было падпарадкавана марнасці не самахоць, а з-за таго, хто падпарадкаваў яго, у надзеі,
 
Бо стварэньне паддалося марнасьці не самахоць, але па волі Таго, хто паддаў, з надзеяй,

што і само стварэнне будзе вызвалена ад рабства тлення ў свабоду славы дзяцей Божых.
 
што і стварэньне таксама будзе асвабоджана з няволі сапсуцьця, каб удзельнічаць у свабодзе ды хвале дзяцей Божых.

Бо мы ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і мучыцца родамі дагэтуль;
 
Ведаем бо, што ўсё стварэньне дагэтуль стогне і мучыцца.

і не толькі — але і мы самі, тыя, хто мае пачатак Духа, нават мы самі ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, выкупу нашагацела.
 
Ды ня толькі стварэньне, але і мы самі, маючыя пачатак Духа, і мы ўнутры ўздыхаем, чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага.

Бо мы былі выратаваны ў надзеі. Але надзея, калі бачаць, не ёсць надзея: бо хто спадзяецца на тое, што бачыць?
 
Бо мы ўжо збаўленыя надзеяй. Аднак надзея бачаная — гэта не надзея. Бо калі хто бачыць, дык пашто яму спадзявацца?

Калі ж мы спадзяёмся на тое, чаго не бачым, то чакаем яго са стойкасцю.
 
Калі аднак ня бачым, тады спадзяёмся ды з цярплівасьцю чакаем.

А гэтак жа і Дух дапамагае ў нашай слабасці: бо мы не ведаем, аб чым нам маліцца, як належыць, але Сам Дух заступаецца [за нас] стогнамі невымоўнымі.
 
Падобна і Дух успамагае нашу кволасьць. Бо мы ня ведаем, пра што маліцца, як трэба, але сам Дух заступаецца за нас у невыслоўных просьбах.

Але Той, Хто даследуе сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, таму што Ён згодна з Богам уступаецца за святых.
 
Той жа, хто пранікае сэрца, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за сьвятых па волі Божай.

І мы ведаем, што тым, хто любіць Бога, пакліканым паводле Яго вызначэння, усё спрыяе на добрае.
 
Ведаем таксама, што ўсё садзейнічае на дабро тым, што любяць Бога, ды каторыя пакліканыя па Яго пастанове.

бо тых, каго Ён наперад пазнаў, тым наперад і вызначыў быць падобнымі да вобраза Яго Сына, каб Ён быў Першародны між многіх братоў;
 
Бо тых, якіх Ён спрадвеку пазнаў, тых Ён прызначыў стацца падобнымі да вобразу Сына свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі.

а каго наперад вызначыў, тых і паклікаў; а каго Ён паклікаў, тых і апраўдаў; а каго Ён апраўдаў, тых і праславіў.
 
Тых жа, каторых прызначыў, тых і паклікаў, а каторых паклікаў, тых і апраўдаў, а каторых апраўдаў, тых і ўславіў.

Дык што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супроць нас?
 
Дык што на гэта скажам? Калі Бог з намі, дык хто супраць нас?

Сапраўды, Той, Хто Свайго Сына не пашкадаваў, а аддаў Яго за ўсіх нас, як разам з Ім не даруе нам і ўсяго?
 
Той, хто не пашкадаваў Сына свайго, але выдаў Яго за ўсіх нас, як жа Ён не даруе і нам разам з Ім усяго?

Хто пачне абвінавачваць выбранцаў Божых? Сам Бог апраўдвае.
 
Хто будзе вінаваціць выбраньнікаў Божых? Бог, каторы апраўдвае?

Хто асуджае? Хрыстос Ісус памёрі, больш таго, быў уваскрэшаны, і Ён праваруч Бога, і Ёнхадайнічае за нас.
 
Хто Той, што іх будзе асуджаць? Хрыстос Езус, што (за нас) памёр і ўваскрос, і сядзіць па правіцы Бога ды каторы заступаецца за нас?

Хто нас адлучыць ад любові Хрыстовай? Гора ці ўціск, ці ганенне, ці голад, ці галізна, ці небяспека, ці меч?
 
Дык хто ж можа адлучыць нас ад любові Хрыстовай? Ці гора, ці прыгнёт, ці пераследаваньне, ці голад, ці нястача, ці небясьпека, ці меч?

Як напісана: «За Цябе нас умярцвяюць цэлы дзень, нас палічылі за авечак, ахвяраваных на зарэз».
 
Як напісана: "Дзеля Цябе нас забіваюць увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз".

Але ва ўсім гэтым мы больш чым перамагаем праз Таго, Хто палюбіў нас.
 
Але ва ўсім гэтым атрымоўваем перамогу праз Таго, хто палюбіў нас.

Бо я ўпэўнены, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы,
 
Бо я ўпэўнены, што ані сьмерць, ані жыцьцё, ані анёлы, ані вярхоўнасьці, ані справы цяперашнія, ані будучыя, ані магуцьці,

ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа нас адлучыць ад любові Божай у Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе.
 
ані вышыня, ані глыбіня, ані якое-колечы стварэньне ня зможа нас адлучыць ад любові Бога, якая ў Хрысьце Езусе, Госпадзе нашым.