Да Рымлянаў 8 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Такім чынам — няма сёньня ніякай асуды тым, хто ў Ісусе Хрысьце жыве не паводле плоці, а паводле духу,
Дык вось цяпер тым, што ў Хрысьце Езусе, няма ніякага асуджэньня.
бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закона грэху і сьмерці.
Бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Езусе асвабадзіў цябе з-пад закону грэху і сьмерці.
Як закон, аслаблены плоцьцю, быў бясьсільны, дык Бог паслаў Сына Свайго ў падабенстве плоці грахоўнай у ахвяру за грэх, і асудзіў грэх у плоці,
Бо што было немагчымым для закону дзеля кволасьці цела, тое Бог даканаў, пасылаючы Сына свайго ў падобнасьці грэшнага цела ды дзеля грэху, і асудзіў грэх у целе,
каб апраўданьне закона спраўдзілася ў нас, хто не паводле плоці жыве, а паводле Духа.
каб апраўданьне закону споўнілася ў нас, што жывем не паводле цела, але паводле Духа.
Бо, хто жыве паводле плоці, пра плоцкае думае, а хто жыве паводле Духа — пра духоўнае.
Бо тыя, што жывуць паводле цела, імкнуцца да таго, што хоча цела, а тыя, што жывуць паводле Духа, да таго імкнуцца, чаго хоча Дух.
Помыслы плоцкія — сьмерць, а помыслы Духа — жыцьцё і мір,
Бо імкненьні цела ёсьць сьмерць, а імкненьні Духа — жыцьцё ды супакой.
бо помыслы плоці — гэта варожасьць да Бога; бо закону Божаму не ўпакорваюцца, ды і ня могуць.
Бо імкненьні цела варожыя Богу, бо не скараюцца закону Божаму і ня могуць.
А таму тыя, што жывуць паводле плоці, Богу дагадзіць ня могуць.
І тыя, што жывуць паводле цела, ня могуць падабацца Богу.
Але вы не паводле плоці жывяце, а паводле Духа, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны.
Вы аднак не жывіцё паводле цела, але паводле Духа, калі толькі Божы Дух прабывае ў вас. А калі хто ня мае Духа Хрыстовага, той Яму не належыць.
А калі Хрыстос у вас, дык цела мёртвае для грэху, а дух жывы для праведнасьці.
А калі Хрыстос прабывае ў вас, то хоць цела сьмяротнае дзеля грэху, але дух жывы дзеля справядлівасьці.
Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, хто ўваскрэсіў Хрыста зь мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.
А калі ў нас жыве Дух Тога, хто ўваскрасіў Езуса з памёршых, дык Той, хто ўваскрасіў Хрыста з памёршых, уваскрасіць і сьмяротныя целы вашыя праз прабываючага ў вас Духа свайго.
Дык вось, браты, мы не даўжнікі плоці, каб жыць паводле плоці;
Дык вось, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела.
бо, калі жывяце паводле плоці, дык памраце, а калі Духам нішчыце ўчынкі плоцкія, жыць будзеце;
Бо калі будзеце жыць паводле цела, памрыцё, а калі духам утаймуеце ўчынкі цела, будзеце жыць.
бо ўсе, каго водзіць Дух Божы, — сыны Божыя;
Бо ўсе тыя, каторых вядзе Дух Божы, ёсьць сыны Божыя.
бо вы не прынялі Духа рабства, каб зноў жыць у страху, а прынялі Духа ўсынаўленьня, Якім заклікаем: Авва, Войча!
Вы ж не атрымалі духа няволі, каб зноў жыць у страху, але атрымалі вы Духа ўсынаўленьня, у якім клічам: "Абба, Ойча!"
Гэты самы Дух сьведчыць духу нашаму, што мы — дзеці Божыя.
Той сам Дух сьведчыць духу нашаму, што мы — сыны Божыя.
А калі дзеці, дык і спадкаемцы Божыя, супольныя спадкаемцы Хрыстовыя, калі толькі зь Ім пакутуем, каб зь Ім і праславіцца.
А калі сыны, дык і спадкаемцы; спадкаемцы Бога, суспадчыньнікі Хрыста, калі толькі з Ім разам церпім, каб разам з Ім і ўславіцца.
Бо думаю, што цяперашнія часовыя пакуты нічога ня вартыя ў параўнаньні з тою славаю, якая адкрыецца ў нас.
Бо ўважаю, што цяперашніх цярпеньняў нельга параўнаць з будучай хвалой, якая аб'явіцца ў нас.
Бо стварэньне з надзеяй чакае сыноў Божых, —
Стварэньне бо прагна чакае аб'яўленьня сыноў Божых.
таму што стварэньне скарылася марнасьці не па добрай волі, а па волі таго, хто ўпакорыў (яго), спадзяючыся,
Бо стварэньне паддалося марнасьці не самахоць, але па волі Таго, хто паддаў, з надзеяй,
што і само стварэньне вызвалена будзе з рабства тленьня ў свабоду славы дзяцей Божых.
што і стварэньне таксама будзе асвабоджана з няволі сапсуцьця, каб удзельнічаць у свабодзе ды хвале дзяцей Божых.
Бо ведаем, што ўсе стварэньні енчаць і пакутуюць дагэтуль;
Ведаем бо, што ўсё стварэньне дагэтуль стогне і мучыцца.
і ня толькі яны, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы ў сабе енчым, чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага.
Ды ня толькі стварэньне, але і мы самі, маючыя пачатак Духа, і мы ўнутры ўздыхаем, чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага.
Бо мы ўратаваныя праз надзею. А надзея, калі бачыць, ня ёсьць надзея; бо, калі хто бачыць, дык навошта ж яму і спадзявацца?
Бо мы ўжо збаўленыя надзеяй. Аднак надзея бачаная — гэта не надзея. Бо калі хто бачыць, дык пашто яму спадзявацца?
Але калі спадзяёмся на тое, чаго ня бачым, тады чакаем цярпліва.
Калі аднак ня бачым, тады спадзяёмся ды з цярплівасьцю чакаем.
Гэтак сама і Дух мацуе (нас) у нямогласьцях нашых; бо мы ня ведаем, за што маліцца, як трэба, а Сам Дух заступаецца за нас уздыханьнямі нявымоўнымі.
Падобна і Дух успамагае нашу кволасьць. Бо мы ня ведаем, пра што маліцца, як трэба, але сам Дух заступаецца за нас у невыслоўных просьбах.
А Той, Хто выпрабоўвае сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён рупіцца за сьвятых, па волі Божай.
Той жа, хто пранікае сэрца, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за сьвятых па волі Божай.
Пры гэтым ведаем, што тым, хто любіць Бога, хто пакліканы па Ягонай пастанове, усё спрыяе на добрае;
Ведаем таксама, што ўсё садзейнічае на дабро тым, што любяць Бога, ды каторыя пакліканыя па Яго пастанове.
бо каго Ён наперад уведаў, тым і наканаваў (быць) падобнымі да вобраза Сына Свайго, каб Ён быў першародны сярод многіх братоў;
Бо тых, якіх Ён спрадвеку пазнаў, тых Ён прызначыў стацца падобнымі да вобразу Сына свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі.
а каго Ён наканаваў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў.
Тых жа, каторых прызначыў, тых і паклікаў, а каторых паклікаў, тых і апраўдаў, а каторых апраўдаў, тых і ўславіў.
Што ж сказаць на гэта? Калі Бог за нас, хто супроць нас?
Дык што на гэта скажам? Калі Бог з намі, дык хто супраць нас?
Той, Хто Сына Свайго не пашкадаваў, а аддаў Яго за ўсіх нас, як зь Ім не даруе нам і ўсяго?
Той, хто не пашкадаваў Сына свайго, але выдаў Яго за ўсіх нас, як жа Ён не даруе і нам разам з Ім усяго?
Хто будзе вінаваціць выбранцаў Божых? Бог апраўдае іх.
Хто будзе вінаваціць выбраньнікаў Божых? Бог, каторы апраўдвае?
Хто асуджае? Хрыстос (Ісус) памёр, але і ўваскрэс: Ён і праваруч Бога, Ён і заступнік за нас.
Хто Той, што іх будзе асуджаць? Хрыстос Езус, што (за нас) памёр і ўваскрос, і сядзіць па правіцы Бога ды каторы заступаецца за нас?
Хто адлучыць нас ад любові Божай: скруха, ці ўціск, ці ганеньне, ці голад, ці галеча, ці небясьпека, ці меч? як напісана:
Дык хто ж можа адлучыць нас ад любові Хрыстовай? Ці гора, ці прыгнёт, ці пераследаваньне, ці голад, ці нястача, ці небясьпека, ці меч?
«за Цябе забіваюць нас кожнага дня; лічаць нас за авечак, на зарэз асуджаных».
Як напісана: "Дзеля Цябе нас забіваюць увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз".
Але ўсё гэта пераадольваем сілаю Таго, Хто палюбіў нас.
Але ва ўсім гэтым атрымоўваем перамогу праз Таго, хто палюбіў нас.
Бо я ўпэўнены, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні анёлы, ні Пачаткі, ні Сілы, ні сёньняшняе, ні будучае,
Бо я ўпэўнены, што ані сьмерць, ані жыцьцё, ані анёлы, ані вярхоўнасьці, ані справы цяперашнія, ані будучыя, ані магуцьці,
ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любові Божай у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
ані вышыня, ані глыбіня, ані якое-колечы стварэньне ня зможа нас адлучыць ад любові Бога, якая ў Хрысьце Езусе, Госпадзе нашым.