Да Рымлянаў 11 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Дык вось пытаюся: няўжо Бог адкінуў народ Свой? Зусім не. Бо і я Ізраільцянін, ад семені Абрагамавага, з роду Веньямінавага.
Дык пытаюся: Няўжо адкінуў Бог народ свой! Ніякім чынам! Бо і я Ізраэлец з насеньня Абрагама, з пакаленьня Бэн'яміна.
Не адкінуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Хіба ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю? Як ён скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:
Не адкінуў Бог народу свайго, які раней выбраў. Ці ня ведаеце, што Пісаньне кажа аб Гальяшу, як ён скардзіцца Богу на Ізраэля:
«Госпадзе! прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і маёй душы шукаюць».
"Госпадзе! Прарокаў Тваіх пазабівалі, аўтары Твае паразвальвалі, застаўся я толькі адзін, і маю душу шукаюць".
Што ж кажа яму (Божы) адказ? «Я захаваў Сабе сем тысяч чалавек, якія ня схілілі каленяў перад Ваалам».
Ды як гучаў яму адказ Божы? "Пакінуў Я сабе сем тысяч мужоў, каторыя не ўкленчылі перад Баалам".
Так і ў сёньняшні час, пасьля выбраньня мілаты, захавалася рэшта.
Так вось і ў наш час захавалася Астача, выбраная ласкай.
Але, калі паводле мілаты, дык не паводле дзеяў; інакш мілата ня была б ужо мілатою. А калі паводле дзеяў, дык гэта ўжо не мілата; інакш дзея ня ёсьць ужо дзея.
А калі з ласкі, дык не за ўчынкі, інакш вось ласка не была б ужо ласкай.
А што? Ізраіль, чаго шукае, таго не атрымаў; а выбраныя атрымалі, а астатнія ажарсьцьвелі,
Дык што ж? Чаго шукаў Ізраэль, таго не атрымаў, дасягнулі толькі выбраныя, а іншыя асьлеплі,
як напісана: «Бог даў ім дух усыпленьня, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да гэтага дня».
як напісана: "Даў ім Бог духа дрымоты, вочы, каб ня бачылі, і вушы, каб ня чулі, аж па сёньняшні дзень".
І Давід кажа: «хай будзе трапеза іхняй сеткай, цянётамі і пятлёю на расплату ім;
І Давід кажа: "Хай стол іх станецца ім сілом, і пасткаю, і спакусаю ды адплатаю ім.
хай запамрочацца іхнія вочы, каб ня бачылі, і хрыбет іхні хай сагнецца назаўсёды».
Хай вочы іх зацьмяцца, каб ня бачылі, а хрыбет іх хай сагнецца назаўсёды.
І вось, я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб зусім упасьці? Зусім не! Але ад іхняга падзеньня выратаваньне язычнікам, каб абудзіць у іх рупнасьць.
Дык пытаю: Ці ж бы яны спатыкнуліся, каб упасьці? Ніякім чынам! Але іхні ўпадак стаўся для паганаў збаўленьнем, каб прынукнуць іх да руплівасьці.
Калі ж падзеньне іхняе — багацьце сьвету, і зьмізарненьне іхняе — багацьце язычнікам, дык тым большая паўната іхняя.
Калі іх упадак стаўся багацьцем для сьвету, і паніжэньне іх — узбагачэньнем паганам, дык тым больш іх поўня.
Вам кажу, язычнікам: як апостал язычнікаў, я праслаўляю служэньне маё;
Вам жа, паганам, кажу: Пакуль застаюся апосталам паганаў, ганаруся сваёй паслугай,
ці не абуджу руплівасьць у братах маіх па плоці і ці не ўратую некаторых зь іх?
у той надзеі, што можа выклічу руплівасьць сваіх сваякоў паводле цела і хоць некаторых прывяду да збаўленьня.
Бо, калі адкіданьне іх ёсьць замірэньне сьвету, дык што будзе прыняцьце, як ня жыцьцё зь мёртвых?
Бо калі іх адкід прынёс сьвету прымірэньне, то чым жа будзе іх прыняцьцё, калі не жыцьцё памёршых.
Калі пачатак сьвяты, дык і цэлае, і калі корань сьвяты, дык і вецьце.
Бо калі рашчына сьвятая, дык і цеста, і калі корань сьвяты, то і галіны.
Калі ж некаторыя галіны адламаліся, а ты, дзікая аліва, прышчапілася на месца іхняе і сталася супольніцай кораня і соку алівы,
Калі ж некаторыя галіны былі адламаныя, а на іх месца ты быў прышчэплены, што быў аліўнай дзічкай, ды разам (з іншымі галінамі) з тым самым коранем злучаны, роўна з іншымі карыстаўся аліўнымі сокамі,
дык не заносься перад галінамі; а калі заносішся, ведай, што ня ты корань трымаеш, а корань — цябе.
дык не ганарыся адносна тых галінаў, бо калі будзеш вывышацца, то ведай, што не ты ажыўляеш корань, але ён цябе.
Скажаш: галіны адламаліся, каб мне прышчапіцца.
Можа скажаш: "Адламаны галіны, каб я быў прышчэплены".
Добра. Яны адламаліся зь няверства, а ты трымаешся вераю; ня мудруй высока, а бойся.
Слушна; адламалі іх дзеля недаверства, а ты трымаешся верай. Таму не вывышайся, але сьцеражыся.
Бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, дык глядзі, ці пашкадуе цябе.
Бо калі Бог не пашкадаваў галін прыродных, можа таксама не пашкадаваць і цябе.
Дык вось бачыш даброць і строгасьць Божую: строгасьць да адпалых, а даброць да цябе, калі жыцьмеш у даброці Божай, інакш і ты будзеш адцяты.
Дык уважай на дабрату ды суровасьць Божую: на суровасьць адносна тых, што ўпалі, і дабрату Божую да цябе, калі толькі вытрываеш у гэтай дабраце, бо інакш і ты будзеш адкінуты.
Але і тыя, калі не застануцца ў няверстве, прышчэпяцца, бо Бог мае моц зноў прышчапіць іх.
Але і яны, калі ня будуць трываць у недаверстве, будуць ушчэплены, бо Бог мае моц ізноў іх ушчапіць.
Бо калі ты адцяты ад прыроднай дзічкі-алівы, і не па прыродзе прышчапіўся да высакароднай алівы, дык тым болей гэтыя прыродныя прышчэпяцца да сваёй алівы.
Бо калі быў ты адсечаны ад прырднай табе аліўнай дзічкі і насупраць прыродзе ўшчэплены ў добрую аліўку, дык тым лягчэй могуць быць прышчэплены ў сваю аліўку тыя, каторыя да яе з прыроды належаць.
Бо не хачу пакінуць вас, браты, у патайноце гэтай (каб вы не задаваліся дужа сабою), што ажарсьцьвеньне спасьцігла Ізраіля часткова, да той пары, пакуль ня ўвойдуць усе язычнікі,
Не хачу, браты, каб вы ня ведалі гэтае таямніцы, каб вы не лічылі сябе залішне мудрымі, бо сьляпата дакранула Ізраэля толькі часткова, пакуль увойдзе поўня паганаў.
і так увесь Ізраіль уратуецца, як напісана: «прыйдзе з Сыёна Збаўца і адверне бязбожнасьць ад Якава;
І тады ўвесь Ізраэль будзе збаўлены, як напісана: "Прыйдзе з Сыёну Выбавіцель, Ён адверне бязбожнасьць ад Якуба.
і гэта запавет ім ад Мяне, калі здыму зь іх грахі іхнія».
Ды гэта будзе Мой запавет з імі, калі здыму з іх грахі іхнія".
Што да Дабравесьця, дык яны ворагі вам; а што да выбраньня любасьнікі Божыя ад бацькоў;
Паводле Эвангельля яны — ворагі для вас, а паводле выбранства — умілаваныя дзеля бацькоў.
бо дары і пакліканьне Божае — адмяніць нельга.
Бо дары і пакліканьне Божае нязьменныя.
Як і вы колісь былі неслухі ў Бога, а цяпер памілаваныя, празь непаслушэнства іхняе, —
Як і вы калісьці ня верылі Богу, а цяпер даступіліся міласэрдзя дзеля іх няверства,
так і яны цяпер неслухі на памілаваньне ваша, каб і самім быць памілаванымі.
так і яны цяпер сталіся непаслухмянымі дзеля аказанага вам міласэрдзя, каб і самі маглі атрымаць міласэрдзе.
Бо ўсіх замкнуў Бог у непаслушэнства, каб усіх памілаваць.
Бо замкнуў Бог ўсіх у непаслухмянасьць, каб усім аказаць сваё міласэрдзе.
О, бездань багацьця і мудрасьці і веданьня Божага! якія неспасьцігальныя суды Ягоныя і недасьледныя шляхі Ягоныя!
О, глыбіня багацьця, і мудрасьці, і веданьня Божага! Як недасьледныя суды Ягоныя і не прасочаны шляхі Ягоныя!
«Бо хто спазнаў розум Гасподні? Або хто дарадца Яму?
Бо хто калі пазнаў думку Госпада? Або хто быў дарадчыкам Ягоным?
Або хто даў Яму наперад, каб Ён мусіў аддаць?»
Або хто першы адарыў Яго, каб Ён меў каму аднагарадзіцца?
Бо ўсё зь Яго, празь Яго і да Яго. Яму слава навекі вякоў. Амін.
Бо ўсё ад Яго, праз Яго і ў Яго. Яму хвала ў вякі! Амэн.