Да Рымлянаў 9 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
 
Праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу, сьведчыць аб гэтым маё сумленьне ў Духу Сьвятым,

што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму:
 
што адчуваю вялікі смутак і няспынны боль у сэрцы маім.

я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці;
 
Я бо гатовы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела,

гэта азначае, Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні;
 
якія ёсьць Ізраэльцы, маючыя ўсынаўленьне і хвалу, і запавет, і законы, і служэньне (Богу) ды абяцаньні,

іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па плоці, існы над ўсім Бог, дабраславёны навекі, амін.
 
да якіх належаць бацькі, і з якіх Хрыстос паводле цела, які ёсьць па-над усімі, Бог багаслаўлены ў вякі вечныя. Амэн.

Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля,
 
Гэта ня значыць, што Слова Божае ня зьдзейсьнілася. Бо ня ўсе, што з Ізраэля — Ізраэльцы.

і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): «у Ісааку назавецца табе семя».
 
Ды ня ўсе нашчадкі Абрагама яго сыны, але: "Ад Ізаака будзе названа тваё патомства".

Гэта значыцца, ня плоцкія дзеці — дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя.
 
Гэта значыць, што не сыны паводле цела ёсьць сынамі Божымі, але сыны абяцаньня лічацца патомствам;

А слова абяцаньня такое: «у гэты самы час прыйду, а ў Сары будзе сын».
 
слова ж абяцаньня такое: "Прыйду ў той самы час, і Сара будзе мець сына".

І не адно гэта; а гэтак сама было і з Рэбэкаю, калі яна зачала ў адзін час двух сыноў ад Ісаака, бацькі нашага;
 
Ды ня толькі яна, але і Рэбэка пачала за адзін раз (блізьняты) ад бацькі нашага Ізаака.

бо калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага альбо благога (каб у пастанове Бог быў вольны выбіраць
 
Калі яны былі яшчэ не народжаны ды нічога не ўчыніўшы: ані дабра, ані зла, каб зьдзейсьніўся Божы намер выбраньня,

залежна не ад учынкаў, а ад Таго, Хто кліча), — сказана было ёй: «большы будзе ў паслужэньні ў меншага»,
 
не дзеля ўчынкаў, але з волі Клікаючага: "Старэйшы будзе служыць малодшаму",

як і напісана: «Якава Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў».
 
як напісана: "Якуба ўзьлюбіў, а Эзава зьненавідзеў".

Што ж скажам? Няўжо несправядлівасьць у Бога? Зусім не!
 
Што скажам на гэта? Няўжо Бог несправядлівы? Ніякім чынам!

Бо Ён кажа Майсею: «каго мілаваць, памілую; каго шкадаваць, пашкадую».
 
Ён бо кажа Майсею: "Я пашкадую таго, каго захачу пашкадаваць, ды буду міласьцівы таму, каму захачу быць міласьцівым".

Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе.
 
Гэта залежыць ані ад таго, хто хоча, ані ад таго, хто намагаецца, але ад Бога міласэрнага.

Бо Пісаньне кажа фараону: «На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі».
 
Бо ў Пісаньні кажа (Бог) фараону: "Дзеля таго Я захаваў цябе, каб паказаць на табе магутнасьць сваю, ды каб слаўлена было імя Маё па ўсёй зямлі".

Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім.
 
Дык, каго хоча, шкадуе, і каго хоча, робіць жорсткім.

Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай?
 
Дык можа скажаш мне: "Чаму тады вінаваціць? Хто бо зможа супрацівіцца волі Ягонай?"

А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў?
 
Чалавеча! Хто ты такі, каб мог спрачацца з Богам? Ці ж можа посуд гліняны пытацца ў таго, хто яго зьляпіў: "Чаму ты мяне такім зьляпіў?"

Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі — на буднае?
 
Ці ж ганчар ня мае ўлады, каб з таго самога месіва зрабіць адну пасудзіну для пачэснага ўжытку, а другую — для простага ўжытку?

Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель,
 
Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў свой або выявіць магутнасьць сваю, з вялікім цярпеньнем ашчаджаў начыньні гневу, прызначаныя на загубу,

каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, —
 
ды, каб выявіць багацьце хвалы сваёй над начыньнямі міласэрдзя, каторыя наперад прыгатаваў на хвалу,

над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў?
 
адносна нас, каторых паклікаў ня толькі з-пасярод Юдэяў, але таксама з-паміж паганаў?

Як і ў Асіі кажа: «ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю».
 
Як кажа пра гэта ў Осіі: "Ня Мой народ назаву Маім народам, а Нялюбую — Любай".

І на тым месцы, дзе сказана ім: «вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога».
 
І на тым месцы, дзе ім было сказана: "Вы — ня Мой народ, там называны будуць сынамі Бога жывога".

А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: «хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца;
 
А Ісая вясьціў пра Ізраэля: "Хоць бы лік сыноў Ізраэля быў як пясок, (толькі) Астача будзе збаўлена.

бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі».
 
Бо Госпад зьдзейсьніць на зямлі сваё слова рашуча ды без адкладу".

І як прадказаў Ісая: «калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы».
 
І як таксама прадказаў Ісая: "Калі б Госпад Магуцьцяў не пакінуў нам патомства, сталі бы мы як Садома ды былі б падобнымі да Гаморы".

Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры;
 
Дык што можам сказаць? Што пагане, якія не спаганялі справядлівасьці, атрымалі справядлівасьць, але справядлівасьць з веры.

а Ізраіль, які шукаў закона праведнасьці, не дайшоў да закона праведнасьці.
 
А Ізраэль, спаганяючы закон справядлівасьці, да закону не дайшоў.

Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закона; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,
 
Чаму? Бо спаганяў справядлівасьць ня з веры, але з ўчынкаў. Яны спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,

як напісана: «вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца».
 
як напісана: "Вось жа кладу на Сыёне камень спатыкненьня і скалу згаршэньня. Хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены".