Да Рымлянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Дык вось, у чым жа перавага быць Юдэем, альбо якая карысьць ад абразаньня?
 
У чым жа перавага Юдэяў? Або якая карысьць з абразаньня?

Вялікая, ва ўсіх праявах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае.
 
Вялікая ў-ва ўсіх адносінах. Перш таму, што ім даверана Слова Божае.

Бо што ж? калі некаторыя ня верылі, хіба ж няверства іхняе зьнішчыць вернасьць Божую?
 
Што з таго, што некаторыя не паверылі? Ці ж іх недаверства зьнявечыць вернасьць Божую?

Зусім не. Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Ты праведны ў словах Тваіх і пераможаш, у судзе Тваім».
 
Ніякім чынам! Бо Бог ёсьць верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: "Каб Ты апраўдаўся ў словах Тваіх ды перамог, калі судзіць Цябе будуць".

А калі нашая няпраўда выяўляе праўду Божую, дык што скажам? няўжо будзе Бог несправядлівы, калі паказвае гнеў? — кажу, па-чалавечы разважаючы.
 
Калі ж нашая несправядлівасьць увыразьняе Божую справядлівасьць, дык што можам сказаць? Ці Бог несправядлівы, калі выяўляе гнеў? — Кажу па-чалавечаму.

Зусім не. Бо як жа тады Богу судзіць сьвет?
 
Ніякім чынам! Бо як жа тады Бог будзе судзіць сьвет?

Бо, калі вернасьць Божая ўзвышаецца маёю нявернасьцю на славу Божую, завошта яшчэ мяне ж судзіць, як грэшніка?
 
Бо калі праз маю хлусьню праўда Божая тым больш выяўляецца на хвалу Ягоную, дык якім чынам я маю быць суджаны як грэшнік?

І ці ж не рабіць нам зло, каб выйшла на дабро, як некаторыя ўпікаюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Справядлівы суд на такіх.
 
Дык як некаторыя нас ачарняюць і кажуць, што мы так вучым: "Чынема зло, каб выйшла дабро"? Справядлівая кара такім.

Дык што ж? ці маем мы перавагу? Зусім не; бо мы ўжо даказалі, што як Юдэі, так і Эліны, усе пад грэхам,
 
Дык што? Ці мы маем перавагу? Ніякім чынам! Ужо раней мы даказалі, што і Юдэі, і Грэкі — усе пад уладай грэху,

як напісана: «няма праведнага аніводнага;
 
як напісана: "Нікога няма справядлівага,

няма, хто разумеў бы; няма, хто Бога шукаў бы;
 
ніхто не разумее, ніхто не шукае Бога,

усе зьбіліся з тропу, нягодныя сталіся ўсе: няма, хто тварыў бы дабро, няма аніводнага».
 
усе зыйшлі з дарогі, усе разам сталіся нягоднымі. Няма, хто б чыніў дабро, няма аніводнага.

Горла іхняе — дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком; атрута асьпідаў у іх на губах;
 
Горла іх — магіла адкрытая, языкамі сваімі падманваюць, у вуснах іхніх — яд зьмяіны,

вусны ў іх поўныя ліхаслоўя і горычы.
 
вусны іхнія поўныя праклёнаў і горычы;

Ногі ў іх борздыя на праліваньне крыві;
 
ногі іхнія скорыя да праліцьця крыві,

разбурэньне і згубнасьць на іхніх дарогах;
 
зьнішчэньне ды няшчасьце на іхніх дарогах,

яны ня ведаюць шляхоў міру.
 
яны не спазналі шляху супакою.

Няма страху Божага перад вачамі ў іх».
 
Няма страху Божага перад вачыма іхнімі".

А мы ведаем, што закон, калі што гаворыць, гаворыць да тых, хто пад законам, так што замыкаюцца ўсякія вусны, і ўвесь сьвет робіцца вінаваты перад Богам,
 
А мы ведаем, што ўсё, што кажа закон, гаворыць да тых, што пад законам, каб замкнуць усім вусны ды каб увесь сьвет прызнаў сябе вінаватым перад Богам;

бо дзеямі закона не апраўдаецца перад Ім ніякая плоць; бо законам спазнаецца грэх.
 
бо ўчынкамі закону ніводзін чалавек ня зможа перад Ім апраўдацца; бо праз закон пазнаецца грэх.

Але сёньня, незалежна ад закона, зьявілася праведнасьць Божая, пра якую сьведчаць закон і прарокі,
 
Але цяпер выявілася справядлівасьць Божая незалежна ад закону, аб якой сьведчаць Закон і Прарокі,

праведнасьць Божая празь веру ў Ісуса Хрыста ва ўсіх і на ўсіх вернікаў; бо няма розьніцы,
 
справядлівасьць Божая праз веру ў Езуса Хрыста для ўсіх, што (у Яго) вераць. Бо няма розьніцы,

бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай,
 
таму што ўсе саграшылі і пазбаўлены хвалы Божай,

атрымліваючы апраўданьне дарам, паводле мілаты Ягонай, адкупленьнем у Ісусе Хрысьце,
 
апраўданьне ж атрымоўліваюць дарма праз ласку Ягоную, праз адкупленьне, якое ў Езусе Хрысьце;

Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай празь веру, для паказу справядлівасьці Ягонай ў дараваньні грахоў, учыненых раней,
 
Яго вось устанавіў Бог перамольнай ахвярай праз веру ў Ягонай крыві для выяўленьня справядлівасьці сваёй адносна грахоў раней учыненых,

у доўгім цярпеньні Божым, для паказу справядлівасьці Ягонай ў сёньняшні час, — хай зьявіцца Ён справядлівы і апраўдае таго, хто веруе ў Ісуса.
 
у час цярплівасьці Божай, для выяўленьня справядлівасці Яго ў гэты час, каб Ён сам аказаўся справядлівым і апраўдываючым таго, хто верыць у Езуса.

Дзе ж тое, чым пахваліцца? зьнішчана. Якім законам? законам учынкаў? Не, а законам веры.
 
Дзе ж тады прычына для хвальбы? Адкідаецца! Якім законам? Ці законам учынкаў? Не, але законам веры.

Бо мы прызнаём, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад дзеяў закона.
 
Мы бо перакананыя, што чалавек атрымоўвае апраўданьне праз веру, незалежна ад учынкаў закону.

Няўжо Бог ёсьць Бог Юдэяў толькі, а не й язычнікаў? Вядома, і язычнікаў;
 
Ці ж Бог ёсьць Богам толькі Юдэяў? Ці не паганаў таксама? Ведама, і паганаў,

бо адзін Бог, Які апраўдае абрэзаных па веры і неабрэзаных празь веру.
 
адзін бо ёсьць Бог, каторы абрэзанага апраўдывае з веры, а неабрэзанага — праз веру.

Дык вось, ці ж мы не касуем закон вераю? Зусім не; а сьцьвярджаем закон.
 
Дык ці праз веру касуем закон? Ніякім чынам! Але падцьвярджаем закон.