Да Рымлянаў 8 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Такім чынам — няма сёньня ніякай асуды тым, хто ў Ісусе Хрысьце жыве не паводле плоці, а паводле духу,
Дык вось, цяпер няма ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Іісусе жыве́ не паводле плоці, а паводле духу,
бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закона грэху і сьмерці.
таму што закон духу жыцця ў Хрысце Іісусе вы́зваліў мяне ад закону граху і смерці.
Як закон, аслаблены плоцьцю, быў бясьсільны, дык Бог паслаў Сына Свайго ў падабенстве плоці грахоўнай у ахвяру за грэх, і асудзіў грэх у плоці,
Паколькі закон, асла́блены плоццю, быў бяссільны, то Бог Сына Свайго паслаў у падабенстве плоці грахоўнай як ахвяру за грэх і асудзíў грэх у плоці,
каб апраўданьне закона спраўдзілася ў нас, хто не паводле плоці жыве, а паводле Духа.
каб праведнасць, прадпíсаная законам, здзе́йснілася ў нас, якія жывём не паводле плоці, а паводле духу.
Бо, хто жыве паводле плоці, пра плоцкае думае, а хто жыве паводле Духа — пра духоўнае.
Бо тыя, што жывуць паводле плоці, думаюць пра плоцкае, а тыя, што паводле духу, — пра духоўнае.
Помыслы плоцкія — сьмерць, а помыслы Духа — жыцьцё і мір,
Думкі плоцкія — гэта смерць, а думкі духоўныя — гэта жыццё і мір,
бо помыслы плоці — гэта варожасьць да Бога; бо закону Божаму не ўпакорваюцца, ды і ня могуць.
таму што думкі плоцкія — гэта варожасць супраць Бога, паколькі закону Божаму яны не падпарадко́ўваюцца, ды і не могуць.
А таму тыя, што жывуць паводле плоці, Богу дагадзіць ня могуць.
Таму тыя, што жывуць паводле плоці, Богу дагадзíць не могуць.
Але вы не паводле плоці жывяце, а паводле Духа, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны.
Але вы не паводле плоці жывяце́, а паводле духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. А калі хто Духа Хрыстовага не ма́е, той і не Ягоны.
А калі Хрыстос у вас, дык цела мёртвае для грэху, а дух жывы для праведнасьці.
Калі ж Хрыстос у вас, то цела мёртвае праз грэх, а дух жывы праз праведнасць.
Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, хто ўваскрэсіў Хрыста зь мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.
Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Іісуса, жыве ў вас, дык Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажы́віць і вашы смяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.
Дык вось, браты, мы не даўжнікі плоці, каб жыць паводле плоці;
Такім чынам, браты, мы не даўжнікі плоці, каб жыць паводле плоці;
бо, калі жывяце паводле плоці, дык памраце, а калі Духам нішчыце ўчынкі плоцкія, жыць будзеце;
бо, калі жывяце́ паводле плоці, то ма́еце паме́рці, а калі духам умярцвя́еце дзе́янні плоцкія, то будзеце жыць.
бо ўсе, каго водзіць Дух Божы, — сыны Божыя;
Таму што ўсе тыя, каго вядзе Дух Божы, гэта сыны Божыя;
бо вы не прынялі Духа рабства, каб зноў жыць у страху, а прынялі Духа ўсынаўленьня, Якім заклікаем: Авва, Войча!
бо вы не прынялí духу рабства, пры якім жылі б зноў у страху, а прынялí Духа ўсынаўле́ння, у Якім усклікаем: «Авва, Ойча!»
Гэты самы Дух сьведчыць духу нашаму, што мы — дзеці Божыя.
Сам гэты Дух сведчыць духу нашаму, што мы — дзеці Божыя.
А калі дзеці, дык і спадкаемцы Божыя, супольныя спадкаемцы Хрыстовыя, калі толькі зь Ім пакутуем, каб зь Ім і праславіцца.
А калі дзеці, то і наследнікі: наследнікі Божыя, сунаследнікі ж Хрыстовы, калі толькі разам з Ім пакутуем, каб разам з Ім і прасла́ўленымі быць.
Бо думаю, што цяперашнія часовыя пакуты нічога ня вартыя ў параўнаньні з тою славаю, якая адкрыецца ў нас.
Бо я лічу, што цяперашнія часовыя пакуты нічога не ва́рты ў параўнанні з тою славаю, якая адкрыецца ў нас.
Бо стварэньне з надзеяй чакае сыноў Божых, —
Бо стварэнне з надзеяй чакае выяўле́ння сыноў Божых, —
таму што стварэньне скарылася марнасьці не па добрай волі, а па волі таго, хто ўпакорыў (яго), спадзяючыся,
таму што стварэнне падпарадкавалася марнасці не па сваёй волі, а па волі Таго, Хто падпарадкаваў яго, — у надзеі,
што і само стварэньне вызвалена будзе з рабства тленьня ў свабоду славы дзяцей Божых.
што і само стварэнне будзе вы́звалена з рабства тлення на свабоду славы дзяцей Божых.
Бо ведаем, што ўсе стварэньні енчаць і пакутуюць дагэтуль;
Бо мы ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і пакутуе дагэтуль;
і ня толькі яны, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы ў сабе енчым, чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага.
ды не толькі яно, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы самі стогнем у сабе, чакаючы ўсынаўле́ння, выкупле́ння це́ла нашага.
Бо мы ўратаваныя праз надзею. А надзея, калі бачыць, ня ёсьць надзея; бо, калі хто бачыць, дык навошта ж яму і спадзявацца?
Бо мы спасёны ў надзеі. Надзея ж, калі яна ба́чная, гэта не надзея, бо калі хто бачыць, то на што яму і спадзява́цца?
Але калі спадзяёмся на тое, чаго ня бачым, тады чакаем цярпліва.
А калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады цярпліва чакаем.
Гэтак сама і Дух мацуе (нас) у нямогласьцях нашых; бо мы ня ведаем, за што маліцца, як трэба, а Сам Дух заступаецца за нас уздыханьнямі нявымоўнымі.
Таксама і Дух дапамага́е нам пры не́мачах нашых; бо мы не ведаем, аб чым маліцца так, як нале́жыць, а Сам Дух хада́йнічае за нас уздыха́ннямі невымо́ўнымі.
А Той, Хто выпрабоўвае сэрцы, ведае, якая думка ў Духа, бо Ён рупіцца за сьвятых, па волі Божай.
Той жа, Хто дасле́дуе сэ́рцы, ведае, якая думка ў Духа, таму што Ён па волі Божай, хадайнічае за святых.
Пры гэтым ведаем, што тым, хто любіць Бога, хто пакліканы па Ягонай пастанове, усё спрыяе на добрае;
А мы ведаем, што тым, хто лю́біць Бога, хто паклíканы паводле Яго прадустанаўле́ння, усё садзе́йнічае на дабро;
бо каго Ён наперад уведаў, тым і наканаваў (быць) падобнымі да вобраза Сына Свайго, каб Ён быў першародны сярод многіх братоў;
бо каго Ён прадуве́даў, тым і прадвы́значыў быць падобнымі да вобраза Сына Свайго, каб Ён быў першародным сярод многіх братоў;
а каго Ён наканаваў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў.
а каго Ён прадвы́значыў, тых і паклíкаў; а каго паклíкаў, тых і апраўда́ў; а каго апраўда́ў, тых і праславіў.
Што ж сказаць на гэта? Калі Бог за нас, хто супроць нас?
Што ж мы скажам на гэта? Калі Бог за нас, то хто су́праць нас?
Той, Хто Сына Свайго не пашкадаваў, а аддаў Яго за ўсіх нас, як зь Ім не даруе нам і ўсяго?
Той, Хто нават Сына Свайго не пашкадаваў, а аддаў Яго за ўсіх нас, як жа з Ім не дасць нам і ўсяго?
Хто будзе вінаваціць выбранцаў Божых? Бог апраўдае іх.
Хто стане абвінава́чваць абра́ных Божых? Бог апра́ўдвае іх.
Хто асуджае? Хрыстос (Ісус) памёр, але і ўваскрэс: Ён і праваруч Бога, Ён і заступнік за нас.
Хто асу́дзіць? Хрыстос Іісус памёр, але і ўваскрэс: Ён і знахо́дзіцца правару́ч Бога, Ён і хадайнічае за нас.
Хто адлучыць нас ад любові Божай: скруха, ці ўціск, ці ганеньне, ці голад, ці галеча, ці небясьпека, ці меч? як напісана:
Хто адлу́чыць нас ад любові Хрыстовай: гора, ці ўціск, ці ганенне, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч? як напісана:
«за Цябе забіваюць нас кожнага дня; лічаць нас за авечак, на зарэз асуджаных».
«за Цябе нас умярцвя́юць кожны дзень; лічаць нас авечкамі для закла́ння».
Але ўсё гэта пераадольваем сілаю Таго, Хто палюбіў нас.
Але ўсё гэта мы поўнасцю перамагаем сілаю Таго, Хто ўзлюбіў нас.
Бо я ўпэўнены, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні анёлы, ні Пачаткі, ні Сілы, ні сёньняшняе, ні будучае,
Бо я ўпэўнены, што ні смерць, ні жыццё, ні Ангелы, ні Пачаткі, ні Сілы, ні цяперашняе, ні будучае,
ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэньне ня можа адлучыць нас ад любові Божай у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
ні вышыня́, ні глыбіня́, ні якое стварэ́нне іншае не зможа адлучы́ць нас ад любові Божай у Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.