Да Рымлянаў 10 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Браты! упадабаньне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраіля на збавеньне.
 
Браты́! жада́нне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраільця́н — каб яны спасліся.

Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, а не паводле розуму.
 
Бо я све́дчу ім, што яны ма́юць руплíвасць да Бога, аднак не па розуму.

Бо, не разумеючы Божай праведнасьці і імкнучыся паставіць сваю праведнасьць, яны не скарыліся праведнасьці Божай;
 
Бо, не разуме́ючы Божай пра́веднасці і намага́ючыся сцве́рдзіць сваю пра́веднасць, яны не скары́ліся пра́веднасці Божай;

бо канец закона — Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму.
 
таму што завяршэ́нне закона — Хрыстос, дзеля пра́веднасці кожнага ве́руючага.

Майсей піша пра праведнасьць ад закона: «чалавек, які яго выконвае, жыць будзе ім».
 
бо Маісей піша аб пра́веднасці, якая паводле закону: «чалавек, які вы́канаў гэта, жывы́ будзе праз гэта».

А праведнасьць ад веры так кажа: «не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе на неба?» — каб Хрыста зьвесьці;
 
А пра́веднасць, якая паводле веры, гаво́рыць так: «не кажы́ ў сэ́рцы сваім: хто ўзы́дзе на неба?» — для таго, каб Хрыста́ зве́сці ўніз;

альбо: «хто сыдзе ў бездань?» — каб Хрыста зь мёртвых узьвесьці.
 
альбо: «хто сы́дзе ў бе́здань?» — для таго, каб Хрыста́ з мёртвых узве́сці.

А што кажа Пісаньне? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім» — слова веры, якое прапаведуем.
 
А што гаво́рыць Піса́нне?е́ — «Блізка да цябе слова, яно ў ву́снах тваіх і ў сэ́рцы тваім», — гэта значыць сло́ва веры, якое мы прапаве́дуем.

Бо калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Госпада і сэрцам тваім верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, ты выратуешся;
 
Бо калі ву́снамі тваімі ты будзеш вызнава́ць Іісуса Госпадам і ве́раваць сэ́рцам тваім, што Бог уваскрасіў яго з мёртвых, то спасёны будзеш,

бо сэрцам вераць дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаюць на збавеньне.
 
таму што сэ́рцам ве́руюць дзе́ля пра́веднасці, а ву́снамі вызнаю́ць дзе́ля спасе́ння.

Бо Пісаньне кажа: «кожны, хто верыць у Яго, не пасаромлены будзе».
 
Бо Пісанне кажа: «кожны, хто веруе ў Яго, не будзе пасаро́млены».

Тут няма розьніцы паміж Юдэем і Элінам, бо адзін Гасподзь ва ўсіх, шчодры да ўсіх, хто Яго заклікае.
 
Тут няма ро́зніцы паміж Іудзеем і Элінам, таму што адзін Гасподзь для ўсіх, шчо́дры да ўсіх, хто прызыва́е Яго».

Бо «кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца».
 
Бо «кожны, хто прызаве́ імя́ Гасподняе, спасёны будзе».

Але як паклікаць Таго, у Каго ня ўверавалі? як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? як пачуць без прапаведніка?
 
Але як яны будуць прызыва́ць Таго, у Каго не ўве́равалі? Як будуць ве́раваць у Таго, пра Каго не чулі? Як пачу́юць без прапаве́дніка?

І як прапаведаваць, калі ня будзе пасланых? як напісана: «якія прыгожыя ногі ў вястуноў міру, вястуноў добрай весткі!»
 
І як будуць прапаве́даваць, калі не будуць пасла́ны́ бо напíсана: «якія го́жыя но́гі ў тых, хто дабраве́сціць мір, хто дабраве́сціць добрае!»

Але ня ўсе паслухаліся зьвеставаньня. Бо Ісая кажа: «Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас?»
 
Але не ўсе паслу́халіся дабраве́сця. Бо кажа Ісаія: «Госпадзі! хто паверыў пачу́таму ад нас?»

Такім чынам, вера ад слуханьня, а слуханьне — ад слова Божага.
 
Дык вось, вера — ад пачу́тага, а пачу́тае — ад сло́ва Божага.

Але пытаюся: хіба яны ня чулі? Наадварот, «па ўсёй зямлі прайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету іхнія словы».
 
Але я кажу: хіба́ яны не чулі? Наадварот, «па ўсёй зямлі прайшоў голас іх, і да кра́ю сусве́ту — словы іх».

Яшчэ пытаюся: хіба Ізраіль ня ведаў? Першы кажа Майсей: «Я ўзбуджу ў вас рупнасьць не народам, раздражню вас народам бязглуздым».
 
Яшчэ кажу: хіба́ Ізраіль не ведаў? Першы Маісей гаво́рыць: «Я абуджу́ вашу раўнівасць праз не-народ, праз народ неразумны раздражню́ вас».

А Ісая сьмела маўляе: «Мяне знайшлі тыя, хто ня шукаў Мяне, Я адкрыўся тым, хто ня пытаўся пра Мяне».
 
А Ісаія смела кажа: «Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне, Я адкрыўся тым, што не пыта́ліся пра Мяне».

А пра Ізраіля кажа: «цэлы дзень Я працягваў рукі Мае да люду няслухмянага і ўпарцістага».
 
Пра Ізра́іль жа ён кажа: «цэлы дзень Я праця́гваў ру́кі Мае́ да народа непакорнага і ўпартага».