Да Рымлянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Дык вось, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Дык вось, бу́дучы апраўда́нымі па веры, мы ма́ем мір з Богам праз Госпада нашага Іісуса Хрыста,
празь Якога вераю і атрымалі мы доступ да той мілаты, у якой стаім і хвалімся надзеяю на славу Божую.
праз Якога вераю і атрыма́лі мы до́ступ да той благада́ці, у якой стаíм і хва́лімся надзе́яй на сла́ву Божую.
І ня гэтым толькі, але хвалімся і жальбамі, ведаючы, што ад жальбы ідзе цярплівасьць,
І не толькі гэтым, але хва́лімся і бе́дамі, ве́даючы, што бяда́ спараджа́е цярплíвасць,
ад цярплівасьці дасьведчанасьць, ад дасьведчанасьці надзея,
а цярплíвасць — во́пытнасць, а во́пытнасць — надзе́ю,
а надзея не ганьбуе, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, Які дадзены нам.
надзе́я ж не саро́міць, таму што любоў Божая вы́лілася ў сэ́рцы на́шы Ду́хам Святы́м, да́дзеным нам.
Бо Хрыстос, калі яшчэ мы былі нямоглыя, ва ўстаноўлены час памёр за бязбожнікаў.
Бо Хрыстос, калі мы былí яшчэ нямо́глымі, у вы́значаны час памёр за грэ́шнікаў.
Бо наўрад ці хто памрэ за праведніка; хіба што за дабрачынца, магчыма, хто і адважыцца памерці.
Нават за пра́ведніка наўра́д ці хто памрэ́; хоць за дабрадзе́я, магчы́ма, хто і адва́жыцца паме́рці.
А Бог Сваю любоў даказвае нам тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікі, Хрыстос памёр за нас.
А Бог Сваю любоў да нас праяўля́е ў тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былí яшчэ грэ́шнікамі.
Таму тым болей цяпер, калі мы апраўданыя Крывёю Ягонаю, ратуемся Ім ад гневу.
Дык тым больш цяпер, апраўда́ныя Крывёю Яго, мы ўратава́ны будзем праз Яго ад гневу.
Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным;
Бо калі, бу́дучы ворагамі, мы прыміры́ліся з Богам праз смерць Сына Яго, то тым больш, прыміры́ўшыся, спасёмся жыццём Яго;
і мала таго, але і хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, празь Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне.
больш таго, мы яшчэ і хвалімся Богам праз Госпада нашага Іісуса Хрыста, праз Якога мы цяпер атрыма́лі прымірэ́нне.
А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх — сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі.
Таму як праз аднаго́ чалавека грэх увайшо́ў у свет, а праз грэх — смерць, так і смерць перайшла́ на ўсіх людзе́й, паколькі ўсе саграшылі.
Бо і да закона грэх быў у сьвеце; але грэх не залічваецца, калі няма закона.
Бо і да закону грэх быў у све́це; але грэх не залíчваецца, калі няма закону.
Аднак жа сьмерць панавала ад Адама да Майсея і над тымі, якія не зграшылі падобна правіннасьці Адама, які ёсьць вобраз будучага,
Аднак жа смерць панава́ла ад Адама да Маісея і над тымі, што не саграшы́лі падобна правíннасці Адама, які з’яўля́ецца право́бразам Таго, Хто меў прыйсцí.
але дар мілаты ня як правіна. Бо праз правіну аднаго памерлі многія, дык тым больш мілата Божая і дар празь мілату аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, шчодра красуюць для многіх.
Але з да́рам благада́ці не так, як з саграшэннем. Бо калі праз саграшэнне аднаго многія памерлі, то тым больш благада́ць Божая і дар па благада́ці аднаго Чалавека, Іісуса Хрыста, для многіх былі шчо́дра я́ўлены.
І дар ня як суд за аднаго грэшніка; бо суд за адну правіну прыносіць асуду, а дар мілаты за многія правіны — апраўданьне.
І з да́рам не так, як з правíнаю аднаго грэшніка; бо суд за адно саграшэ́нне — да асуджэ́ння, а дар благада́ці — да апраўда́ння ад многіх саграшэ́нняў.
Бо калі за правіну аднаго сьмерць панавала праз аднаго, дык тым болей тыя, што прымаюць шчадроты мілаты і дар праведнасьці, будуць панаваць у жыцьці праз адзінага Ісуса Хрыста.
Бо калі саграшэ́ннем аднаго смерць запанава́ла праз яго аднаго, то тым больш тыя, што прыма́юць мноства благада́ці і дар пра́веднасці, будуць панава́ць у жыццí праз аднаго́ Іісуса Хрыста.
Вось таму, як праз правіну аднаго ўсім людзям асуда, так і праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне да жыцьця.
Таму, як праз саграшэ́нне аднаго́ — ўсім лю́дзям асуджэ́нне, так і праз пра́веднасць аднаго́ — ўсім лю́дзям апраўда́нне жыцця́.
Бо, як празь непаслушэнства аднаго чалавека зрабіліся многія грэшнікамі, так і праз паслушэнства аднаго стануць праведнымі многія.
Бо як праз непаслушэ́нства аднаго́ чалавека многія сталі грэ́шнымі, так і праз паслушэ́нства аднаго стануць пра́веднымі многія.
А закон прыйшоў пасьля, і так памножыліся правіны. А калі памножыўся грэх, шчодра закрасавала мілата,
Закон жа прыйшоў потым, і такім чы́нам памно́жылася саграшэ́нне. А калі памножыўся грэх, была шчо́дра я́ўлена благада́ць,
каб, як грэх панаваў дзеля сьмерці, так і мілата запанавала праз праведнасьць дзеля жыцьця вечнага Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
каб як грэх панава́ў на смерць, так і благада́ць запанава́ла праз пра́веднасць дзе́ля жыцця́ ве́чнага, праз Іісуса Хрыста, Госпада нашага.