Да Рымлянаў 13 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999
Усякая душа няхай будзе пакорнай вышэйшым уладам. Бо гэта ня ўлада, калі ня ад Бога; істнуючыя ж улады Богам прызначаны.
Хай кожны чалавек будзе паслухмяны вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, як толькі ад Бога. Каторыя ж ёсьць, Богам устаноўлены.
Так што той, хто працівіцца ўладзе, працівіцца пастанове Бога. Тыя ж, хто працівяцца, самі на сябе прысуд нацягнуць.
Дык хто працівіцца ўладзе, пастанове Бога працівіцца. А каторыя працівяцца Богу, на сябе асуджэньне ўзводзяць.
Бо начальнікі стра́шныя ня для добрых дзеяў, але для благіх. Ці хочаш ня баяцца ўлады? Рабі дабро, і будзеш мець ад яе пахвалу.
Бо начальнікі страшныя не дабро чынячым, але зло. Ня хочаш баяцца ўлады? Дык паступай добра і будзеш мець пахвалу ад яе.
Бо ён ёсьць слуга Бога табе на дабро. Калі ж робіш ліха, бойся; бо (ён) нядарэмна носіць меч; бо ён ёсьць слуга Бога, каб выканаць гнеў супраць таго, хто робіць ліха.
Яна вось ёсьць слугой Божай для твайго дабра. Калі ж зло робіш, бойся, бо яна не надарма меч носіць, бо ёсьць Божай уладай, спаганяючай гнеў на тым, хто робіць зло.
Пагэтаму трэба падпарадкоўвацца ня толькі з-за гневу, але і з-за сумленьня.
Дзеля таго трэба слухаць ня толькі дзеля гневу, але і дзеля сумленьня.
Бо з-за гэтага вы і падаткі плаціце, бо яны — слугі Бога, (якія) гэтым самым пастаянна займаюцца.
Дзеля таго і падаткі плаціце, бо яны з волі Бога спаўняюць сваю ўладу.
Дык аддавайце ўсім належнае: каму падатак — падатак, каму мыта — мыта, каму страх — страх, каму пашану — пашану.
Аддавайце ўсім належнае: каму падатак — падатак, каму мыта — мыта, каму страх — страх, каму пашану — пашану.
Вы ні ў чым і ня перад кім ня абавязаны, акрамя ўзаемнай любові, таму што той, хто любіць другога, выканаў Закон.
Нікому ня будзьце нічога вінаватыя, толькі ўзаемную любоў, бо хто любіць бліжняга, спаўняе закон.
Таму што: «ня чужалож», «ня забівай», «ня крадзі», «ня сьведчы ілжыва», «ня пажадай (чужога)» і ўсякае другое прыказаньне ў гэтым слове зьмяшчаецца: «любі бліжняга твайго, як самога сябе».
Бо прыказаньні: Не чужалож, Не забівай, Не крадзі, Не пажадай ды ўсе іншыя зьмяшчаюцца ў гэтым вось слове: Любі бліжняга свайго як сябе самога.
Любоў (Божая) ня робіць бліжняму ліха; выкананьне ж Закону — любоў (Божая).
Любоў ня робіць крыўду бліжняму, таму любоў ёсьць дасканалым выпаўненьнем закону.
І (жывіце) так, (як) ведаючы час, што пара́ нам ужо прачнуцца. Бо цяпер бліжэй да нас збаўленьне, чым калі мы паверылі.
І зразумейце, які цяпер час; што надыйшла для вас пара зо-сну падняцца. Цяпер бо збаўленьне бліжэй нам, чым калі мы ўверылі.
Ноч прайшла, а дзень наблізіўся, пагэтаму адхінём учынкі цемры і апранёмся ў зброю сьвятла.
Ноч мінула, а дзень наблізіўся. Дык адкіньма ўчынкі цемры і адзеньмася ў зброю сьвятла.
Як днём, будзем жыць прыстойна ня ў гулянках і п’янках, ня ў палюбоўніцтвах і распустах, ні ў сварцы і зайздрасьці;
Жыйма прыстойна, як у ясны дзень: не ў баляваньнях і п'янствах, не ў распусьце і нячыстасьці, не ў звадцы ды зайздрасьці,
але апраніцеся ў Госпада Ісуса Хрыста і клопат аб целе ня ператварайце ў пажадлівасьці.
але адзеньцеся ў Госпада Езуса Хрыста ды не дагаджайце целу ў пажаданьнях.