Адкрыцьцё 16 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Я пачуў, як гучны голас казаў са святыні сямі анёлам: «Ідзіце і выліце сем чашаў Божага гневу на зямлю».
 
I пачуў я магутны голас са святыні, які казаў сямі анёлам: «Iдзіце і выліце сем чар гневу Божага на зямлю».

Пайшоў першы і выліў сваю чашу на зямлю. З’явілася злаякасная і балючая язва на людзях, якія мелі кляймо звера і пакланяліся яго вобразу.
 
I пайшоў першы, і выліў сваю чару на зямлю; і сталіся балючыя і страшныя скулы на людзях, якія насілі меціну звера, і на тых, якія пакланяліся абразу яго.

Другі выліў сваю чашу ў мора, і яно стала як бы крывёю памерлага, а кожная жывая істота ў моры памерла.
 
І другі выліў сваю чару ў мора; і сталася мора як кроў памёршага, і кожная жывая душа, што была ў моры, памёрла.

Трэці выліў сваю чашу ў рэкі і крыніцы водаў, і яны сталі крывёю.
 
І трэці выліў сваю чару на рэкі і крыніцы вод, і сталіся яны крывёй.

Тады пачуў я анёла водаў, які казаў: «Справядлівы Ты, які ёсць і які быў, Святы, што так рассудзіў,
 
I пачуў я, як казаў анёл вод: «Справядлівы Ты, Які ёсць, Які быў, Святы, што такі прысуд выдаў,

бо яны пралілі кроў прарокаў, і Ты даў ім піць кроў. Яны вартыя гэтага!»
 
бо яны пралівалі кроў святых і прарокаў, дзеля таго Ты даў ім кроў для пітва. Заслужылі яны».

І я пачуў, як казаў алтар: «Так, Пане Божа ўсемагутны, праўдзівыя і справядлівыя Твае прысуды!»
 
I пачуў я голас іншы з алтара, які казаў: «Сапраўды праўдзівыя і справядлівыя прысуды Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны».

Чацвёрты выліў сваю чашу на сонца, і было дадзена яму паліць людзей агнём.
 
І чацвёрты выліў сваю чару на сонца; і дадзена яму моц нішчыць людзей спякотаю і агнём.

А людзі, апаленыя вялікай спёкай, пачалі блюзнерыць супраць імя Бога, які мае ўладу над гэтымі бедствамі, і не апамяталіся, каб праславіць Яго.
 
І пякліся людзі ад вялікай спёкі, і зневажалі імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, і не аддалі Яму хвалы.

Пяты выліў чашу сваю на трон звера, і зацьмілася каралеўства яго, а людзі ад болю грызлі свае языкі.
 
І пяты выліў сваю чару на пасад звера; і тады цемрай ахуталася яго валадарства, і кусалі сабе людзі языкі ад болю,

Яны пачалі блюзнерыць супраць Бога неба за свой боль і за свае язвы, і не адвярнуліся ад сваіх учынкаў.
 
і блюзнілі на Бога нябёсаў за пакуты свае і скулы свае, але не навярнуліся ад спраў сваіх.

Шосты выліў сваю чашу на вялікую раку Еўфрат. І высахла яе вада, каб была падрыхтавана дарога для каралёў з Усходу.
 
І шосты выліў чару сваю на раку знакамітую і вялікую, што завецца Еўфрат; і высахла яе вада, каб гэтым была падрыхтавана дарога царам з усходу.

Убачыў я, як з пашчы цмока, і з пашчы звера, і з пашчы фальшывага прарока выходзілі тры нячыстыя духі, быццам жабы.
 
І ўбачыў я, як выходзілі тры нячыстыя духі, падобныя да жаб, з пашчы дракона, з пашчы звера і з пашчы фальшывага прарока.

Былі гэта духі дэманаў, якія рабілі знакі. Яны выходзяць да каралёў усяго свету, каб сабраць іх на бітву ў гэты вялікі дзень ўсемагутнага Бога.
 
Гэта ўсё духі дэманаў, якія робяць знакі і падступаюць да ўсіх валадароў зямлі, каб сабраць іх на бой у дзень вялікі Усемагутнага Бога.

Вось, прыходжу як злодзей. Шчаслівы той, хто не спіць і пільнуе сваё адзенне, каб не хадзіць голаму і каб не бачылі яго сораму.
 
Вось, іду як злодзей. Шчасны той, хто чувае і сцеражэ адзежу сваю, каб не застацца голым і каб не паказаць сораму свайго.

І сабралі іх у месца, якое па-габрэйску называецца Армагедон.
 
І сабраў іх у месцы, якое па-гебрайску завецца Хармагедон.

Сёмы анёл выліў сваю чашу ў паветра, і выйшаў вялікі голас са святыні ад трона, кажучы: «Сталася!»
 
І сёмы выліў сваю чару ў паветра; і пачуўся магутны голас са святыні ад пасада, які казаў: «Споўнілася!»

Пачаліся маланкі, шум, грымоты, і адбыўся вялікі землятрус, якога не было ад часу, калі чалавек з’явіўся на зямлі. Такі моцны, вельмі вялікі землятрус.
 
І сталіся маланкі, і галасы, і грымоты, і пачалося страшнае трасенне зямлі, якога яшчэ ніколі не было з таго часу, калі людзі сталі жыць на зямлі, такога землятрусу вялікага.

Вялікі горад распаўся на тры часткі, упалі гарады язычнікаў. Вялікі Бабілён быў згаданы перад Богам, каб даць яму келіх віна Яго лютага гневу.
 
І распаўся вялізны горад на тры часткі, і гарады паганаў былі знішчаны. І прышоў на памяць Богу вялікі Бабілон, і даў яму піць келіх віна лютага гневу Свайго.

Знікла кожная выспа, і не знайшлося гор.
 
І кожны востраў знік, і ніводнай гары не знайшлося.

Вялізны град вагою з талант пасыпаўся з неба на людзей. Людзі пачалі блюзнерыць супраць Бога за бедства граду, бо гэтае бедства было вельмі вялікім.
 
І вялікі град, велічынёю з талент, спаў з неба на людзей; і людзі зневажалі Бога за пакаранне градам, бо вельмі вялікай плягай быў той град.