Адкрыцьцё 18 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Потым я ўбачыў іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, а зямля асвятлілася ад ягонай славы.
 
Пасля гэтага бачыў я іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, і зямля зазіхацела ад яснасці яго.

Ён усклікнуў моцным голасам, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён і стаў жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, прыстанішчам усякай нячыстай птушкі і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду,
 
І загаварыў ён магутным голасам: «Паў, паў Бабілон, вялікая [распусніца], і стаўся паселішчам дэманаў і сховішчам усякіх духаў нячыстых, і сховішчам усякага нячыстага і ненавіснага звера.

бо шалёным віном яго распусты напіліся ўсе народы, каралі зямлі чынілі з ім распусту, а купцы зямлі ўзбагаціліся з вялізнай раскошы яго!»
 
Бо ўсе народы пілі віно гневу распусты яе, і ўсе цары зямлі з ёю распуснічалі, і купцы зямлі ўзбагачаліся з яе вялікага багацця».

І пачуў я іншы голас, які казаў з неба: «Выйдзі з яго, мой народзе, каб вам не саўдзельнічаць у яго грахах і не пацярпець ад яго бедстваў,
 
І пачуў я яшчэ іншы голас з неба, які казаў: «Выйдзі з яе, народ Мой, каб не стаўся ты ўдзельнікам яе грахоў і каб разам не прыняў плягаў яе.

бо ўзышлі яго грахі аж да неба і згадаў Бог яго правіны.
 
Бо падняліся грахі яе аж да неба, і прыпомніў Госпад яе нягоднасць.

Адплаціце яму, як і ён адплаціў, і ўдвая аддайце за яго ўчынкі. У келіху, у якім ён гатаваў віно вам, прыгатуйце яму ўдвая.
 
Адгадзіце ёй, як і яна вам давала, і падвойце ёй удвая за яе ўчынкі; у чару, з якой яна вас паіла, наліце ёй удвая.

Колькі ён славіў сябе і жыў у раскошы, столькі дайце яму катаванняў і смутку, бо ў сэрцы сваім ён кажа: “Я сяджу як каралева і я не ўдава, і не зазнаю смутку”.
 
Колькі ўзносілася яна і раскашавала, столькі дайце ёй і горычы, і суму, бо думала ў сваім сэрцы: «Сяджу, як царыца, і не ўдава я, і не пабачу суму».

Дзеля гэтага ў адзін дзень настануць яго бедствы: смерць, смутак і голад, і будзе ён спалены агнём, бо моцны Пан Бог, які асудзіў яго».
 
Дзеля таго зваляцца на яе ў адзін дзень плягі яе, смерць, і сум, і голад, і агнём будзе спалена, бо магутны Госпад Бог, Які асудзіў яе.

Тады заплачуць і будуць лямантаваць над ім каралі зямлі, якія распуснічалі з ім і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым ад яго пажару.
 
І плакаць будуць і галасіць дзеля яе цары зямлі, якія з ёй распуснічалі і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым пажару яе,

Стаўшы здалёк ад страху перад яго пакутамі, скажуць: «Гора, гора, вялікі горад Бабілён, моцны горад, бо ў адну гадзіну прыйшоў твой прысуд!»
 
і, стоячы здалёк, дзеля страху яе мучэнняў будуць казаць: «Гора, гора, вялікі той горад, Бабілон, магутны той горад, у адну хвіліну прыйшоў суд твой».

Купцы зямлі плачуць і смуткуюць над ім, бо ніхто не купляе ўжо іх тавару:
 
І гандляры зямлі будуць плакаць і лямантаваць дзеля таго, што іх тавараў ніхто ўжо не купіць,

золата, срэбра, каштоўных камянёў і пярлінаў, тонкага лёну, пурпуры, шоўку і пунсовай тканіны, ніякага цытрусавага дрэва і ніякай рэчы са слановай косткі, ніякай рэчы з найдаражэйшага дрэва, медзі, жалеза і мармуру,
 
тавараў залатых і срэбраных, і дарагіх каменняў, і пэрлаў, і вісону, і пурпуру, і ядвабу, і кармазыну, і рознага пахкага дрэва ды вырабаў са слановай косці, і ўсякіх рэчаў з найдаражэйшага дрэва, і медзі, і жалеза, і мармуру,

карыцы, амому і духмянасцяў, міра і кадзіла, віна і алею, чыстай пшанічнай мукі і збожжа, жывёл, авечак і коней, павозак, целаў і людскіх душ.
 
і цынамону, і духмянасцяў, і пахаў, і масці, і кадзілаў, і віна, і алею, і чыстай мукі, і пшаніцы, і жывёлы, і авечак, і коней, і вазоў, і нявольнікаў, і душ людскіх.

Плод жадання тваёй душы адышоў ад цябе, усё сытае і цудоўнае прапала для цябе, і ты ўжо гэтага ніколі не знойдзеш.
 
І плады твае, пажаданне душы, прапалі для цябе, і ўсё тлустае і бліскучае знікла перад табою, і больш ужо яго не знайсці.

Купцы, якія ўзбагачаліся з яго, стануць здалёк ад страху перад ягонымі пакутамі,
 
Гандляры гэтага, якія праз яе ўзбагаціліся, будуць стаяць здалёк з-за страху перад яе мукамі, плачучы і лямантуючы,

кажучы з плачам і смуткам: «Гора, гора, вялікі горад, апрануты ў тонкі лён, пурпуру і пунсовыя шаты, упрыгожаны золатам, каштоўным камнем і пярлінамі,
 
і кажучы: «Гора, гора табе, вялікі гэты горад, што апрануты ў вісон і пурпур, і кармазын, і багаты золатам, дарагімі камянямі і пэрламі,

бо ў адну гадзіну было спустошана такое багацце!» Кожны стырнавы і кожны, хто плыве на караблі, кожны марак і ўсе, хто працуе на моры, сталі здалёк і крычалі,
 
бо ў адну хвіліну пагінулі такія багацці!» І ўсе стырнікі, і перавозчыкі прыбярэжныя, і маракі разам з тымі, што на моры працавалі, здалёк стаялі,

убачыўшы дым яго пажару: «Які горад падобны да гэтага вялікага горада?»
 
уздыхалі і лямантавалі, гледзячы на дым пажару і кажучы: «Дзе ж падобны да гэтага горад такі вялікі?»

Яны кінулі пыл на свае галовы і крычалі ў плачы і смутку: «Гора, гора, вялікі горад, з дастатку якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры, бо за адну гадзіну ён апусцеў!
 
І пасыпалі попелам галовы сабе і крычалі, плачучы і галосячы, і казалі: «Гора, гора табе, вялікі гэты горад, у якім усе сталіся багатымі, хто меў караблі на моры, са скарбаў яго. У адзін момант усё прапала!

Радуйцеся над ім, неба і святыя, апосталы і прарокі, бо Пан асудзіў яго паводле вашага суда!»
 
Цешцеся з яго, неба і святыя, і апосталы, і прарокі, бо спагнаў Бог суд ваш над ім».

Адзін магутны анёл узяў камень, падобны да вялікіх жорнаў, і ўкінуў у мора, кажучы: «З такою сілаю будзе павалены Бабілён, вялікі горад, і ўжо не будзе яго.
 
Тады адзін магутны анёл падняў вялікі, як млынавы, камень і кінуў яго ў мора, кажучы: «З такой сілаю будзе скінуты гэты горад Бабілон, і больш не паўстане.

Голасу гусляроў і песняроў, флейтыстаў і трубачоў не будзе чутна ў табе больш. Не будзе ўжо ў табе ніводнага мастака ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў не будзе ўжо чутна ў табе.
 
І голасу граючых на гуслях, і паэтаў, і спевакоў, і дудароў, і труб не пачуецца больш у табе, і не знойдзецца больш ніводнага мастака і ніякага мастацтва, і не будзе чутна голасу жорнаў,

Ужо не з’явіцца ў табе святло лямпы, і голасу абранніка і абранніцы не будзе ўжо чутна ў табе. Бо твае купцы былі вяльможамі зямлі, бо тваім чарадзействам зведзены ўсе народы.
 
і не зазіхаціць у табе больш святло лямпы, і галасоў закаханых больш у табе не пачуеш, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо ўсе народы былі падмануты тваімі чарамі,

У табе знойдзена кроў прарокаў, святых і ўсіх забітых на зямлі!»
 
і засталася на табе кроў прарокаў і святых, ды ўсіх тых, што закатаваныя былі на зямлі».