Адкрыцьцё 13 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І стаў на беразе мора. Я ўбачыў як з мора выходзіў звер, які меў дзесяць рагоў і сем галоў, а на рагах ягоных — дзесяць дыядэм, і на галовах ягоных — імя блюзнерства.
 
I ўбачыў я звера, які падымаўся з мора, з сямю галовамі і дзесяццю рагамі. На рагах у яго было дзесяць дыядэм, і на галовах яго надпісы блюзнерскія.

Звер, якога я ўбачыў, нагадваў пантэру, а лапы яго — як у мядзведзя, а пашча яго — як у льва. І даў яму цмок сваю моц, свой трон і вялікую ўладу.
 
І звер, якога я бачыў, быў падобны да барса, а ступні яго як у мядзведзя, а пашча ў яго як у льва. I даў яму дракон сілу сваю, і пасад свой, і вялікую ўладу.

Адна з яго галоў — быццам смяротна параненая, а яе смяротная рана была вылечаная. Уся зямля дзівілася, ідучы за зверам.
 
I адна з яго галоў быццам смяротна ранена, і тая яе смяротная рана была залечана. I дзівілася ўся зямля са звера,

Пакланіліся таксама цмоку, бо ён даў уладу зверу, і пакланіліся зверу, кажучы: «Хто падобны да звера, і хто можа пачаць з ім вайну?»
 
і пакланіліся ўсе перад драконам, які даў уладу зверу, і кланяліся зверу, кажучы: «Хто ж зраўняецца са зверам і хто зможа супраць яго ваяваць?»

Былі дадзеныя яму вусны, што казалі рэчы, якія гучалі як вялікія, і блюзнерствы, і была яму дадзена ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.
 
I дадзены былі яму вусны, што гаварылі вялікае і блюзнерскае, і дадзена была яму ўсякая ўлада дзейнічаць на працягу сарака двух месяцаў.

І адкрыў ён сваю пысу для блюзнерстваў супраць Бога, каб блюзніць супраць імені Яго і скініі Яго, і супраць нябесных жыхароў.
 
I адчыніў ён пашчу сваю на Бога, каб блюзнерыць на імя Яго, і палатку Яго, і на тых, што жывуць у небе.

Было дадзена яму весці вайну са святымі і перамагчы іх. Была дадзена яму таксама ўлада над кожным племем, родам, мовай і народам.
 
I пры тым дадзена было яму ваяваць супраць святых і перамагаць іх, і дадзена была яму моц над усякім пакаленнем, народам, моваю і племем.

Яму паклоняцца ўсе жыхары зямлі, чыё імя не запісана ад заснавання свету ў кнізе жыцця забітага Баранка.
 
I кланяцца будуць яму ўсе, што абжываюць зямлю і чыё імя ад заснавання свету не запісана ў кнізе жыцця Ягняці, Які быў забіты.

Калі нехта мае вушы, няхай пачуе.
 
Хто мае вуха, хай слухае:

Калі некаму наканавана няволя,няхай ідзе ў няволю.Калі некаму наканавана загінуць ад мяча,той павінен быць забіты мячом.У гэтым цярплівасць і вера святых.
 
«Хто прызначаны ў палон, той ідзе ў палон. Хто павінны мячом быць забіты, належыцца таму прапасці ад мяча. Тут вось цярплівасць і вера святых».

Убачыў я таксама іншага звера, які выходзіў з зямлі і меў два рогі, як у Баранка, але гаварыў як цмок.
 
I ўбачыў я іншага звера, што падымаўся з зямлі, і меў ён двое рагоў, падобных да Ягнячых, і гаварыў як дракон.

У прысутнасці першага звера ён спаўняе усю яго ўладу і робіць так, каб уся зямля і яе жыхары пакланіліся першаму зверу, смяротная рана якога была вылечана.
 
І здзяйсняе ён поўную ўладу першага звера на вачах у яго, і прынукае зямлю і яе жыхароў пакланяцца першаму зверу, якога смяротная рана была залечана.

Ён робіць вялікія знакі, прымушаючы нават агонь сыходзіць з неба на зямлю перад людзьмі.
 
І чыніць ён вялікія знакі, нават агонь зводзіць з неба на зямлю на вачах у людзей.

Ашуквае жыхароў зямлі з дапамогай знакаў, якія яму было дадзена ўчыніць перад зверам, кажучы жыхарам зямлі, каб яны зрабілі вобраз звера, які атрымаў удар мячом і ажыў.
 
І зводзіць жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зверам, кажучы жыхарам, каб рабілі абразы звера, што меў рану ад мяча, але жывы.

Было дадзена яму напоўніць духам вобраз звера, каб вобраз звера гаварыў і дзейнічаў так, каб быў забіты кожны, хто не паклоніцца вобразу звера.
 
I дадзена яму надаць дух абразу звера, каб гаварыў абраз звера і каб таго, хто не пакланяўся абразу звера, забіваць.

Ён робіць таксама, што ўсе, малыя і вялікія, багатыя і бедныя, свабодныя і нявольнікі атрымліваюць кляймо на правую руку або на сваё чало.
 
I робіць ён, што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі атрымліваюць меціну на правай руцэ сваёй або на чале сваім,

І ніхто не можа ні купіць, ні прадаць, калі не мае знаку, імені звера або лічбы ягонага імені.
 
і ніхто не зможа купляць або прадаваць, хто не будзе мець меціны, або імя звера, або лічбы імя яго.

Тут ёсць мудрасць. Хто мае розум, няхай падлічыць лічбу звера, бо гэта лічба чалавека. А лічба яго шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць.
 
Тут трэба мудрасць; хто мае розум, няхай палічыць лічбу звера; бо гэта лічба чалавека, і лічба гэтая шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць.