Адкрыцьцё 3 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Анёлу Касцёла ў Сардах напішы: Так кажа той, хто мае сем духаў Божых і сем зорак. Ведаю твае справы. Ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы.
 
І анёлу царквы, што ў Сардах, напішы: гэта вось кажа Той, Які мае сем духаў Божых і сем зорак: ведаю ўчынкі твае, што маеш імя, што жывы, ды ёсць мёртвы.

Чувай і ўмацоўвай рэшту, блізкую да смерці, бо Я не палічыў твае ўчынкі дасканалымі перад Маім Богам.
 
Чувай і ўзмацняй рэштку, якая мелася загінуць, бо не знаходжу ўчынкаў тваіх выкананымі перад Богам Маім.

Згадай, што ты прыняў і пачуў, захоўвай і пакайся. Калі ж не будзеш чуваць, то Я прыйду, як злодзей, і не будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе.
 
Дык памятай, як ты атрымаў і чуў, і захавай, і навярніся. Бо калі не будзеш чуваць, прыйду да цябе, як злодзей, і не будзеш ведаць гадзіны, у якую прыйду да цябе.

Але ты маеш у Сардах некалькі чалавек, якія не заплямілі шатаў сваіх і будуць хадзіць са Мною ў белі, бо яны годныя.
 
Але вось маеш у Сардах некалькі імёнаў, якія не плямілі вопраткі свае, яны будуць хадзіць са Мною ў белі, бо ёсць дастойныя.

Так апранецца ў белыя шаты пераможца, і Я не сатру імені ягонага з кнігі жыцця, і вызнаю імя яго перад Маім Айцом і перад Яго анёламі.
 
Хто пераможа, апранецца гэтак у вопратку белую, і не выкраслю імя яго з кнігі жыцця, і выяўлю імя яго перад Айцом Маім і на віду ў анёлаў Яго.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.

Анёлу Касцёла ў Філадэльфіі напішы: Так кажа Святы, Праўдзівы, які мае ключ Давіда, які адмыкае — і ніхто не замкне, замыкае — і ніхто не адамкне.
 
І анёлу царквы, што ў Філадэльфіі, напішы: гэта кажа Святы і Праўдзівы, Які мае ключ Давідаў, Які адкрые, і ніхто не замкне, а замкне, то ніхто не адкрые.

Ведаю Твае справы, вось Я паставіў цябе перад адчыненымі дзвярыма, якіх ніхто не можа зачыніць, бо ў цябе мала сілы, але ты захаваў Маё слова і не адмовіўся ад Майго імя.
 
Ведаю ўчынкі твае. Вось, адкрыў перад табою дзверы, якія ніхто не можа закрыць, бо ты, хоць маеш мала моцы, але захаваў слова Маё і не выракся імя Майго.

Вось даю тых з сінагогі сатаны, якія кажуць, што яны юдэі, хоць імі не з’яўляюцца, і хлусяць. Я ўчыню, што яны прыйдуць і паклоняцца ў ногі табе, і пазнаюць, што Я палюбіў цябе.
 
Вось, дам табе з сінагогі шатана, з тых, якія сябе называюць Юдэямі, а імі не ёсць, але падманваюць; вось, зраблю ім, што прыйдуць і паклоняцца табе ў ногі, і даведаюцца, што Я ўзлюбіў цябе.

Паколькі ты захаваў Мой наказ цярплівасці, Я таксама захаваю цябе ад гадзіны выпрабавання, якая павінна прыйсці ў цэлы свет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі.
 
Бо ўхаваў ты слова цярплівасці Маёй, і Я цябе ўхаваю ў гадзіну спакушэння, якая прыйдзе на ўвесь свет зводзіць жыхароў на зямлі.

Я хутка прыйду. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не забраў твайго вянка.
 
Прыйду хутка. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не скраў вянца твайго.

А пераможцу зраблю калонай у святыні Майго Бога, і ўжо не выйдзе вонкі, і напішу на ім імя Майго Бога, а таксама імя горада Майго Бога, новага Ерузалема, які спускаецца з неба ад Бога Майго, і Маё новае імя.
 
Хто пераможа, таго ўчыню калонай у святыні Бога Майго, і больш з яе не выйдзе, і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерузаліма, які сыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.

Анёлу Касцёла ў Лаадыкеі напішы: Так кажа Амэн, сведка верны і праўдзівы, пачатак стварэння Божага.
 
І анёлу царквы, што ў Лаадыцэі, напішы: гэта кажа Амін, Сведка верны і праўдзівы, Пачатак тварэння Божага.

Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы!
 
Ведаю ўчынкі твае, што ты ані халодны, ані гарачы. О, каб лепш халодным ты быў або гарачым!

Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з Маіх вуснаў.
 
Але за тое, што ты цёплы, а не халодны і не гарачы, Я вывергну цябе з вуснаў Маіх.

Бо ты кажаш: “Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы”, а не ведаеш, што ты няшчасны і варты жалю, убогі, сляпы і голы.
 
Бо кажаш ты: «Багаты я і забяспечаны, і нічога мне не трэба», і не ведаеш, што ты бедны, і найнешчаслівейшы, і ўбогі, і сляпы, і голы.

Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб ты разбагацеў, і белую шату, каб ты апрануўся і каб не быў бачны сорам тваёй галечы. Бальзамам памаж свае вочы, каб бачыць.
 
Раю табе купіць сабе ў Мяне золата, агнём ачышчанага, каб быў забяспечаны, і белую вопратку, каб апрануўся і каб не паказалася нікчэмнасць галізны тваёй, і масць, каб памазаў вочы свае і бачыў.

Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся.
 
Бо Я на тых, якіх люблю, сваруся і караю іх. Дык пільнуйся і навярніся.

Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною.
 
Вось, стаю ў дзвярах і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыніць Мне дзверы, увайду да яго і павячэраю з ім, а ён са Мной.

Пераможцу дам сесці са Мною на Маім троне, як і Я перамог і сеў з Маім Айцом на Яго троне.
 
Хто пераможа, таму дам сядзець са Мною на Маім пасадзе, як Я перамог і сеў з Айцом Маім на Яго пасадзе.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам».
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам».