Адкрыцьцё 4 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003
Пасля гэтага я ўбачыў: вось дзверы адчыненыя ў небе, і ранейшы голас, які я чуў, як бы гук трубы, што гаварыў са мною, сказаў: «Узыдзі сюды, я пакажу табе, што павінна адбыцца пасля гэтага».
Пасля гэтага ўбачыў я: і вось, дзверы адчыненыя ў небе, і голас першы, які я пачуў, быў як быццам трубы, што размаўляла са мною і казала: «Увайдзі сюды, і Я пакажу табе тое, што павінна стацца пасля».
Я адразу напоўніўся Духам. Вось трон стаяў на небе, а на троне нехта сядзеў.
І адразу трапіў я ў захапленне [духа]: і вось пасад стаяў у небе, а на пасадзе [Нехта] сядзеў.
Той, які сядзеў, з выгляду быў падобны да каменя яшмы і сердаліку, і вясёлка была вакол трона, з выгляду падобная да смарагду.
І Той, Хто сядзеў, падобны быў з выгляду да каменя з яспіса і сардыса, і вясёлка вакол пасада была падобная з выгляду на смарагд.
Навокал трона было дваццаць чатыры троны. А на тронах сядзелі дваццаць чатыры старэйшыны, апранутыя ў белыя шаты. На іхніх галовах— залатыя вянкі.
І вакол пасада — дваццаць чатыры пасады, і на пасадах сядзелі дваццаць чатыры старыя, адзетыя ў белыя вопраткі, і на галавах іх — залатыя вянцы.
З трона сыходзілі маланкі, галасы і грымоты. Сем вогненных паходняў, якія ёсць сямю Божымі духамі, гарэла перад тронам.
І ад пасада выходзілі маланкі, і галасы, і грымоты; і сем светачаў палаючых гараць перад пасадам, якія ёсць сем духаў Божых.
І перад тронам было быццам мора шкляное, падобнае да крышталю. А пасярэдзіне трона і навокал трона былі чатыры жывыя істоты, поўныя вачэй спераду і ззаду.
І перад пасадам ззяла нібы шкляное мора, падобнае на крышталь. І на сярэдзіне пасада і навокал пасада — чатыры жывёліны, поўныя вачэй спераду і ззаду.
Першая жывая істота была падобная да льва, а другая жывая істота — падобная да вала, трэцяя жывая істота мела аблічча, як у чалавека, а чацвёртая жывая істота была падобная да арла, які ляціць.
І першая жывёліна падобная да льва, і другая жывёліна падобная да быка, і трэцяя жывёліна мела твар быццам чалавечы, і чацвёртая жывёліна мела падабенства да арла лятаючага.
Кожная з чатырох жывых істот мела па шэсць крылаў, а вакол і ўсярэдзіне — яны поўныя вачэй. І не маюць яны спакою ні ўдзень, ні ўначы, кажучы: «Святы, святы, святы Пан Бог усемагутны, які быў, ёсць і прыходзіць!»
І чатыры жывёліны мелі па шэсць крылаў, і навакол і ў сярэдзіне мелі поўна вачэй; і бесперапынна днём і ўночы яны ўскліквалі: «Святы, святы, святы Госпад Бог Усемагутны, Які быў, і Які ёсць, і Які прыйдзе».
Калі жывыя істоты аддадуць славу, пашану і падзяку таму, хто сядзіць на троне, хто жыве на векі вечныя,
І калі аддавалі тыя жывёліны славу і ўшанаванне Таму, Які сядзіць на пасадзе, Таму, Які жывы на векі вечныя,
тады дваццаць чатыры старэйшыны ўпадуць перад тым, хто сядзіць на троне, і паклоняцца таму, хто жыве на векі вечныя, і кінуць вянкі свае перад тронам, кажучы:
падалі перад Тым, Які сядзіць на пасадзе, дваццаць чатыры старыя, і кланяліся Таму, Хто жывы, на векі вечныя, і клалі вянцы свае перад пасадам, кажучы:
«Ты, Пане і наш Божа,годны прыняць славу і пашану, і сілу,бо Ты стварыў усё,і з Тваёй волі існавала і было створана».
«Дастойны Ты, Госпадзе і Божа наш, прымаць славу, і ўшанаванне, і магутнасць, бо Ты стварыў усё, і ўсё з волі Тваёй існавала і было створана».