Марка 12 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І пачаў Езус гаварыць да іх у прыпавесцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў сток пад давілам, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў.
 
І пачаў Ісус прамаўляць да іх у прыпавесцях: «Чалавек заснаваў вінаграднік, і загарадзіў яго плотам, і выкапаў выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў вінаградараў, і аддаліўся.

А ў адпаведны час паслаў да вінаградараў слугу, каб той узяў у вінаградараў частку з пладоў вінаградніку.
 
У свой час паслаў ён паслугача да вінаградараў, каб атрымаць пладоў з вінаградніку.

Але яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
 
Яны ж, схапіўшы яго, збілі ды адправілі з пустым.

Тады зноў паслаў да іх іншага слугу, і гэтаму зранілі галаву і зняважылі.
 
І зноў выправіў да іх іншага паслугача, а яны і таму, пабіўшы каменнямі, разбілі галаву і зняважылі.

Паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, а шмат іншых ці пабілі, ці пазабівалі.
 
І паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і многіх іншых: адных пакалечылі, другіх пазабівалі.

Маючы яшчэ аднаго, умілаванага сына, паслаў яго апошнім да іх, кажучы: “Ушануюць сына майго”.
 
Дык, маючы яшчэ адзінага, улюбёнага сына, паслаў яго ўрэшце, кажучы: “Ушануюць сына майго”.

Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго, і спадчына будзе наша”.
 
Але тыя вінаградары гаварылі між сабой: “Ён — спадкаемец! Пойдзем, заб’ем яго — і нашаю будзе спадчына”.

І, схапіўшы, забілі яго і выкінулі з вінаградніку.
 
Ды, схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.

Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і знішчыць вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.
 
Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і заб’е вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.

Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: “Камень, адкінуты будаўнікамі,стаў галавою вугла.
 
Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла.

Пан учыніў гэта,і дзіўнае яно ў вачах нашых”?»
 
Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”»?

І яны намагаліся схапіць Езуса, бо зразумелі, што гэтая прыпавесць супраць іх, але баяліся натоўпу. Таму, адпусціўшы Яго, адышлі.
 
І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што супраць іх гаварыў гэту прыпавесць. Дык, пакінуўшы Яго, адышлі.

І паслалі да Яго некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць Яго на слове.
 
І паслалі да Яго некаторых з фарысеяў і ірадыянаў, каб падлавіць Яго ў слове.

Падышоўшы, яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва вучыш шляху Божаму. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць?»
 
Вось, яны, падышоўшы, спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты справядлівы і нікому не патураеш, і не глядзіш на аблічча людзей, але дарозе Божай па праўдзе навучаеш. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?»

А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, сказаў ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець».
 
А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, гаворыць ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб яго пабачыць».

Калі прынеслі Яму дынар, Ён запытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Яны адказалі Яму: «Цэзара».
 
Дык прынеслі Яму дынар. І кажа ім: «Чый гэта адмалюнак і надпіс?» Кажуць Яму: «Цэзара».

Тады Езус сказаў ім: «Цэзарава аддавайце цэзару, а Божае — Богу». І дзівіліся Яму.
 
Дык сказаў ім Ісус: «Што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае — Богу». І дзівіліся з Яго.

Прыйшлі да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго:
 
І прыходзяць да Ісуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:

«Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, яго брат павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства для брата свайго.
 
«Настаўнік, Майсей напісаў нам: “Калі памрэ чыйсьці брат і пакіне жонку, не маючы сына, дык хай яго брат возьме яе за жонку і створыць нашчадка брату свайму”.

Было сем братоў. Першы ўзяў жонку і памёр, не пакінуўшы патомства.
 
Было сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакінуўшы нашчадка.

Тады ўзяў яе другі і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці.
 
І другі ўзяў яе за жонку, і таксама памёр, не пакінуўшы нашчадка. Падобна і трэці.

І ніхто з семярых не пакінуў патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына.
 
Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі нашчадка. Пасля ўсіх памерла і жанчына.

Пры ўваскрашэнні, калі яны ўваскрэснуць, каму з іх яна будзе жонкай? Бо ў семярых яна была жонкаю».
 
Дык пры ўваскрэсенні, калі ўваскрэснуць, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».

Езус адказаў ім: «Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай?
 
Гаворыць ім Ісус: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што не разумееце ні Пісання, ані магутнасці Божай?

Бо калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як анёлы ў нябёсах.
 
Бо калі ўстануць з мёртвых, дык не будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы ў нябёсах.

А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з цярновага куста прамаўляў да яго, кажучы: “Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба”?
 
Пра мёртвых, што ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог сказаў яму пры кусце, гаворачы: “Я — Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”?

Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся».
 
Бог не ёсць мёртвых, але Бог жывых! Дык вы моцна памыляецеся».

Адзін кніжнік, які прыслухоўваўся да іх, як яны размаўлялі паміж сабою, падышоў і спытаўся: «Якая запаведзь першая з усіх?»
 
І адзін кніжнік, які чуў іх, як яны спрачаліся, ды бачыў, што добра ім Ісус адказаў, падышоў да Ісуса і спытаўся ў Яго: «Каторае прыказанне з усіх першае?»

Езус адказаў: «Першая такая: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны;
 
Ісус адказаў яму: «Першае з усіх прыказанняў такое: “Слухай, Ізраэль! Госпад, Бог наш, — Госпад адзіны.

любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”.
 
Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі тваімі”.

Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя».
 
Другое, падобнае да яго: “Любі блізкага свайго як самога сябе”. Большага за гэтыя прыказанні няма».

І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго.
 
І гаворыць Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што Бог адзіны, ды няма іншага, апрача Яго,

Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні».
 
і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, усёю душою ды ўсімі сіламі, ды любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта больш, чым усе цэласпаленні і ахвяры».

Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.
 
Ісус жа, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца.

Адказваючы, Езус сказаў, навучаючы ў святыні: «Як могуць казаць кніжнікі, што Месія — сын Давіда?
 
І, навучаючы ў святыні, Ісус, адказваючы, казаў: «Як жа кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда?

Сам Давід сказаў у Духу Святым: “Сказаў Пан Пану майму: Сядзь праваруч Мяне,пакуль не пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Твае”.
 
Сам жа Давід сказаў праз Духа Святога: “Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”.

Калі сам Давід называе Яго Панам, то які ж Ён яму сын?» І вялікі натоўп слухаў Яго з задавальненнем.
 
Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — Сын яго?» І велізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго.

А Ён казаў ім, навучаючы: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць прывітанні на рынках,
 
І ў Сваёй навуцы казаў Ісус: «Сцеражыцеся кніжнікаў, якія ахвотна ходзяць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку,

і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах.
 
і першыя лаўкі ў сінагогах ды першыя месцы на банкетах,

Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і доўга моліцца напаказ, атрымаюць найцяжэйшы прысуд».
 
якія аб’ядаюць дамы ўдоў і напаказ доўга моляцца. Чакае іх строгі прысуд».

Сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу.
 
І, сеўшы насупраць скарбонкі, Ісус глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. І многія багатыя кідалі шчодра.

Прыйшла адна бедная ўдава і ўкінула дзве лепты, што складае адзін кадрант.
 
І калі прыйшла адна ўбогая ўдава, то кінула дзве лепты, значыць квадрант.

Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку.
 
І, паклікаўшы Сваіх вучняў, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе, хто кідаў у скарбонку.

Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой».
 
Бо ўсе кідалі з таго, што было ў іх у дастатку, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела, укінула, усё сваё ўтрыманне».