Марка 12 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

І пачаў Езус гаварыць да іх у прыпавесцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў сток пад давілам, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў.
 
І пачаў гаварыць ім у прыповесцях: Чалавек засадзіў вінаграднік, абгарадзіў плотам і выкапаў вінатоку ды збудаваў вежу й, аддаўшы яго ў арэнду земляробам, выехаў.

А ў адпаведны час паслаў да вінаградараў слугу, каб той узяў у вінаградараў частку з пладоў вінаградніку.
 
І паслаў у свой час слугу к земляробам, каб атрымаць пладоў з вінаградніка.

Але яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
 
Яны, схапіўшы яго, збілі й адаслалі бяз нічога.

Тады зноў паслаў да іх іншага слугу, і гэтаму зранілі галаву і зняважылі.
 
І зноў паслаў да іх другога слугу, і таму разбілі голаў ды зняважылі.

Паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, а шмат іншых ці пабілі, ці пазабівалі.
 
І яшчэ да іх паслаў іншага слугу, а таго забілі; ды шмат іншых — адных б’ючы, а другіх забіваючы.

Маючы яшчэ аднаго, умілаванага сына, паслаў яго апошнім да іх, кажучы: “Ушануюць сына майго”.
 
Меў яшчэ аднаго сына найдаражэйшага, і таго ўканцы паслаў да іх, кажучы: Ўшануюць сына майго.

Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго, і спадчына будзе наша”.
 
Адыж земляробы сказалі адзін другому: Гэта-ж наследнік, пойдзем заб’ём яго, і спадчына будзе наша.

І, схапіўшы, забілі яго і выкінулі з вінаградніку.
 
І схапіўшы яго, забілі й выкінулі з вінаградніку.

Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і знішчыць вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.
 
Дык што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе й выгубіць земляробаў, а вінаграднік аддасьць іншым.

Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: “Камень, адкінуты будаўнікамі,стаў галавою вугла.
 
І ці вы ня чыталі гэтага пісання: «Той камень, што адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла.

Пан учыніў гэта,і дзіўнае яно ў вачах нашых”?»
 
Ад Усеспадара гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых?» (Пс. 117:22).

І яны намагаліся схапіць Езуса, бо зразумелі, што гэтая прыпавесць супраць іх, але баяліся натоўпу. Таму, адпусціўшы Яго, адышлі.
 
І маніліся схапіць яго, ды баяліся грамады, зразумелі бо, што пра іх сказаў гэту прыповесьць. І пакінуўшы яго, адыйшлі.

І паслалі да Яго некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць Яго на слове.
 
І пасылаюць к яму некаторых з фарызэеў і гэрэдыянаў, каб падхапіць яго на слове.

Падышоўшы, яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва вучыш шляху Божаму. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць?»
 
Тыя прыйшоўшы сказалі яму: Вучыцелю, мы ведаем, што ты праўдамоўны й не зважаеш на нікога, бо ня ўзіраешся ў твар людзям, а папраўдзе на шлях Божы настаўляеш. Ці гожа даваць падатак цэзару, ці не даваць?

А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, сказаў ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець».
 
Ён-жа, ведаючы іхнюю хітрасьць, сказаў ім: што вы мяне зводзіце? Прынясеце мне паглядзець дэнар.

Калі прынеслі Яму дынар, Ён запытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Яны адказалі Яму: «Цэзара».
 
Яны прынясьлі яму. І кажа ім: Чый гэта воблік і напіс? Кажуць яму: Цэзараў.

Тады Езус сказаў ім: «Цэзарава аддавайце цэзару, а Божае — Богу». І дзівіліся Яму.
 
Езус-жа ў адказ ім гавора: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. Й дзівіліся з яго.

Прыйшлі да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго:
 
І прыйшлі да яго садуцэі, якія кажуць, няня згробуўстання. ды пыталіся ў яго. кажучы:

«Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, яго брат павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства для брата свайго.
 
Вучыцелю. Майзей напісаў нам, што калі-б у каго памёр брат і пакінуў жонку ды не аставіў дзяцей, то няхай брат ягоны возме ягону жонку й адродзіць патомства брату свайму.

Было сем братоў. Першы ўзяў жонку і памёр, не пакінуўшы патомства.
 
І вось было сем братоў, першы ўзяў жонку й памёр, не аставіўшы патомства.

Тады ўзяў яе другі і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці.
 
І ўзяў яе другі й памёр, дый гэты не аставіў патомства. І трэці гэтаксама.

І ніхто з семярых не пакінуў патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына.
 
І гэтак бралі яе сямёх, а не аставілі патомства. Апошняй з усіх памярла й жанчына.

Пры ўваскрашэнні, калі яны ўваскрэснуць, каму з іх яна будзе жонкай? Бо ў семярых яна была жонкаю».
 
Дык пры згробуўстанні, калі з мяртвых устануць, каторага з іх яна будзе сужэнкай? Бо сямёх мелі яе за жонку.

Езус адказаў ім: «Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай?
 
І ў адказ Езус гавора ім: Ці ня дзеля таго вы мыляецеся, што ня ведаеце ні Пісанняў, ні моцы Божай?

Бо калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як анёлы ў нябёсах.
 
Бо калі згробуўстануць, ня будуць ані жаніцца, ані замуж выйходзіць, а будуць як анелы ў небе.

А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з цярновага куста прамаўляў да яго, кажучы: “Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба”?
 
А пра ўмерлых, што паўстануць, ці вы ня чыталі ў кнізе Майзеевай, як Бог ля куста гаварыў яму, кажучы: Я Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба? (Выйсь. 3:6).

Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся».
 
Ня ёсьць Бог умерлых, але жывых. Дык вы дужа мыляецеся.

Адзін кніжнік, які прыслухоўваўся да іх, як яны размаўлялі паміж сабою, падышоў і спытаўся: «Якая запаведзь першая з усіх?»
 
І прыступіў адзін з кніжнікаў, каторы чуў як яны спрачаліся ды бачачы, што ім добра адказаў, спытаўся яго: каторае прыказанне з’яўляецца першаважным?

Езус адказаў: «Першая такая: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны;
 
Езус-жа адказаў яму: Што першае з усіх прыказанняў ёсьць: “Слухай Ізраэль! Госпад Бог твой ёсьць Бог адзіны”;

любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”.
 
і «любі Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю думкаю тваёю, і ўсёю сілаю тваёю» (Паўт. Пр. 6:45). Гэта вось першаважнае прыказанне.

Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя».
 
А другое падобнае да яго: «Любі бліжняга твайго, як сябе самога» (Лев. 19:18). Іншага прыказання, большага за гэта, нямашака.

І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго.
 
І сказаў яму кніжнік: Добра, Вучыцель, ты праўду сказаў, што ёсьць адзін Бог, і няма іншага апрача яго;

Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні».
 
ды каб любіць яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю сілаю, і любіць бліжняга як сябе самога — гэта болей за ўсе жэртвы й ахвяры.

Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.
 
Езус-жа, бачачы, што разумна адказаў, гавора яму: Недалёка ты ад валадарства Божага. І ніхто больш ня важыўся пытаць яго.

Адказваючы, Езус сказаў, навучаючы ў святыні: «Як могуць казаць кніжнікі, што Месія — сын Давіда?
 
А Езус, адзываючыся ў набожні навучаў, кажучы: Як гэта гавораць кніжнікі, што Хрыстус ёсьць сынам Давіда?

Сам Давід сказаў у Духу Святым: “Сказаў Пан Пану майму: Сядзь праваруч Мяне,пакуль не пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Твае”.
 
Калі сам Давід кажа ў Духу сьвятым: «Сказаў Госпад майму Ўсеспадару: сядзь праваруч мяне, пакуль палажу тваіх ворагаў падножжам ног тваіх» (Пс. 109:1).

Калі сам Давід называе Яго Панам, то які ж Ён яму сын?» І вялікі натоўп слухаў Яго з задавальненнем.
 
Сам-жа Давід заве яго Ўсеспадарам, дык скуль-жа ён сын ягоны? І вялікая грамада ахвотна яго слухала.

А Ён казаў ім, навучаючы: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць прывітанні на рынках,
 
І казаў ім у сваёй навуцы: Сцеражэцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у доўгіх вопратках ды быць вітанымі на рынку,

і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах.
 
й сядзець на першых лавах у бажніцах ды першыя месцы на вячэрах;

Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і доўга моліцца напаказ, атрымаюць найцяжэйшы прысуд».
 
якія аб’ядаюць дамы ўдоваў пад пакрывай доўгай малітвы. Тыя дастануць цяжэйшы прысуд.

Сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу.
 
І седзячы насупроць скарбоны, Езус глядзеў, як грамада кідала грошы ў скарбону; і многа багатых кідала шмат.

Прыйшла адна бедная ўдава і ўкінула дзве лепты, што складае адзін кадрант.
 
Калі-ж прыйшла адна бедная ўдава, ўкінула два шэлегі, што выносіць грош.

Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку.
 
І паклікаўшы сваіх вучняў, гавора ім: Сапраўды кажу вам, гэта бедная ўдава палажыла болей за ўсех, што клалі ў скарбону.

Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой».
 
Бо ўсе клалі з таго, што для іх было лішнім, а гэтая палажыла з нястачы свае ўсё, што мела, ўвесь свой пражытак.