1 Пятра 2 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017
Таму, адкінуўшы ўсякую злосць і ўсякі подступ, крывадушнасць і зайздрасць ды ўсякае зласлоўе,
Дык адкінуўшы ўсякае ліха і ўсякую падступнасць, і крывадушнасць, зайздрасць ды ўсякае ачарненне,
як нованароджаныя немаўляты, жадайце чыстага малака слова, каб праз яго ўзрастаць для збаўлення,
як нованароджаныя дзеткі запрагніце духоўнага і непадробленага малака, каб ад яго вы ўзраслі да збаўлення,
бо вы пакаштавалі, які добры ёсць Пан.
бо вы пакаштавалі, які салодкі Госпад.
Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам, каштоўнага,
Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам і каштоўнага,
і вы самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, святарства святое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, прыемныя Богу, праз Езуса Хрыста.
і вы самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, у святарства святое, каб складаць духоўныя ахвяры, мілыя Богу праз Ісуса Хрыста.
Бо сказана ў Пісанні: «Вось я кладу на Сіёне вуглавы камень, выбраны, каштоўны, і хто верыць у Яго, не асароміцца».
Пра гэта сказана ў Пісанні: «Вось, Я кладу на Сіёне вуглавы камень, выбраны і дарагі, і, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».
Таму, для вас, веруючых, Ён — каштоўнасць, а для няверуючых — «камень, які адкінулі будаўнікі. Ён стаў галавою вугла»,
Дык Ён для вас, веруючых, — гонар, а для няверуючых «камень, які адкінулі будаўнікі, які стаўся галавою вугла»
«каменем спатыкнення і скалой спакусы». Яны спатыкаюцца аб яго, бо не пакараюцца слову, дзеля гэтага яны і пакінуты.
ды ёсць «каменем спатыкнення і каменем згаршэння»; аб яго спатыкаюцца няверуючыя Слову, на што і прызначаны.
Вы ж — выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае сваё святло;
Але вы — выбранае племя, валадарнае святарства, святы народ, люд набыты, каб абвяшчалі дасканаласці Таго, Хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае святло Сваё;
калісьці не народ, а цяпер народ Божы; калісьці вы не былі памілаваныя, а цяпер памілаваныя.
вы, калісьці не народ, а цяпер народ Божы, якія былі не дасягнуўшымі міласэрнасці, а цяпер дасягнулі міласэрнасці.
Умілаваныя, я заклікаю вас як чужынцаў і вандроўнікаў устрымлівацца ад цялесных пажадлівасцяў, што ваююць супраць душы.
Умілаваныя, прашу вас, як прыхадняў і падарожнікаў, паўстрымацца цялесных пажаданняў, якія ваююць супраць душы.
Сярод язычнікаў паводзьце сябе добра, каб, нягледзячы на тое, што абгаворваюць вас як злачынцаў, яны ўбачылі вашыя добрыя ўчынкі і праславілі Бога ў дзень наведзін.
Паводзіны вашы сярод паганаў хай будуць добрыя, каб тыя, што ставяцца да вас як да злачынцаў, бачачы вашы добрыя ўчынкі, славілі Бога ў дзень адведзінаў.
Падпарадкоўвайцеся кожнай людской уладзе дзеля Пана: ці то каралю, як найвышэйшаму ўладару,
Падпарадкоўвайцеся кожнай людской уладзе дзеля Госпада: ці гэта цару, як вышэйшаму валадару,
ці то кіраўнікам, што пасланы ім для пакарання злачынцаў і для пахвалы дабрачынцаў.
ці то намеснікам, што праз яго пасланы дзеля пакарання злачынцаў або дзеля пахвалы тых, што дабро робяць,
Бо воля Божая ў тым, каб, робячы дабро, вы прымушалі замаўчаць невуцтва неразумных людзей.
бо такая воля Божая, каб вы добрымі ўчынкамі затыкалі вусны невуцтву неразумных людзей,
Паводзьце сябе як слугі Божыя і свабодныя людзі, а не як тыя, што выкарыстоўваюць свабоду для прыкрыцця зла.
як людзі свабодныя, ды не як тыя, для якіх свабода ёсць покрыва зла, але як паслугачы Божыя.
Паважайце ўсіх, любіце братэрства, бойцеся Бога, шануйце караля.
Усіх паважайце, братоў любіце, Бога бойцеся, цара шануйце!
Слугі, з усёй бояззю падпарадкоўвайцеся гаспадарам, і не толькі добрым і лагодным, але і суровым.
Паслугачы! Падпарадкоўвайцеся з усім страхам гаспадарам, і не толькі добрым і спагадным, але таксама і суровым.
Бо гэта ласка, калі нехта пакутуе з думкаю пра Бога, церпячы несправядліва.
Бо гэта ласка, калі хто ў імя Бога пераносіць гора, церпячы несправядліва.
Якая вам пахвала, калі б’юць вас за правіны? Але калі чыніце дабро і церпіце, то маеце ласку ў Бога.
Бо што гэта за слава, калі вас за грахі б’юць па твары? Але калі церпіце, робячы дабро, дык гэта ласка ў Бога.
Вы для таго пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім.
Вы ж на гэта пакліканы; бо і Хрыстос цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі па Яго слядах:
Ён не ўчыніў граху, і не было падману ў вуснах Ягоных.
Ён не ўчыніў граху, і ў Яго вуснах не знойдзена подступу.
Ён, калі Яму зласловілі, не зласловіў у адказ, калі цярпеў, не пагражаў, але давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва.
Ён, зняважаны, не зневажаў, церпячы, не пагражаў, але ўсё перадаў справядліваму Суддзі.
Ён Сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва, каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці. Ранамі Яго вы аздароўленыя.
Ён грахі нашы Сам узнёс целам Сваім на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся ад грахоў, жылі дзеля справядлівасці; Яго ранамі вы аздароўлены.
Бо вы былі, як авечкі, што заблукалі, але цяпер вы вярнуліся да Пастыра і Ахоўніка вашых душ.
Бо вы былі, як заблуканыя авечкі, але цяпер вярнуліся да Пастыра і Вартаўніка душ вашых.