Да Галятаў 2 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Затым, праз чатырнаццаць гадоў я зноў пайшоў у Ерузалем з Барнабам, узяўшы з сабою і Ціта.
 

А прыйшоў я пад уплывам аб’яўлення і прадставіў ім Евангелле, якое прапаведую язычнікам; асобна для тых, хто мае пашану, каб не аказалася, што я бягу ці бегаў дарэмна.
 

Але нават Ціт, што быў са мною, які быў грэкам, не быў змушаны да абразання.
 

Фальшывым жа братам, якія закраліся, каб парушыць нашую свабоду, якую маем у Езусе Хрысце, і каб мы трапілі зноў у няволю,
 

мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Евангелля захавалася ў вас.
 

Тыя, хто мае пашану, — а кім калісьці былі, мяне не цікавіць, бо не зважае Бог на аблічча чалавека, — дык тыя, што маюць пашану, мне не пярэчылі.
 

Але наадварот, убачыўшы, што мне даручана абвяшчэнне Евангелля сярод неабрэзаных, як Пятру — сярод абрэзаных
 

(бо той, хто дапамагаў Пятру ў апостальстве абрэзаных, дапамагаў і мне сярод язычнікаў),
 

і калі Якуб, Кефас і Ян, якіх лічаць стаўпамі, даведаліся пра дадзеную мне ласку, яны падалі мне і Барнабе правіцу на знак супольнасці, каб нам ісці да язычнікаў, а ім — да абрэзаных,
 

каб толькі мы помнілі пра ўбогіх, і менавіта гэта я старанна рабіў.
 

Калі Кефас прыбыў у Антыёхію, дык я адкрыта выказаў яму сваю нязгоду, таму што ён заслугоўваў дакору.
 

Бо перш, чым некаторыя прыбылі ад Якуба, ён еў разам з язычнікамі. Калі ж тыя з’явіліся, пачаў аддаляцца і адасабляцца, баючыся абрэзаных.
 

І крывадушнічалі разам з ім таксама іншыя юдэі, так што нават Барнабу звяла іхняя крывадушнасць.
 

Але, убачыўшы, што яны збочылі са шляху евангельскай праўды, я сказаў Кефасу перад усімі: «Калі ты, будучы юдэем, жывеш па-язычніцку, а не па-юдэйску, то чаму прымушаеш язычнікаў жыць па-юдэйску?»
 

Мы па прыродзе юдэі, а не грэшнікі сярод язычнікаў.
 

Ведаючы, што чалавек апраўдваецца не дзякуючы захаванню Закону, а толькі праз веру ў Езуса Хрыста, мы паверылі ў Хрыста Езуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз захаванне Закону; бо праз Закон не апраўдаецца ніякае цела.
 

Калі ж мы, шукаючы апраўдання ў Хрысце, самі аказаліся грэшнымі, ці ж Хрыстус — слуга граху? Канешне, не!
 

Бо калі я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю злачынцам.
 

Праз Закон я памёр для Закону, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом.
 

І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне.
 

Не адкідаю ласкі Божай. А калі апраўданне дасягаецца праз Закон, то Хрыстус памёр дарэмна.