Да Галятаў 5 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Гарошка
Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі.
Вось я, Павел, кажу вам: калі вы дасцё сябе абрэзаць, Хрыстус вам нічым не дапаможа.
Яшчэ сведчу кожнаму чалавеку, які прымае абразанне, што ён павінен выконваць увесь Закон.
Вы, што апраўдваеце сябе Законам, аддаляецеся ад Хрыста і адпалі ад ласкі.
Мы ж у Духу з надзеяй чакаем апраўдання праз веру.
Таму што ў Хрысце Езусе не мае моцы ні абразанне, ні адсутнасць абразання, але вера, якая дзейнічае праз любоў.
Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе?
Пераконванне гэтае не ад таго, які вас кліча.
Малая закваска квасіць усё цеста.
Наконт вас я ўпэўнены ў Пану, што вы не будзеце думаць інакш. А хто бунтуе вас, той будзе асуджанны, хто б ён не быў.
Браты, калі я і далей абвяшчаю абразанне, то чаму надалей мяне пераследуюць? Бо тады знікла б згаршэнне крыжа.
О, каб былі скалечаныя тыя, якія вас бунтуюць!
Вы, браты, пакліканыя да свабоды. Толькі не выкарыстоўвайце свабоды, каб дагадзіць целу, але ў любові служыце адзін аднаму.
Бо ўвесь Закон спаўняецца ў адным: любі бліжняга свайго, як самога сябе.
Калі ж адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, то глядзіце, каб не пазабівалі вы адзін аднаго!
Я кажу: паступайце паводле Духа і не выконвайце жаданняў цела.
Бо жаданні цела супярэчаць Духу, а Дух супярэчыць целу, таму што яны супрацьстаяць адзін аднаму, каб вы не маглі рабіць таго, што хацелі б.
Калі кіруе вамі Дух, то вы не пад Законам.
Учынкі ж цела вядомыя, а гэта: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць,
ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, звады, ерасі,
нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам зноў, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.
А плод Духа — гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць,
далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону.
А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з жаданнямі і пажадлівасцю.
Калі мы жывем паводле Духа, то і паступаем паводле Духа.
Не будзем шукаць пустой славы, дражнячы і ненавідзячы адзін аднаго.