1 да Карынфянаў 9 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава
Ці я не свабодны? Ці я не Апостал? Ці я не бачыў Езуса Хрыста, Пана нашага? Ці не мая вы справа ў Пану?
Ці я ня Апостал? ці я ня вольны? ці я ня бачыў Госпада нашага Ісуса Хрыста? ці ня мая праца — вы ў Госпадзе?
Калі для іншых я не Апостал, то для вас Апостал, бо пячатка майго апостальства — вы ў Пану.
Калі ж для другіх я ня Апостал, то для вас я (Апостал); таму што пячаць майго Апостальства — вы ў Госпадзе.
Вось такі адказ мой тым, што судзяць мяне.
У гэтым маё апраўданьне перад тымі, хто судзіць мяне.
Ці мы не маем права есці ды піць?
Дык няўжо мы ня маем улады есьці і піць?
Ці не маем права мець спадарожніцаю сястру, жонку, як іншыя Апосталы і браты Пана, і Кефас?
Няўжо мы ня маем улады мець спадарожніцай сястру жонку, як і астатнія Апосталы, і браты Госпада, і Кіхва?
Ці адзін я і Барнаба не маем права не працаваць?
Ці адзін я і Барнаба ня маем улады ня працаваць?
Хто калі-небудзь служыў у войску на свой кошт? Хто садзіць вінаграднік і не есць яго пладоў? Або хто пасвіць статак і не есць малака ад статку?
(Ды) хто калі служыць у войску на свой кошт? Хто садзіць вінаграднік і ня есьць ад яго плоду? Ці хто пасе статак і ня есьць ад статку малака?
Ці я гавару гэта як чалавек? Хіба не кажа гэта і Закон?
Ці гавару гэта (толькі) па-чалавечаму, і ці ня гаворыць гэтага нават Закон?
Бо ў Законе Майсея напісана: «Не завязвай пысы валу, што малоціць». Ці аб валах клапоціцца Бог?
Бо ў Масеявым Законе напісана: ня завязвай пысу валу, які малоціць. Ці аб валах клапоціца Бог?
Ці не дзеля нас увогуле кажа? Бо дзеля нас напісана, што араты павінен араць з надзеяй, а малацьбіт — з надзеяй на частку.
А ці ня, менавіта, аб нас (Ён) гаворыць? Бо напісана (гэта) для нас, таму што той, хто арэ, павінен араць з надзеяй, і, той, хто малоціць, (павінен малаціць) з надзеяй атрымаць спадзяваную частку.
Калі мы пасеялі ў вас духоўнае дабро, ці вялікая рэч, калі пажнем у вас цялеснае?
Калі мы пасеялі ў вас духовае, ці вялікая рэч, калі мы пажнём у вас цялеснае?
Калі іншыя маюць права над вамі, то мы тым больш? Аднак мы не скарысталі з гэтага права, але ўсё церпім, каб не ўчыніць якой перашкоды Хрыстоваму Евангеллю.
Калі іншыя маюць уладу над вамі, дык ці ня больш мы? Але мы ня скарысталі гэту ўладу, а ўсё зносім, каб ня ўчыніць якой перашкоды Эвангельлю Хрыста.
Ці ж не ведаеце, што тыя, хто працуе пры святыні, жывяцца са святыні, а тыя, што служаць пры ахвярніку, маюць частку з ахвярніка?
Ці ня ведаеце, што тыя, што служаць пры Сьвятыні, ядуць ад Сьвятыні? Што тыя, хто служыць пры ахвярніку, маюць права на частку ад ахвярніка?
Так і Пан загадаў тым, хто абвяшчае Евангелле, жыць з Евангелля.
Так і Госпад загадаў тым, што апавяшчаюць Эвангельле, жыць ад Эвангельля.
Але я нічым з гэтага не карыстаўся. Напісаў жа гэта не для таго, каб так сталася для мяне, бо для мяне лепш памерці, чым… Гэтага майго гонару ніхто не знішчыць.
Але я з гэтага нічым ня скарыстаўся. І напісаў (я) гэта ня дзеля таго, каб так было для мяне. Бо мне лепей памерці, чым каб хто зьнішчыў славу маю.
Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо гэты абавязак ўскладзены на мяне. Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля.
Бо калі я абвяшчаю Эвангельле, то няма мне (асаблівай) пахвалы, таму што на мне ляжыць (гэты) абавязак; і гора мне, калі я ня абвяшчаю Эвангельле.
Бо, калі раблю гэта з уласнай волі, атрымліваю ўзнагароду, а калі не з уласнай, то выконваю даручаны абавязак.
Бо калі я раблю гэта самаахвоць, (то) маю (і адпаведную) узнагароду; калі ж (раблю гэта) па абавязку, (то выконваю толькі) даручанае мне служэньне.
Якая ж мая ўзнагарода? Такая, каб, бескарысліва абвяшчаючы Евангелле, я не карыстаўся правам, дадзеным мне праз яго абвяшчэнне.
(Пытаецеся) за што ж мне (яшчэ) ўзнагарода? (А за тое), што абвяшчаючы Эвангельле задарма́, я насадзіў Эвангельле Хрыста ня скарыстаўшыся маёй уладай ад Эвангельля!
Будучы свабодным ад усіх, я стаў нявольнікам усіх, каб здабыць яшчэ больш.
Бо, будучы вольным ад усіх, я падняволіў сябе ўсім, каб больш прыдбаць:
Для юдэяў я стаў як юдэй, каб здабыць юдэяў. Для тых, хто падпарадкоўваецца Закону, я стаў як той, хто падпарадкоўваецца Закону (хоць сам не быў пад Законам), каб здабыць падпарадкаваных Закону.
і для жыдоў я стаўся як жыд, каб прыдбаць жыдоў; для тых, каторыя пад Законам, (я стаўся), як падзаконны, каб прыдбаць тых, каторыя пад Законам.
Хоць маю Закон Божы, але згодны з Законам Хрыста, я стаў для тых, хто не мае Закону, як той, хто не мае Закону, каб здабыць тых, хто не мае Закону.
Для тых, хто ня пад Законам, (я стаўся) як няпадзаконны, ня будучы перад Богам няпадзаконным, але падзаконны Хрысту, каб прыдбаць няпадзаконных;
Для нядужых я стаў як нядужы, каб здабыць нядужых. Для ўсіх я стаў усім, каб уратаваць прынамсі некаторых.
для немачных я стаўся, як немачны, каб прыдбаць немачных. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб прынамсі збавіць хаця б нікаторых.
Раблю ж гэта дзеля Евангелля, каб стаць яго саўдзельнікам.
І раблю гэта (я) для Эвангельля, каб стаць ягоным саўдзельнікам.
Ці не ведаеце, што на стадыёне бягуць усе бегуны, але ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб яе атрымаць.
Ці ня ведаеце, што тыя, што бягуць ў забегу, бягуць усе, але ўзнагароду атрымоўвае адзін. Таму бяжыце так, каб атрымаць (узнагароду).
Кожны спаборнік вытрымлівае ўсё: толькі тыя, каб атрымаць знішчальны вянок, а мы — незнішчальны.
Кожны ж барацьбіт устрымліваецца ад усякай (лішніцы): тыя (адны) дзеля таго, каб атрымаць вянок тленны, а мы — нятленны.
Таму я не бягу так, нібы бязмэтна, не змагаюся так, нібы б’ючы паветра;
Таму, я бягу ня так, як (бы) бязмэтна, б’юся ня так, як (бы) б’ючы паветра;
але я суровы да свайго цела і знявольваю яго, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца няздатным.
але я утаймоўваю маё цела і валадарнічаю (над ім), каб прапаведуючы другім, самому ня стацца нявартым.