1 да Карынфянаў 7 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава
Што да напісанага вамі, то добра для мужчыны не кранацца жанчыны.
А адносна таго, пра што вы мне напісалі: дык добра мужчыне ня дакранацца да жанчыны.
Але, каб пазбегнуць распусты, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа.
Але, каб (унікнуць) блудадзейства, кожны май сваю жонку, і кожная май свайго мужа.
Муж няхай выконвае свой абавязак адносна жонкі. Таксама і жонка адносна мужа.
Муж хай аказвае належную любоў да жонкі; роўна і жонка да мужа.
Жонка не распараджаецца сваім целам, але муж. Таксама і муж не распараджаецца сваім целам, але жонка.
Жонка ня ўладная над сваім целам, але муж; роўна і муж ня ўладны над сваім целам, але жонка.
Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на нейкі час, каб вы мелі час на малітву, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана праз вашую няўстрыманасць.
Ня ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба што па згодзе на час, каб быць вам свабоднымі для посту і малітвы, а (потым) зноў будзьце разам, каб ня спакушаў вас шатан цераз вашу няўстрыманасьць.
Кажу гэта як параду, а не як загад.
Гэта кажу як дазвол, а ня як загад.
Бо хачу, каб усе людзі былі, як і я, але кожны мае свой дар ад Бога, адзін так, другі гэтак.
Бо жадаю, каб усім людзям быць так, як і я, але кожны мае ад Бога свой дар: адзін такі, а другі інакшы.
Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра, калі застануцца, як я,
Кажу ж няжанатым і ўдовам: добра ім, калі (яны) застаюцца, як і я.
але, калі не вытрымліваюць, няхай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым палаць пажадлівасцю.
Але калі яны ня могуць устрымацца, хай бяруць шлюб: бо лепш узяць шлюб, чым распаляцца.
Тым жа, хто ажаніўся, не я наказваю, але Пан, каб жонка не адыходзіла ад мужа.
Тым жа, хто ўзяў шлюб, загадаваю ня я, а Госпад: жонцы ня разводзіцца з мужам, —
Калі ж адыдзе, то няхай застаецца без мужа, ці паяднаецца са сваім мужам. Муж таксама няхай не пакідае жонкі.
калі ж і разьвядзецца, хай застаецца нязамужняй, альбо хай прымірыцца з мужам, — а мужу ня пакідаць жонкі.
Астатнім кажу я, не Пан: калі хто з братоў мае жонку няверуючую, і яна згаджаецца жыць з ім, то няхай не пакідае яе.
А астатнім я кажу, ня Госпад: калі які брат мае жонку няверучую, і яна згаджаецца жыць зь ім, то ён ня павінен пакідаць яе;
Таксама жонка, якая мае няверуючага мужа, і той згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае яго,
і жонка, якая мае мужа няверучага, і ён згаджаецца жыць зь ёю, ня павінна пакідаць яго.
бо няверуючы муж асвячаецца праз жонку, і няверуючая жонка асвячаецца праз мужа; інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер яны святыя.
Бо няверучы муж асьвячоны жонкай (верніцай), і жонка няверучая асьвячона мужам (вернікам), інакш дзеці вашыя былі б нячыстымі. А цяпер яны — сьвятыя.
Калі ж няверуючы хоча адысці, няхай адыдзе; брат ці сястра ў такіх выпадках не зняволеныя, бо да згоды паклікаў нас Пан.
Калі ж няверучы разводзіцца, хай разводзіцца; у такіх (выпадках) брат альбо сястра ня прынявольваецца; да міру паклікаў нас Бог.
Адкуль жа ты ведаеш, жонка, што збавіш мужа? Або ты, муж, адкуль ведаеш, што збавіш жонку?
Бо адкуль ты ведаеш, жонка, ці ня ўратуеш мужа? Альбо адкуль ты ведаеш, муж, ці ня ўратуеш ты жонку?
Зрэшты, кожны няхай паступае так, як Бог яму вызначыў, да чаго кожнага паклікаў Пан. Так я загадваю па ўсіх Касцёлах.
Толькі кожны хай паступае так, як прызначыў (яму) Бог; кожны (хай паступае), як заклікаў (яго) Госпад. І так я загадваю ва ўсіх цэрквах.
Калі пакліканы хтосьці абрэзаным, няхай не хаваецца. Пакліканы хтосьці неабрэзаным? Няхай не абрэзваецца!
Закліканы хто абрэзаным, хай ня хавае абразаньня; закліканы хто няабрэзаным, ня абрэзавайся.
Абразанне — нішто, і неабразанне — нішто, але лічыцца выкананне Божых запаведзяў.
Абразаньне — нішто, і няабразаньне — нішто, але выкананьне загадаў Бога.
Кожны няхай застаецца ў тым пакліканні, у якім быў пакліканы.
Кожны заставайся ў тым стане, у якім пакліканы.
Быў пакліканы як нявольнік? Не турбуйся. Але, калі можаш стаць свабодным, скарыстай з гэтага!
(Калі) ты пакліканы рабом, (хай) цябе (гэта) ня хвалюе, але калі і можаш стацца вольным, скарыстай (гэта), як лепшае.
Бо нявольнік, пакліканы ў Пану, ёсць свабодным Пана. Гэтак сама і пакліканы як свабодны ёсць нявольнікам Хрыста.
Бо раб, закліканы ў Госпадзе, ёсьць вольнік Госпада; падобна і пакліканы вольным ёсьць раб Хрыста.
Вы куплены дарагой цаною! Не станавіцеся нявольнікамі людзей.
(Дарагою) цаною куплены вы; ня рабіцеся рабамі людзей.
Браты, кожны, у якім пакліканні быў пакліканы, у тым няхай застаецца перад Богам.
Браты, кожны (з вас) хай астаецца перад Богам у тым (стане), у якім пакліканы.
Адносна дзеваў я не маю наказу ад Пана, але выказваю сваё меркаванне як той, каго міласэрнасць Пана зрабіла вартым даверу.
Адносна ж дзявоцтва (бяззаганнасьці) я ад Госпада загаду ня маю, але даю параду, як (чалавек), які атрымаў ад Госпада ласку быць верным.
Таму з-за цяперашняга ўціску я лічу добрым, што чалавеку лепш заставацца такім.
Таму лічу гэта лепшым (выхадам) са склаўшайся сітуацыі: добра чалавеку заставацца так:
Ты маеш жонку? Не шукай вызвалення. Не маеш жонкі? Не шукай яе.
Зьвязаны ты з жонкай — ня шукай вызваленьня. Вызвалены ты ад жонкі — ня шукай жонкі.
Калі ты і ажаніўся, то не зграшыў, і калі дзева выйшла замуж, не зграшыла. Але такія зведаюць пакуту ў целе, а я шкадую вас.
Калі ж і возьмеш шлюб, ня зграшыш; і калі выйдзе замуж дзяўчына, ня зграшыць. Але такія будуць мець уціск па целу: а я вас шкадую.
Я кажу вам, браты, што час кароткі.
Кажу ж гэта, браты: час (нашага жыцьця) вельмі кароткі, таму і тыя, хто маюць жонак, павінны быць, як ня маючыя (жонак);
Таму тыя, хто мае жонак, няхай будуць як тыя, хто не мае. І тыя, хто плача, як тыя, хто не плача. І тыя, хто радуецца, як тыя, хто не радуецца. І тыя, хто купляе, як тыя, хто не набывае.
і тыя, што плачуць, як (тыя, што) ня плачуць; і тыя, што радуюцца, як тыя, (што ня) радуюцца; і тыя, што купляюць, як тыя, (што нічога) ня маюць;
І тыя, хто карыстаецца светам, няхай будуць як тыя, хто не карыстаецца, бо мінае вобраз гэтага свету.
і тыя, што карыстаюцца сьветам гэтым, як тыя, (што ня) карыстаюцца, бо мінаецца вобраз гэтага сьвету.
Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану.
А я хачу, каб вы былі бяз (жыцьцёвых) турботаў. Няжанаты клапоціцца аб тым, што ад Госпада, як яму дагадзіць Госпаду;
А жанаты клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца жонцы,
а той, хто жаніўся, клапоціцца аб тым, што ад сьвету гэтага, як яму дагадзіць жонцы.
і ён падзелены. Таксама незамужняя жанчына і дзева клапоціцца пра справы Пана, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца мужу.
Ёсьць розніца паміж замужняю і дзяўчынаю: нязамужняя клапоціцца аб тым, што ад Госпада, каб быць ёй сьвятой і целам, і духам; а замужняя клапоціцца аб тым, што ад сьвету гэтага, як ёй дагадзіць мужу.
Кажу гэта для вашай карысці, не для таго, каб накінуць на вас путы, але для таго, каб вы дастойна і вытрывала служылі Пану.
Кажу ж гэта для вашай жа карысьці: ня для таго, каб накінуць на вас пятлю, але для годнага і бясперапыннага (служэньня) Госпаду, ня адхіляючыся.
Калі хто-небудзь лічыць, што паступае нягодна са сваёй дзевай, бо мінаюць ужо гады яе маладосці, і перакананы, што павінен так паступіць, то няхай паступае, як хоча, ён не грашыць. Няхай жэняцца.
Калі ж хто лічыць няпрыстойным у адносінах да сваёй дзяўчыны — нявіньніцы, каб яна, перацьвіўшы, так і засталася, хай паступае, як хоча, ня зграшыць: хай бяруць шлюб.
Але калі нехта без ніякага прымусу, пануючы над сваёй воляй, цвёрда вырашыў у сваім сэрцы захаваць дзявоцтва, той робіць добра.
Але хто стаіць няпахісна цьвёрдым у сэрцы (сваім), ня маючы патрэбы, але мае ўладу над жаданьнем сваім і гэтак вырашыў у сэрцы сваім захаваць нявіннасьць сваю, той добра робіць.
Таксама і той, хто жэніцца са сваёй дзевай, але той, хто не жэніцца, робіць яшчэ лепш.
Так што і той, хто выдае замуж (дзяўчыну — нявіньніцу) добра робіць; а той, хто ня выдае замуж, робіць лепш.
Жонка звязаная столькі часу, колькі жыве яе муж. Аднак, калі памёр яе муж, яна можа выйсці замуж за каго пажадае, каб толькі ў Пану.
Жонка зьвязана законам да таго часу, (пакуль) жывы ейны муж; калі ж памрэ ейны муж, (то) яна вольная выйсьці замуж за каго хоча, толькі ў Госпадзе.
Аднак больш шчаслівай была б, калі б засталася так, як я раю. Думаю, і я маю Божага Духа.
Але яна шчасьлівейшая, калі застанецца так, па маёй парадзе; думаю ж, што і я маю Духа Божага.