Да Эфэсянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Дзеці, слухайцеся ў Пану сваіх бацькоў, бо гэта справядліва.
Шануй бацьку свайго і маці — гэта першая запаведзь у абяцанні,
каб добра было табе і каб доўга ты жыў на зямлі.
І вы, бацькі, не раздражняйце вашых дзяцей, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана.
Нявольнікі, слухайцеся вашых гаспадароў паводле цела з бояззю і трымценнем, у прастаце вашага сэрца, як Хрыста.
Служыце не толькі для вока, каб спадабацца людзям, але як Хрыстовыя нявольнікі, выконваючы Божую волю ад душы,
служачы рупліва, як Пану, а не як людзям.
Ведайце, што кожны, нявольнік ён ці свабодны, калі зробіць нешта добрае, атрымлівае тое ж ад Пана.
І вы, гаспадары, рабіце з імі тое самае: перастаньце пагражаць, ведаючы, што і над вамі, і над імі ёсць у нябёсах Пан, які не зважае на асобу.
Нарэшце, мацуйцеся ў Пану магутнасцю Ягонай сілы.
Апраніцеся ва ўсю Божую зброю, каб вы маглі супрацьстаяць подступам д’ябла.
Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры гэтага свету, супраць нябесных духаў злосці.
Дзеля гэтага прыміце ўсю Божую зброю, каб вы маглі супрацьстаяць у ліхі дзень і, усё адолеўшы, выстаяць.
Таму станьце, падперазаўшы свае сцёгны праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці,
і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой.
А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога;
і шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць Божае слова.
Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых
і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць свае вусны, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля,
дзеля якога я стаў пасланнікам у кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.
Тыхік, умілаваны брат і верны слуга ў Пану, пра ўсё раскажа вам, каб вы ведалі пра мяне і што я раблю.
Я паслаў яго да вас, каб вы ведалі, што ў нас робіцца, і каб ён падбадзёрыў вашыя сэрцы.
Спакой вам, браты, і любоў з вераю ад Бога Айца і Пана Езуса Хрыста.
Ласка з усімі, якія любяць Пана нашага Езуса Хрыста незнішчальнай любоўю. Амэн.