Да Эфэсянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Дзеці, слухайцеся бацькоў вашых у Госпадзе, бо гэта справядліва.
«Шануй бацьку твайго і матку» — гэта ёсьць першае прыказаньне з абяцаньнем:
«каб было табе добра, і будзеш доўгалетным на зямлі».
І вы, ба́цькі, ня ўцьвяляйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у навуцы і напамінаньні Госпадавым.
Рабы, слухайцеся гаспадароў (вашых) паводля цела са страхам і трымценьнем у прастаце сэрца вашага, як Хрыста, —
ня на вачах толькі служачы, як абманваючыя падхалімы перад чалавекам, але як рабы Хрыста, якія спаўняюць волю Бога ад шчырай душы,
служачы шчыра, як Госпаду, а ня людзям,
ве́даючы тое, што кожны, калі зробіць нешта добрае, ад Госпада ён атрымае тое самае, ці то раб ці то вольны.
І вы, гаспадары, таксама паступайце зь імі, сьцішаючы патрабавальнасьць, ве́даючы, што і ў вас і ў іх ёсьць у Нябёсах Госпад, і прадузятасьці (да асобы) у Яго няма.
Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай.
Апраніцеся ў поўную зброю ад Бога, каб вы маглі выстаяць супраць хітрыкаў д’ябла,
таму што наша барацьба ня супраць крывí і це́ла, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусьветных валадароў цемры веку гэтага, супраць духаў злобы, што ў небе.
Дзеля гэтага прыміце поўную зброю ад Бога, каб вы змаглі супрацьстаць у дзень ліхí і, ўсё пераадолеўшы, выстаяць.
Дык стойце, падперазаўшы паясьніцу вашую праўдаю, і надзеўшы панцыр праведнасьці,
і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;
а да ўсяго гэтага, узяўшы шчыт веры, якім вы зможаце пагасіць усе агнявыя стрэлы ліхога,
і шалом выратаваньня вазьміце і меч Духа, які ёсьць Слова Бога.
Усякай малітвай і маленьнем, молячыся ва ўсякі час у Духу, і аб гэтым самым рупцеся са ўсякай трываласьцю і прашэньнем аб усіх сьвятых
і аба мне, каб мне было дадзена слова — на адкрываньне маіх вуснаў адважна абвясьціць тайну Эвангельля,
дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб мне адважна дабравесьціць, як і належыць мне апавяшчаць.
А каб і вы ведалі аба мне, і што раблю, усё вам раскажа Тыхік, любасны брат і верны служка ў Госпадзе,
якога я паслаў да вас для таго самага, каб вы даведаліся пра нас, і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
Мір братам і любоў зь верай ад Бога Бацькі і Госпада Ісуса Хрыста.
Багадаць са ўсімі, хто любіць Госпада нашага Ісуса Хрыста любоўю вечнай. Амін.