Да Эфэсянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Дык вось, наследуйце Бога, як дзеці ўмілаваныя,
і паступайце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас і аддаў сябе за нас як дар і ахвяру Богу на прыемны пах.
А распуста, і ўсялякая нячыстасць, і сквапнасць няхай нават не згадваюцца сярод вас, як гэта належыць святым.
Таксама і непрыстойнасць, і пустаслоўе, і вульгарнасць нягожыя для вас. Наадварот, няхай лепш будзе падзяка.
Вы павінны ведаць, што ніякі распуснік, або нячысты, ці сквапны, гэта значыць ідалапаклоннік, не мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога.
Няхай ніхто не зводзіць вас марнымі словамі, бо праз гэта прыходзіць Божы гнеў на непаслухмяных сыноў.
Не будзьце ж іх супольнікамі.
Калісьці вы былі цемрай, а цяпер вы святло ў Пану. Паступайце, як дзеці святла.
Бо плод святла ёсць ва ўсялякай дабрыні, справядлівасці і праўдзе.
Імкніцеся да таго, што даспадобы Пану.
Не бярыце ўдзел у бясплённых справах цемры, а лепш выкрывайце іх.
Бо пра тое, што яны робяць патаемна, нават сорамна казаць.
А ўсё, што выкрываецца праз святло, становіцца яўным, бо ўсё, што становіцца яўным, ёсць святло.
Таму сказана: «Прачніся, які спіш, і ўваскрэсні, і Хрыстус асветліць цябе».
Глядзіце дакладна, як паступаеце, не як неразумныя, а як мудрыя.
Выкарыстоўвайце час, бо дні ліхія.
Не будзьце ж неразважнымі, але пазнавайце, што ёсць воляй Пана.
І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста, але напаўняйцеся Духам,
настаўляючы саміх сябе псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, спяваючы і праслаўляючы Пана ў вашых сэрцах.
Дзякуйце заўсёды за ўсё Богу і Айцу ў імя Пана нашага Езуса Хрыста.
Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай.
Жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, як Пану,
бо муж — галава жонкі, як і Хрыстус — Галава Касцёла. Ён — Збаўца цела.
Таму, як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі падпарадкоўваюцца ва ўсім мужам.
Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго,
каб асвяціць яго, ачысціўшы купеллю вады і словам,
каб ён з’явіўся перад Ім слаўным Касцёлам, які не мае плямы, ці заганы, ці чаго-небудзь падобнага, і каб ён быў святы і беззаганны.
Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела. Хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.
Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, але корміць і даглядае яго, як і Хрыстус свой Касцёл,
бо мы члены Ягонага цела.
Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам.
Вялікая таямніца гэтая, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і да Касцёла!
Дык няхай кожны з вас любіць сваю жонку так, як самога сябе, а жонка няхай паважае мужа.