Да Эфэсянаў 5 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Дык вось, будзьце перайма́льнікамі Бога, як дзеці ўзлю́бленыя,
 

і жывіце ў любові, як і Хрыстос узлюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэнне і ахвяру Богу як пах водарны.
 

А блуд і ўсялякая нечыстата́ або хцівасць не павінны нават зга́двацца сярод вас, як гэта ма́е быць у святых;
 

таксама бессаромнасць і бязглу́здыя размовы ці непрысто́йныя жарты — гэта нягожа, а лепш падзяка;
 

бо тое ведайце, што ніякі блуднік, альбо нячысты, альбо хцівец, гэта значыць ідаласлужыцель, не ма́е спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
 

Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў праціўлення:
 

дык не майце нічога супольнага з імі.
 

Вы калісьці былі цемраю, а цяпер — святло ў Госпадзе: паводзьце сябе, як дзеці святла,
 

бо плод Духа — ва ўсякай добрасці, праведнасці і ісціне;
 

распазнавайце, што́ даспадобы Богу,
 

і не ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а, наадварот, выкрывайце.
 

Бо пра тое, што яны тайна робяць, сорамна і гаварыць.
 

А ўсё вы́крытае робіцца яўным ад святла, бо ўсё, што робіцца яўным, — гэта святло;
 

таму ска́зана: «устань, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асве́тліць цябе Хрыстос».
 

Дык глядзіце, наколькі асцярожна вы паводзіце сябе, будзьце не як неразумныя, а як мудрыя,
 

даражыце часам, бо дні ліхія.
 

Таму не будзьце неразва́жнымі, а спасціга́йце, у чым воля Божая.
 

І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуснасць; а напаўняйцеся Духам,
 

звяртаючыся адзін да аднаго псалмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі, спяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,
 

дзякуючы заўжды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Іісуса Хрыста,
 

падпарадко́ўваючыся адзін аднаму ў страху Божым.
 

Жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, як Госпаду,
 

бо муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа Спасіцель цела.
 

Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі сваім мужам ва ўсім.
 

Мужы, любíце сваіх жонак, як і Хрыстос узлюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
 

каб асвяціць яе, ачы́сціўшы ў купелі воднай праз слова;
 

каб паставіць яе перад Сабой як слаўную Царкву, якая не ма́е пля́мы, ці зага́ны, ці чаго-небудзь падобнага, а каб яна была святой і бездакорнай.
 

Так павінны мужы любíць сваіх жонак, як свае целы: хто лю́біць сваю жонку, той лю́біць самога сябе.
 

Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву,
 

таму што мы члены Цела Яго, ад плоці Яго і ад касцей Яго.
 

Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое адной плоццю.
 

Тайна гэтая вялікая; а гавару я ў адносінах да Хрыста і да Царквы.
 

Так кожны з вас няхай лю́біць сваю жонку, як самога сябе; а жонка няхай баіцца свайго мужа.