Мацьвея 4 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Потым Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго.
Пасля сарака дзён і сарака начэй посту Езус адчуў голад.
Тады падышоў да Яго спакуснік і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам».
А Ён сказаў у адказ: «Напісана: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек,а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”»
Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на крыле святыні
і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам сваім загадае пра Цябе,і на руках панясуць Цябе,каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагой сваёй”».
Езус сказаў яму: «Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”».
Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх.
І сказаў Яму: «Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне».
Але Езус сказаў яму: «Адыдзі, сатана! Бо напісана:“Пану Богу твайму пакланяйсяі Яму аднаму служы”».
Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось, анёлы падышлі і служылі Яму.
Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею.
Пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія,
каб збылося сказанае прарокам Ісаем, які кажа:
«Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева,на шляху марскім, за Ярданам,Галілея язычнікаў,
народ, які сядзеў у цемры,убачыў святло вялікае,над жыхарамі краіны смяротнага ценюзаззяла святло».
З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі.
І сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей».
Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
Калі адтуль пайшоў далей, убачыў іншых двух братоў: Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія ў чоўне з бацькам іхнім Зэбэдэем ладзілі свае сеткі, і паклікаў іх.
А яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго і пайшлі за Ім.
Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і абвяшчаючы Евангелле Валадарства. Ён лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей.
Таму пайшла пра Яго чутка па ўсёй Сірыі. Пачалі прыводзіць да Яго ўсіх нямоглых, што цярпелі на розныя хваробы і слабасці, апанаваных злымі духамі, эпілептыкаў і паралізаваных, і Ён вылечваў іх.
За Ім ішлі вялікія натоўпы з Галілеі і Дэкаполіса, з Ерузалема, Юдэі і з-за Ярдана.