2 да Карынфянаў 12 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Некарысна мне́ хваліцца; перайду-ж да відзе́жаў і адкрыцьцяў Гасподніх.
Не карысна мне хваліцца, бо я дайду да відзежаў і адкрыцьцяў Госпадавых.
Ве́даю чалаве́ка ў Хрысьце́, які чатырнаццаць год назад (ці ў це́ле — ня ве́даю, ці па-за це́лам — ня ве́даю; Бог ве́дае) падхоплены быў да трэцяга не́ба.
Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць гадоў таму, ці ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю, Бог ведае, быў падхоплены да трэцяга неба.
І ве́даю гэткага чалаве́ка (ці у це́ле, ці па-за це́лам, ня ве́даю: Бог ве́дае),
І ведаю гэткага чалавека, ці ў целе, ці па-за целам, ня ведаю, Бог ведае,
што быў узяты ў рай і чуў нявымоўныя словы, якіх чалаве́ку не́льга выгаварыць.
які быў падхоплены ў рай і чуў невымоўныя словы, якіх чалавеку нельга вымавіць.
Гэтакім магу хваліцца; сабою-ж не пахвалюся, хіба толькі бяссільлем маім.
Гэтакім буду хваліцца, а сабою ня буду хваліцца, хіба толькі слабасьцямі маімі.
Калі-ж захачу хваліцца, ня буду дурным, бо скажу праўду; але я стрымліваюся, каб хто не падумаў аба мне́ бале́й, чым у-ва мне́ бачыць або чуе ад мяне́.
Бо калі захачу хваліцца, ня буду неразумным, бо скажу праўду; але я шкадую сябе, каб ніхто не падумаў пра мяне больш, чым бачыць у-ва мне або чуе ад мяне.
І, каб я не вывышшаўся ве́ліччу церазьме́рнай адкрыцьцяў, дадзена мне́ калючка ў це́ла, ангел шата́навы, каб зьняважаці мяне́, каб я не вывышшаўся.
І, каб я не вывышаўся празьмернасьцю адкрыцьцяў, дадзены мне бадыль у цела, анёл шатана, каб біць мяне, каб я не вывышаўся.
Тройчы маліў я Госпада аб ім, каб адступіўся ад мяне́.
Дзеля гэтага тройчы прасіў я Госпада, каб ён адыйшоў ад мяне.
Але Госпад сказаў мне́: даволі табе́ ласкі Мае́й, бо сіла мая завяршаецца ў слабасьці. Дык ахвотна больш буду хваліцца сваімі слабасьцямі, каб увайшла ў мяне́ сіла Хрыстовая.
І [Госпад] сказаў мне: «Хопіць табе ласкі Маёй, бо моц Мая спаўняецца ў слабасьці». Дык ахвотна больш буду хваліцца слабасьцямі маімі, каб жыла ў-ва мне моц Хрыстовая.
Дзеля гэтага я добрае мысьлі і ў слабасьцях, у крыўдах, у недастатках, у перасьле́даваньнях, у ўціску за Хрыста, бо, калі я слабы́, тады дужы́.
Дзеля гэтага я маю ўпадабаньне і ў слабасьцях, у крыўдах, у патрэбах, у перасьледаваньнях, ва ўцісках за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.
Я адурэў, хвалячыся; вы мяне́ прымусілі. Бо трэба было, каб вамі быў хва́лены, бо ні ў чым я ня горшы за найпе́ршых Апосталаў, хаця я й нішто.
Я стаўся неразумным, хвалячыся; вы мяне змусілі. Бо трэба было, каб я вамі быў адрэкамэндаваны, бо ні ў чым я ня горшы за найпаважнейшых апосталаў, хоць я і нішто.
Знакі Апостала сталіся ў вас у ўсякім цярпе́ньні, знаме́ньнях, цудах і сілах.
Знакі апостала ўчыненыя між вамі ў-ва ўсякай цярплівасьці, у знаках, і цудах, і сілах.
Бо што ў вас, чым вы горшыя за другія Цэрквы? Хіба тое, што сам я ня быў вам цяжарам. Даруйце мне́ гэткую крыўду.
Бо што ёсьць, у чым вы горшыя за іншыя цэрквы? Хіба тое, што я ня быў вам цяжарам. Даруйце мне гэткую несправядлівасьць.
Вось, трэці раз я гатоў ісьці да вас і ня буду цяжкім для вас, бо шукаю ня вашага, а вас. Бо ня дзеці мусяць зьбіраць багацьце для бацькоў, але бьцькі для дзяце́й.
Вось, трэці раз я гатовы ісьці да вас і ня буду цяжарам для вас, бо шукаю ня вашага, але вас. Бо ня дзеці павінны зьбіраць скарбы для бацькоў, але бацькі для дзяцей.
Я ахвотна буду траціць сваё і аддаваць сябе́ за душы вашыя, хоць, любячы вас бале́й, я ме́нш карыстаюся вашай любоўю.
Я ахвотна буду выдаткоўваць [сваё] і аддаваць сябе за душы вашыя, нават калі, любячы вас шмат больш, я менш люблены вамі.
Няхай так, што сам я не абцяжаў вас; але, як хітрун, мо’ подступа́м браў з вас?
Дык няхай я сам не абцяжарваў вас, але можа, як хітрун, подступам браў з вас?
Ці-ж карыстаўся я чым ад вас праз не́кага з тых, каго пасылаў да вас?
Нікога я не пасылаў да вас, каб праз яго скарыстацца ад вас
Я папрасіў Ціта і паслаў з ім аднаго з братоў: ці скарыстаўся чым ад вас Ціт? Ці ня ў тым жа духу мы хадзілі? ня тымі-ж сьлядамі?
Я прасіў Ціта і паслаў з [ім] брата. Ці скарыстаўся чым ад вас Ціт? Ці ня ў тым самым Духу мы хадзілі? Ці не па тых самых сьлядах?
Ці мо’ ізноў думаеце, што мы апраўдываемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысьце́ і ўсё, умілаваныя, дзеля вашага збудаваньня.
Ці ізноў думаеце, што мы апраўдываемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысьце, а ўсё, улюбёныя, дзеля вашага збудаваньня.
Бо баюся, каб, прыйшоўшы, не знайсьці мне́ вас ня гэткімі, як хачу, дый каб і вам не знайсьці мяне́, якім ня хочаце: каб не (знайсьці ў вас) калатні, зайздрасьці, гне́ву, сварак, абмаўляньняў, нагаво́раў, пыхі, бязладзьдзя,
Бо баюся, каб, прыйшоўшы, не знайсьці мне вас такімі, якімі не хачу, і каб вам не знайсьці мяне такім, якім ня хочаце; каб не было сварак, зайздрасьці, ярасьці, сварлівасьці, абмаўляньняў, нагавораў, пыхі, бязладзьдзя,
каб, як ізноў прыду, не панізіў мяне́ Бог мой у вас, ды каб не аплаківаў я многіх, якія саграшылі ране́й і не пакаяліся, і ў нячыстасьці, і ў блудзе, і ў распусьце, якую рабілі.
каб, калі ізноў прыйду, не панізіў мяне Бог мой у вас, і каб я ня плакаў пра многіх, якія зграшылі раней і не навярнуліся ад нячыстасьці, і распусты, і бессаромнасьці, якія ўчынялі.