2 да Карынфянаў 12 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна
Даводзіцца хваліцца, хоць у гэтым няма карысці, і я перайду да з’явенняў і адкрыццяў Гасподніх.
Не карысна мне хваліцца, бо я дайду да відзежаў і адкрыцьцяў Госпадавых.
Я ведаю чалавека ў Хрысце: чатырнаццаць гадоў таму назад (ці ў целе — не ведаю, ці па-за целам — не ведаю; Бог ведае) — такі чалавек быў узнесены да трэцяга неба.
Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць гадоў таму, ці ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю, Бог ведае, быў падхоплены да трэцяга неба.
І ведаю такога чалавека (ці ў целе, ці па-за целам — не ведаю; Бог ведае),
І ведаю гэткага чалавека, ці ў целе, ці па-за целам, ня ведаю, Бог ведае,
што быў узяты ў рай і чуў невымоўныя словы, якіх чалавеку нельга выказаць.
які быў падхоплены ў рай і чуў невымоўныя словы, якіх чалавеку нельга вымавіць.
Такім чалавекам буду хваліцца, а сабою хваліцца не буду, хіба толькі [сваімі] немачамі.
Гэтакім буду хваліцца, а сабою ня буду хваліцца, хіба толькі слабасьцямі маімі.
Бо калі я захачу пахваліцца, то не буду неразумным, бо я скажу праўду; але я ўстрымліваюся, каб не падумаў хто пра мяне звыш таго, што бачыць і чуе ад мяне.
Бо калі захачу хваліцца, ня буду неразумным, бо скажу праўду; але я шкадую сябе, каб ніхто не падумаў пра мяне больш, чым бачыць у-ва мне або чуе ад мяне.
І каб я не ўзвышаўся з-за незвычайнасці адкрыццяў, мне было дадзена джала ў целе, анёл сатаны, каб ён біў мяне, каб я не ўзвышаўся.
І, каб я не вывышаўся празьмернасьцю адкрыцьцяў, дадзены мне бадыль у цела, анёл шатана, каб біць мяне, каб я не вывышаўся.
Аб гэтым я тройчы прасіў Госпада, каб яно адстала ад мяне.
Дзеля гэтага тройчы прасіў я Госпада, каб ён адыйшоў ад мяне.
І Ён сказаў мне: «Даволі для цябе Маёй ласкі: бо [Мая] сіла здзяйсняецца ў слабасці». Таму найбольш ахвотна я буду хваліцца сваімі слабасцямі, каб жыла ўва мне сіла Хрыстова.
І [Госпад] сказаў мне: «Хопіць табе ласкі Маёй, бо моц Мая спаўняецца ў слабасьці». Дык ахвотна больш буду хваліцца слабасьцямі маімі, каб жыла ў-ва мне моц Хрыстовая.
Таму я задаволены ў слабасцях, знявагах, нястачах, у ганеннях і ўцісках за Хрыста; бо калі я слабы, тады я дужы.
Дзеля гэтага я маю ўпадабаньне і ў слабасьцях, у крыўдах, у патрэбах, у перасьледаваньнях, ва ўцісках за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.
Я зрабіўся неразумным, [хвалячыся], вы прымусілі мяне. Бо вы павінны былі мяне рэкамендаваць; бо я ні ў чым не ўступаю звышапосталам, хоць я і нішто.
Я стаўся неразумным, хвалячыся; вы мяне змусілі. Бо трэба было, каб я вамі быў адрэкамэндаваны, бо ні ў чым я ня горшы за найпаважнейшых апосталаў, хоць я і нішто.
Ды вы і самі бачылі доказы майго служэння як Апостала ва ўсякай вытрываласці, у знаках, у цудах і сілах.
Знакі апостала ўчыненыя між вамі ў-ва ўсякай цярплівасьці, у знаках, і цудах, і сілах.
Бо ў чым вы былі пастаўлены ў горшае становішча ў параўнанні з астатнімі цэрквамі, апрача таго, я не быў вам у цяжар? Даруйце мне гэтую несправядлівасць!
Бо што ёсьць, у чым вы горшыя за іншыя цэрквы? Хіба тое, што я ня быў вам цяжарам. Даруйце мне гэткую несправядлівасьць.
Вось ужо трэці раз я гатовы прыйсці да вас, і я не буду вам у цяжар; бо я шукаю не вашага, а вас. Бо не дзеці павінны запасіць для бацькоў, а бацькі для дзяцей.
Вось, трэці раз я гатовы ісьці да вас і ня буду цяжарам для вас, бо шукаю ня вашага, але вас. Бо ня дзеці павінны зьбіраць скарбы для бацькоў, але бацькі для дзяцей.
Я ж вельмі ахвотна буду траціць і сябе растрачу за вашы душы. Калі я вас усё мацней люблю, то буду менш любімы вамі?
Я ахвотна буду выдаткоўваць [сваё] і аддаваць сябе за душы вашыя, нават калі, любячы вас шмат больш, я менш люблены вамі.
Але няхай будзе так, я не абцяжарыў вас; але можа, калі б быў хітрым, я ўзяў бы вас падступствам.
Дык няхай я сам не абцяжарваў вас, але можа, як хітрун, подступам браў з вас?
Хіба я праз каго-небудзь, каго я пасылаў да вас, шукаў ад вас карысці?
Нікога я не пасылаў да вас, каб праз яго скарыстацца ад вас
Я прасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці меў Ціт ад вас выгаду? Ці не ў адным духу мы хадзілі? Ці не па адных слядах?
Я прасіў Ціта і паслаў з [ім] брата. Ці скарыстаўся чым ад вас Ціт? Ці ня ў тым самым Духу мы хадзілі? Ці не па тых самых сьлядах?
Вы даўно ўжо думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся. Мы гаворым перад Богам у Хрысце; і ўсё гэта, улюбёныя, для вашага домаўладкавання.
Ці ізноў думаеце, што мы апраўдываемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысьце, а ўсё, улюбёныя, дзеля вашага збудаваньня.
Бо баюся я, як бы, прыйшоўшы, я не знайшоў вас не такімі, якімі хачу, і вы не знайшлі мяне не такім, якім хочаце; як бы не было разладу, зайздрасці, гневу, сварак, нагавораў, нашэптванняў, пыхлівасці, беспарадкаў,
Бо баюся, каб, прыйшоўшы, не знайсьці мне вас такімі, якімі не хачу, і каб вам не знайсьці мяне такім, якім ня хочаце; каб не было сварак, зайздрасьці, ярасьці, сварлівасьці, абмаўляньняў, нагавораў, пыхі, бязладзьдзя,
каб, калі я прыйду зноў, не прынізіў мяне мой Бог перад вамі, і не аплакваў бы я многіх, што саграшылі раней і не пакаяліся ў нечысціне, распусце і разбэшчанасці, якія яны ўчынілі.
каб, калі ізноў прыйду, не панізіў мяне Бог мой у вас, і каб я ня плакаў пра многіх, якія зграшылі раней і не навярнуліся ад нячыстасьці, і распусты, і бессаромнасьці, якія ўчынялі.