1 да Цімафея 3 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Ве́рнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрага дзе́ла жадае.
 
Вернае слова: Калі хто біскупства жадае, добрай справы хоча.

Дык-жа япіскапу трэба быць беззаганным, аднае́ жаны мужам, цьвярозым, мудрым, чэсным, гасьцінным, навучаючым,
 
Біскупу належыцца быць беззаганным, мужу аднае жонкі, цьвярозым, разумным, чэсным, гасьцінным, здольным вучыць;

ня п’яніцай, не забіякай, ня зьдзірцам, але ціхім, неваяўнічым, не срэбралюбцам,
 
не п'яніцаю, не задзіраю, але далікатным, не сварлівым, не сквапным (на грошы),

каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей у паслухмянасьці дзяржаў з усякай пашанай;
 
добрым гаспадаром уласнага дому, трымаючым у паслухмянасьці дзяцей з усякай пашанай;

бо хто ня ўме́е кіраваць уласным домам, ці будзе той турбавацца аб Царкве́ Божай?
 
бо калі хто ня можа кіраваць сваім домам, як жа будзе рупіцца аб Царкве Божай?

(Трэба быць) не з нованаве́рненых, каб не загардзе́ў і не падпаў пад асуджэньне з д’яблам.
 
(Трэба, каб быў) не з нованаверненых, каб не ўзьбіўся ў пыху і не папаў на суд разам з д'яблам.

Трэба яму і сьвядоцтва ме́ць добрае ад вонкавых, каб ня ўпасьці ў дакор і се́ці д’яблавы.
 
Яму належыць мець добрае сьведчаньне ад акружаючых, каб ня быў у пагарджэньні і ня трапіў у пастку д'ябла.

Дыяканам таксама (трэба) быць чэснымі, не двуязычнымі, не прагавітымі на віно, ня зьдзірцамі,
 
Таксама і дыяканы павінны быць паважныя, не двухязычныя, не зашмат віна ўжываючыя, ня сквапныя да нажывы,

каб ме́лі тайну ве́ры ў чыстым сумле́ньні.
 
маючыя таямніцу веры ў чыстым сумленьні.

І гэтакіх трэба пе́рш выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, няхай служаць.
 
І яны павінны быць перш выпрабаваныя, і потым, ня маючы ніякага за сабой праступку, хай служаць.

Гэтак сама і жонкам трэба быць чэснымі, не абмоўніцамі, цьвярозымі, ве́рнымі ўва ўсім.
 
Падобна і жанчыны (павінны быць) паважныя, не абмоўныя, цьвярозыя, верныя ва ўсім.

Дыяканы каб былі мужамі аднае́ жонкі, добра кіруючы дзяцьмі і домам сваім,
 
Дыяканы каб былі мужамі аднае жонкі, якія добра выхоўваюць дзяцей сваіх і кіруюць сваімі дамамі.

бо хто добра паслужыў, падгатоўваюць сабе́ добрую ступе́нь і вялікую адвагу ў ве́ры ў Хрыста Ісуса.
 
Тыя, што добра выпаўняюць служэньне, здабываюць сабе пачэсную ступень ды вялікую ўпэўненасьць у веры, якая ёсьць у Езусе Хрысьце.

Гэтае табе́ пішу, спадзяючыся зараз прыйсьці да цябе́,
 
Пішу табе ўсё гэта, маючы надзею прыбыць да цябе неўзабаве.

каб ты, калі забаўлюся, ве́даў, як трэба жыці ў доме Божым, які ёсьць Царква́ Бога Жывога, стоўп і ўмацаваньне праўды.
 
Калі ж замаруджу, каб ведаў ты, як маеш трымацца ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога жывога, стоўп і ўмацаваньне праўды.

І запраўды — вялікая ёсьць тайна багабойнасьці: Бог зьявіўся ў це́ле, апраўдаў сябе ў Духу, паказаў сябе́ Ангелам, абве́шчаны ў народах, прыняты ве́раю ў сьве́це, узьне́сены ў славе.
 
Ды, ясная рэч, вялікая таямніца пабожнасьці: Ён (Хрыстос) аб'явіўся ў целе, засьведчаны Духам, паказаўся анёлам, абвешчаны паганам, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў хвале.