1 да Цімафея 3 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Ве́рнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрага дзе́ла жадае.
Дык-жа япіскапу трэба быць беззаганным, аднае́ жаны мужам, цьвярозым, мудрым, чэсным, гасьцінным, навучаючым,
ня п’яніцай, не забіякай, ня зьдзірцам, але ціхім, неваяўнічым, не срэбралюбцам,
каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей у паслухмянасьці дзяржаў з усякай пашанай;
бо хто ня ўме́е кіраваць уласным домам, ці будзе той турбавацца аб Царкве́ Божай?
(Трэба быць) не з нованаве́рненых, каб не загардзе́ў і не падпаў пад асуджэньне з д’яблам.
Трэба яму і сьвядоцтва ме́ць добрае ад вонкавых, каб ня ўпасьці ў дакор і се́ці д’яблавы.
Дыяканам таксама (трэба) быць чэснымі, не двуязычнымі, не прагавітымі на віно, ня зьдзірцамі,
каб ме́лі тайну ве́ры ў чыстым сумле́ньні.
І гэтакіх трэба пе́рш выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, няхай служаць.
Гэтак сама і жонкам трэба быць чэснымі, не абмоўніцамі, цьвярозымі, ве́рнымі ўва ўсім.
Дыяканы каб былі мужамі аднае́ жонкі, добра кіруючы дзяцьмі і домам сваім,
бо хто добра паслужыў, падгатоўваюць сабе́ добрую ступе́нь і вялікую адвагу ў ве́ры ў Хрыста Ісуса.
Гэтае табе́ пішу, спадзяючыся зараз прыйсьці да цябе́,
каб ты, калі забаўлюся, ве́даў, як трэба жыці ў доме Божым, які ёсьць Царква́ Бога Жывога, стоўп і ўмацаваньне праўды.
І запраўды — вялікая ёсьць тайна багабойнасьці: Бог зьявіўся ў це́ле, апраўдаў сябе ў Духу, паказаў сябе́ Ангелам, абве́шчаны ў народах, прыняты ве́раю ў сьве́це, узьне́сены ў славе.