Да Эфэсянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Дзеля гэтага вось я, Паўла, вязень Ісуса Хрыста за вас, паганаў.
 
Дзеля гэтай справы я, Паўла, — вязень Хрыстоў дзеля вас, паганаў.

Калі-ж вы чулі аб распарадкаваньні ласкі Божае, да́дзенае мне́ для вас,
 
Хіба чулі вы аб распарадкаванні ласкі Божай, што дадзена мне адносна вас,

што мне́ праз адкрыцьце абявілася тайна, (Як я коратка і пісаў вышэй,
 
што праз аб’яўленне абвешчана мне таямніца, аб чым коратка я ўжо вышэй напісаў.

з чаго, чытаючы, можаце пазнаць маё разуме́ньне тайны Хрыстовай),
 
Чытаючы тое, можаце зразумець маё разуменне таямніцы Хрыста.

якая ня была пазна́на сынамі чалаве́чымі у іншых родах, як цяпе́р адкрыта сьвятым Апосталам Яго і прарокам у Духу,
 
Не была яна абвешчана сынам чалавечым у іншых пакаленнях, як цяпер аб’яўлена святым Апосталам Яго і прарокам у Духу,

каб і паганам быць насьле́днікамі і адным це́лам, і супольнікамі прырачэньня Яго ў Хрысьце́ Ісусе праз Эвангельле,
 
што пагане маюць быць спадкаемцамі, і членамі аднаго цела, і ўдзельнікамі абяцанняў Яго ў Хрысце Ісусе праз Евангелле,

слугой якога стаўся я праз дар ласкі Божае, дадзенае дзе́яньнем сілы Яго.
 
паслугачом якога я стаўся паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне паводле дзеяння магутнасці Яго.

Мне́, найме́ншаму з усіх сьвятых, дадзена ласка гэтая — абвяшчаць паганам добрую ве́сьць аб недасьле́дным багацьці Хрыстовым
 
Мне, найменшаму з усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць добрую вестку паганам аб неабсяжным багацці Хрыста

і адкрыць усім, якая ёсьць супольнасьць тайны, што захоўваецца ад вякоў у Богу, стварыўшым усё праз Ісуса Хрыста,
 
і выясніць усім, як павінна здзейсніцца домаўладкаванне таямніцы, скрытай ад вякоў у Богу, Які ўсё стварыў праз Ісуса Хрыста,

каб цяпе́р сталася ве́дамаю праз Царкву ўладам і сілам на нябёсах рознастайная мудрасьць Божая,
 
каб цяпер сталася вядомай начальствам і ўладам нябесным праз Царкву разнастайная мудрасць Бога

паводле адвечнае пастановы, якую Ён зрабіў у Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым,
 
паводле адвечнай пастановы, што ўчыніў у Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым,

у Якім маем адвагу і доступ у надзе́і праз веру ў Яго.
 
у Якім маем адвагу і доступ у надзеі праз веру ў Яго.

Дык прашу вас не сумаваць мае́й аб вас тугою, якая ёсьць вашая слава.
 
Таму вось прашу вас, не падайце духам з-за турбот маіх пра вас, якія ёсць слава ваша.

Дзеля гэтага схіляю кале́ні мае́ перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
Дзеля гэтай справы схіляю калені мае перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,

ад Якога ма́е назоў усякае бацькоўства на нябёсах і на зямлі, —
 
ад Якога называецца ўсякае айцоўства на небе і на зямлі,

каб даў вам, водле багацьця славы Свае́й, сілай умацавацца праз Духа Яго ў унутраным чалаве́ку,
 
каб даў вам паводле багацця славы Сваёй умацавацца сілай праз Духа Яго ва ўнутраным чалавеку,

каб Хрыстос пасяліўся праз ве́ру ў сэрцах вашых,
 
каб Хрыстос абжыўся праз веру ў сэрцах вашых і каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові,

каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любві, здолелі зразуме́ць з усімі сьвятымі, што шырыня і даўжыня, і глыбіня і высокасьць,
 
разам з усімі святымі маглі зразумець, якая ёсць шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня,

ды пазнаць любоў Хрыстову, што вышэй за разуме́ньне, каб вам напоўніцца ўсе́ю поўняй Божаю.
 
а таксама пазнаць любоў Хрыста, найвышэйшае веданне, каб напоўніліся вы ўсёю поўняй Бога.

А Таму, Хто дзе́ючаю ў нас сілаю можа зрабіць шмат бале́й за ўсё, чаго мы просім або ў думках маем,
 
А Таму, Які можа многа больш зрабіць, чым усё, што мы просім або разумеем, магутнасцю, якая дзейнічае ў нас,

Таму слава ў Царкве́ ў Хрысьце́ Ісусе, на ўсе́ роды на ве́к вяко́ў. Амін.
 
Яму хвала ў Царкве і ў Хрысце Ісусе праз усе пакаленні на векі вечныя. Амін.