Да Эфэсянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Дзеля гэтага вось я, Паўла, вязень Ісуса Хрыста за вас, паганаў.
 
Таму я, Павел, вязень Хрыста Ісуса дзеля вас, язычнікаў —

Калі-ж вы чулі аб распарадкаваньні ласкі Божае, да́дзенае мне́ для вас,
 
калі сапраўды вы чулі аб домаўладкаванні ласкі Божай, дадзенай мне для вас,

што мне́ праз адкрыцьце абявілася тайна, (Як я коратка і пісаў вышэй,
 
што праз адкрыццё мне была паведамлена таямніца, як я раней напісаў коратка,

з чаго, чытаючы, можаце пазнаць маё разуме́ньне тайны Хрыстовай),
 
адкуль вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменне таямніцы Хрыстовай,

якая ня была пазна́на сынамі чалаве́чымі у іншых родах, як цяпе́р адкрыта сьвятым Апосталам Яго і прарокам у Духу,
 
якая ў іншых пакаленнях не была абвешчана сынам чалавечым, як цяпер яна адкрыта Яго святым Апосталам і прарокам у Духу,

каб і паганам быць насьле́днікамі і адным це́лам, і супольнікамі прырачэньня Яго ў Хрысьце́ Ісусе праз Эвангельле,
 
што язычнікі — супольныя спадчыннікі і члены таго ж Цела і саўдзельнікі абяцання ў Хрысце Ісусе праз Дабравесце,

слугой якога стаўся я праз дар ласкі Божае, дадзенае дзе́яньнем сілы Яго.
 
служкам якога я стаў паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне згодна з дзеяннем Яго сілы.

Мне́, найме́ншаму з усіх сьвятых, дадзена ласка гэтая — абвяшчаць паганам добрую ве́сьць аб недасьле́дным багацьці Хрыстовым
 
Мне, найменшаму з усіх святых, была дадзена гэтая ласка: дабравесціць язычнікам недаследнае багацце Хрыстова

і адкрыць усім, якая ёсьць супольнасьць тайны, што захоўваецца ад вякоў у Богу, стварыўшым усё праз Ісуса Хрыста,
 
і ўсім адкрыць, што ёсць домаўладкаванне таямніцы, схаванай адвеку ў Богу, Які стварыў усё [праз Ісуса Хрыста],

каб цяпе́р сталася ве́дамаю праз Царкву ўладам і сілам на нябёсах рознастайная мудрасьць Божая,
 
каб цяпер сталася вядомаю начальствам і ўладам у нябёсах праз Царкву шматгранная мудрасць Божая,

паводле адвечнае пастановы, якую Ён зрабіў у Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым,
 
паводле спрадвечнага намеру, які Ён выканаў у Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе,

у Якім маем адвагу і доступ у надзе́і праз веру ў Яго.
 
у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ ва ўпэўненасці праз веру ў Яго.

Дык прашу вас не сумаваць мае́й аб вас тугою, якая ёсьць вашая слава.
 
Таму прашу вас не падаць духам з-за маіх пакутаў дзеля вас, бо яны — ваша слава.

Дзеля гэтага схіляю кале́ні мае́ перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
Таму схіляю мае калені да Бацькі, [нашага Госпада Ісуса Хрыста],

ад Якога ма́е назоў усякае бацькоўства на нябёсах і на зямлі, —
 
ад Якога атрымлівае імя кожнае бацькоўства ў нябёсах і на зямлі,

каб даў вам, водле багацьця славы Свае́й, сілай умацавацца праз Духа Яго ў унутраным чалаве́ку,
 
каб даў Ён вам паводле багацця Сваёй славы ўмацавацца сілаю праз Яго Духа ва ўнутраным чалавеку,

каб Хрыстос пасяліўся праз ве́ру ў сэрцах вашых,
 
каб Хрыстос праз веру пасяліўся ў вашых сэрцах, каб вы, укаранёныя і ўмацаваныя ў любові,

каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любві, здолелі зразуме́ць з усімі сьвятымі, што шырыня і даўжыня, і глыбіня і высокасьць,
 
маглі зразумець з усімі святымі, што ёсць шырыня, даўжыня, вышыня і глыбіня,

ды пазнаць любоў Хрыстову, што вышэй за разуме́ньне, каб вам напоўніцца ўсе́ю поўняй Божаю.
 
і пазнаць любоў Божую, якая пераўзыходзіць веды, каб вам напоўніцца ўсёю паўнатою Божаю.

А Таму, Хто дзе́ючаю ў нас сілаю можа зрабіць шмат бале́й за ўсё, чаго мы просім або ў думках маем,
 
А Таму, Хто можа зрабіць невымерна больш за ўсё тое, аб чым мы просім ці думаем, згодна з сілаю, што дзейнічае ў нас, —

Таму слава ў Царкве́ ў Хрысьце́ Ісусе, на ўсе́ роды на ве́к вяко́ў. Амін.
 
Яму слава ў Царкве і ў Хрысце Ісусе праз усе пакаленні на векі вечныя, амін.