Да Эфэсянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Таму я, Павал, стаўся вязьнем Хрыста Ісуса дзеля вас, паганаў
 
Таму я, Павел, вязень Хрыста Ісуса дзеля вас, язычнікаў —

як вы ведаеце (аб) служэньні Багадаці Бога, якое дадзена мне дзеля вас,
 
калі сапраўды вы чулі аб домаўладкаванні ласкі Божай, дадзенай мне для вас,

таму што па адкрыцьцю Ён адкрыў мне тайну, аб чым я раней коратка напісаў,
 
што праз адкрыццё мне была паведамлена таямніца, як я раней напісаў коратка,

пра што вы, чытаючы, можаце ўразумець, што я ведаю тайну Хрыста,
 
адкуль вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменне таямніцы Хрыстовай,

якая ня была́ апавяшчона папярэднім пакаленьням сыноў чалавечых, як цяпер Духам адкрыта сьвятым Апосталам Ягоным і прарокам,
 
якая ў іншых пакаленнях не была абвешчана сынам чалавечым, як цяпер яна адкрыта Яго святым Апосталам і прарокам у Духу,

каб і пагане сталіся супольнымі спадчыньнікамі і адным целам і суўспрыймальнікамі Ягонага абяцаньня ў Хрысьце праз Эвангельле,
 
што язычнікі — супольныя спадчыннікі і члены таго ж Цела і саўдзельнікі абяцання ў Хрысце Ісусе праз Дабравесце,

якога я стаўся служкаю па дару Багадаці Бога, якая дарава́на мне па дзеяньню сілы Ягонай.
 
служкам якога я стаў паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне згодна з дзеяннем Яго сілы.

Мне, найменшаму з усіх сьвятых, падарава́на гэтая Багадаць: дабравесьціць сярод паганаў нядасягальнае багацьце Хрыста
 
Мне, найменшаму з усіх святых, была дадзена гэтая ласка: дабравесціць язычнікам недаследнае багацце Хрыстова

і зрабіць відавочным дзеля ўсіх, якая самаахвярнасьць за нас тайны, якая была́ адве́чна схава́на ў Богу, Які ўсё стварыў праз Ісуса Хрыста,
 
і ўсім адкрыць, што ёсць домаўладкаванне таямніцы, схаванай адвеку ў Богу, Які стварыў усё [праз Ісуса Хрыста],

каб цяпер праз царкву сталася вядомай начальствам і ўладам на Нябёсах разнастайная мудрасьць Бога,
 
каб цяпер сталася вядомаю начальствам і ўладам у нябёсах праз Царкву шматгранная мудрасць Божая,

паводля спрадвечнага замыслу, які Ён споўніў у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым,
 
паводле спрадвечнага намеру, які Ён выканаў у Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе,

у Якім мы маем адвагу і доступ з упэўненасьцю праз веру Ягоную.
 
у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ ва ўпэўненасці праз веру ў Яго.

Таму прашу вас ня падаць духам пры маіх абставінах уціску дзеля вас, якія ёсьць слава вашая.
 
Таму прашу вас не падаць духам з-за маіх пакутаў дзеля вас, бо яны — ваша слава.

Дзеля гэтага я кленчу перад Ба́цькам Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
Таму схіляю мае калені да Бацькі, [нашага Госпада Ісуса Хрыста],

ад Якога атрымлівае імя ўсякі радавод на Нябёсах і на зямлі,
 
ад Якога атрымлівае імя кожнае бацькоўства ў нябёсах і на зямлі,

каб Ён даў вам па багацьцю славы Сваёй умацавацца сілаю праз Духа Ягонага ва ўнутраным чалавеку,
 
каб даў Ён вам паводле багацця Сваёй славы ўмацавацца сілаю праз Яго Духа ва ўнутраным чалавеку,

каб у сэрцах вашых укаранёных і ўмацаваных у любві праз веру жыў Хрыстос,
 
каб Хрыстос праз веру пасяліўся ў вашых сэрцах, каб вы, укаранёныя і ўмацаваныя ў любові,

каб вы змаглі зразумець са ўсімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, і глыбіня, і вышыня,
 
маглі зразумець з усімі святымі, што ёсць шырыня, даўжыня, вышыня і глыбіня,

і ўразумець любоў Хрыста, якая вышэй за ўсякае разуменьне, каб вы былі напоўнены ўсёй паўнатою Бога.
 
і пазнаць любоў Божую, якая пераўзыходзіць веды, каб вам напоўніцца ўсёю паўнатою Божаю.

А Таму, Хто мае сілу зрабіць (для нас) больш за ўсё і няпамерна больш таго, аб чым просім альбо ўяўляем адпаведна сілы, якая дзейнічае ў нас,
 
А Таму, Хто можа зрабіць невымерна больш за ўсё тое, аб чым мы просім ці думаем, згодна з сілаю, што дзейнічае ў нас, —

Таму слава ў царкве ў Хрысьце Ісусе ва ўсіх родах у вяках вякоў. Амін.
 
Яму слава ў Царкве і ў Хрысце Ісусе праз усе пакаленні на векі вечныя, амін.