Да Эфэсянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Таму я, Павел, вязень Езуса Хрыста дзеля вас, язычнікаў...
 
Таму я, Павел, вязень Хрыста Ісуса дзеля вас, язычнікаў —

Вы напэўна чулі пра ўдзяленне ласкі Божай, дадзенай мне дзеля вас,
 
калі сапраўды вы чулі аб домаўладкаванні ласкі Божай, дадзенай мне для вас,

бо праз аб’яўленне была адкрыта мне таямніца, пра што я ўжо коратка пісаў.
 
што праз адкрыццё мне была паведамлена таямніца, як я раней напісаў коратка,

Чытаючы, можаце даведацца пра маё разуменне таямніцы Хрыста,
 
адкуль вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменне таямніцы Хрыстовай,

якая не была адкрыта сынам чалавечым у мінулых пакаленнях, так як цяпер адкрылася святым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа,
 
якая ў іншых пакаленнях не была абвешчана сынам чалавечым, як цяпер яна адкрыта Яго святым Апосталам і прарокам у Духу,

што і язычнікі з’яўляюцца сунаследнікамі і членамі аднаго цела, і саўдзельнікамі абяцання ў Езусе Хрысце праз Евангелле,
 
што язычнікі — супольныя спадчыннікі і члены таго ж Цела і саўдзельнікі абяцання ў Хрысце Ісусе праз Дабравесце,

слугою якога я стаўся дзякуючы дару ласкі Божай, дадзенай мне дзеяннем Ягонай сілы.
 
служкам якога я стаў паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне згодна з дзеяннем Яго сілы.

Мне, найменшаму сярод усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць язычнікам Евангелле пра невычэрпнае багацце Хрыста
 
Мне, найменшаму з усіх святых, была дадзена гэтая ласка: дабравесціць язычнікам недаследнае багацце Хрыстова

і адкрыць усім, чым ёсць спаўненне таямніцы, спрадвеку схаванай у Богу, Стварыцелю ўсяго,
 
і ўсім адкрыць, што ёсць домаўладкаванне таямніцы, схаванай адвеку ў Богу, Які стварыў усё [праз Ісуса Хрыста],

каб цяпер праз Касцёл стала вядомай княствам і ўладам на нябёсах бясконцая Божая мудрасць,
 
каб цяпер сталася вядомаю начальствам і ўладам у нябёсах праз Царкву шматгранная мудрасць Божая,

паводле спрадвечнага плану, які здзейсніўся ў Езусе Хрысце, Пану нашым.
 
паводле спрадвечнага намеру, які Ён выканаў у Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе,

У Ім мы маем адвагу і доступ да Айца ў надзеі праз веру ў Яго.
 
у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ ва ўпэўненасці праз веру ў Яго.

Таму прашу, не падайце духам з прычыны майго ўціску за вас, бо гэта вашая хвала.
 
Таму прашу вас не падаць духам з-за маіх пакутаў дзеля вас, бо яны — ваша слава.

Таму я схіляю калені мае перад Айцом,
 
Таму схіляю мае калені да Бацькі, [нашага Госпада Ісуса Хрыста],

ад якога бярэ сваю назву кожны род на нябёсах і на зямлі,
 
ад Якога атрымлівае імя кожнае бацькоўства ў нябёсах і на зямлі,

каб Ён вам даў, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Ягоным Духам дзеля духоўнага чалавека,
 
каб даў Ён вам паводле багацця Сваёй славы ўмацавацца сілаю праз Яго Духа ва ўнутраным чалавеку,

каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў вашых сэрцах, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові,
 
каб Хрыстос праз веру пасяліўся ў вашых сэрцах, каб вы, укаранёныя і ўмацаваныя ў любові,

змаглі зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня,
 
маглі зразумець з усімі святымі, што ёсць шырыня, даўжыня, вышыня і глыбіня,

і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй Божай паўнатою.
 
і пазнаць любоў Божую, якая пераўзыходзіць веды, каб вам напоўніцца ўсёю паўнатою Божаю.

А таму, хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім або пра што думаем,
 
А Таму, Хто можа зрабіць невымерна больш за ўсё тое, аб чым мы просім ці думаем, згодна з сілаю, што дзейнічае ў нас, —

Яму хвала ў Касцёле і ў Хрысце Езусе ва ўсе пакаленні ад веку да веку. Амэн.
 
Яму слава ў Царкве і ў Хрысце Ісусе праз усе пакаленні на векі вечныя, амін.