2 да Цімафея 2 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Дык ты, сын мой, узмацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце́ Ісусе,
Дык ты, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсць у Хрысце Ісусе,
і, што чуў ад мяне́ пры многіх сьве́дках, тое перадай ве́рным людзям, якія будуць здольнымі і другіх навучыць.
і, што чуў ты ад мяне пры многіх сведках, гэта перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і другіх навучыць.
Дык цярпі мукі, як добры жаўне́р Ісуса Хрыста.
Ты ж перанось цяжкасці як добры жаўнер Хрыста Ісуса.
Ніводзін жаўне́р ня зьвязвае сябе́ справамі жыцьцёвымі, каб дагадзіць начальніку войска.
Ніхто з жаўнераў не мяшаецца ў справы зямныя, каб падабацца таму, хто яго выбраў.
Калі-ж хто і змагаецца, не дастане вянка́, калі будзе баро́цца незаконна.
Бо і той, хто змагаецца, не здабудзе вянка, калі змагаецца незаконна.
Трэба, каб зямляроб, які працуе, пе́ршы спробаваў пладоў.
Земляробу, які працуе, першаму належыць карыстацца пладамі.
Разуме́й, што́ кажу. Няхай жа дасьць табе́ Госпад разуме́ньне ў-ва ўсім.
Зразумей, што кажу: хай дасць табе Госпад ва ўсім розум.
Памятай пра Госпада Ісуса Хрыста, з насе́ньня Давідавага, што ўскрос із мёртвых водле Эвангельля майго,
Памятай пра Ісуса Хрыста з семя Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле дабравешчання майго,
у якім цярплю мукі аж да путаў, як ліхадзе́й, але слова Божага не́льга закаваць.
дзеля якога цярплю мукі аж да кайданоў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага нельга звязаць.
Дзеля гэтага я ўсё цярплю для выбраных, каб і яны здабылі збаўле́ньне, што ў Хрысьце Ісусе з ве́чнаю славаю.
Вось, я ўсё раблю дзеля выбраннікаў, каб яны атрымалі збаўленне, якое ў Хрысце Ісусе са славаю вечнай.
Ве́рнае слова: бо калі мы з Ім паме́рлі, дык з Ім і жыць будзем;
Вернае слова: калі мы з Ім памерлі, дык з Ім жыць будзем;
калі мучымся, дык з Ім і цары́ць будзем; калі адцураемся, і Ён адцураецца ад нас;
калі церпім, дык з Ім валадарыць будзем, калі зрачомся Яго, дык і Ён нас зрачэцца;
калі мы няве́рныя, ён ве́рным астае́цца, бо ад сябе́ адрачыся ня Можа.
калі мы зняверымся, дык Ён верным застанецца, бо Сам Сябе зрачыся не можа.
Гэтае напамінай, сьве́дчучы перад Госпадам не спрача́цца, што зусім не карысна, а на няшчасьце для слухаючых.
Пра гэта нагадвай, сведчачы перад Госпадам, каб не спрачаліся, бо гэта нічога не дасць, хіба толькі сапсуе слухачоў.
Старайся паставіць сябе́ годным перад Богам, работнікам беззаганным, правільна пераказваючы слова праўды.
Пільна рупся паказацца годным перад Богам, працаўніком беззаганным, які даносіць з павагай слова праўды.
Ад нягоднага марнаслоўя ўхіляйся; бо яны яшчэ бале́й будуць памнажаць бязбожнасьць.
Пустых жа гаворак высцерагайся, бо яны яшчэ больш спрычыняцца да бязбожнасці,
І слова іх, як гангрэна, ме́ціме корм. Гэтакія Гімэнэй і Філе́т,
і слова іх, як гангрэна, распаўзецца; з такіх вось Гіменэй і Філет,
якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўскрасе́ньне ўжо было, і пераварача́юць у некаторых ве́ру.
якія адхіліліся ад праўды, кажучы, што ўваскрэсенне ўжо было, і гэтак адвярнулі некаторых ад веры.
Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы гэтакую пячаць: пазнаў Госпад Сваіх; і: няхай адступіцца ад няпраўды кожны, хто імя Госпада называе.
Але цвёрды падмурак Божы стаіць, маючы такую пячатку: «Пазнаў Госпад, хто ёсць Яго», і «Хай аддаліцца ад нягоднасці кожны, хто вызнае імя Госпада».
А ў вялікім доме ёсьць пасудзіны ня толькі залатыя і сярэбраныя, але і драўляныя і гліняныя; і адны ў чэсьці, другія — ня ў чэсьці.
У вялікім жа доме маюцца не толькі залатыя і срэбраныя начынні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя — у пашане, другія — у ганьбе.
Дык, калі хто ачысьціцца ад гэтага, той будзе судзінаю ў чэсьці, асьвянчонаю і карыснаю Валадару, прыгатаванаю на кожнае добрае дзе́ла.
Дык вось, калі хто ачысціў сябе ад гэтага, той будзе пасудзінай пачэснай, усвечанай і карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсякай добрай справы.
Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а дзяржыся праўды, ве́ры, любві, міру з прызываючымі Госпада ад чыстага сэрца.
Высцерагайся пажаданняў юнацкіх, але трымайся справядлівасці, веры, любові, супакою з тымі, што чыстым сэрцам заклікаюць Госпада.
Ад дурнога і ненавуковага змаганьня ўхіляйся, ве́даючы, што яно родзіць сваркі;
Ухіляйся дурных і бязглуздых спрэчак, ведаючы, што яны даводзяць да звадак.
рабу-ж Госпадаву ня сьле́д сварыцца, але быць ве́тлым да ўсіх, навучаючым, лагодным,
Слуга Госпада не мусіць сварыцца, але трэба быць ветлівым з усімі, вучыцелем цярплівым,
у ціхасьці навучаць супраціўнікаў, ці ня дасьць ім Бог пакаяньня дзеля пазнаньня праўды,
які лагодна выпраўляе тых, што працівяцца, ці не дасць ім Бог навяртанне дзеля пазнання праўды,
каб яны вызваліліся з се́ці д’ябла, што жыўцом улавіў іх пад сваю волю.
каб вырваліся з путаў д’ябла; апутаныя імі, яны яго паднявольныя.