Лукаша 6 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І сталася ў суботу, пе́ршую па другім дні Пасхі, здарылася Яму праходзіць засе́янымі палямі, і вучні Яго зрывалі калосьсе і е́лі, расьціраючы рукамі.
 
У шабат Езус праходзіў праз збожжа, а вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расціраючы рукамі.

Некаторыя-ж з фарысэяў сказалі ім: на што робіце тое, чаго ня можна рабіць у суботу?
 
Некаторыя ж з фарысеяў казалі: «Чаму вы робіце тое, што не дазволена ў шабат?»

Ісус сказаў ім у адказ: ці вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі захаце́ў е́сьці сам і быўшыя з ім?
 
Тады Езус сказаў ім у адказ: «Хіба не чыталі вы, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім?

як ён увайшоў у дом Божы, узяў хле́бы паложаныя, якіх ня можна было е́сьці нікому, апрача сьвяшчэньнікаў, і е́ў, і даў быўшым з ім.
 
Як увайшоў у дом Божы, узяў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, з’еў сам і даў тым, хто быў з ім».

І сказаў ім: Сын Чалаве́чы ёсьць гаспадар і суботы.
 
І сказаў ім: «Сын Чалавечы — гаспадар шабату».

Здарылася-ж і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў школу і навучаць. Там быў чалаве́к, у якога правая рука была сухая.
 
У іншы шабат Ён увайшоў у сінагогу і навучаў. А быў там чалавек з усохлай правай рукой.

Кніжнікі-ж і фарысэі сачылі Яго, ці не аздаровіць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне проці Яго.
 
А кніжнікі і фарысеі сачылі за Езусам, ці Ён лечыць у шабат, каб знайсці, у чым абвінаваціць Яго.

Але Ён, ве́даючы думкі іх, сказаў чалаве́ку з сухою рукой: устань і выступі насярэдзіну. І той устаў і выступіў.
 
Ён жа, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку з усохлай рукой: «Падыміся і стань пасярэдзіне». Той падняўся і стаў.

Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? спасьці душу ці загубіць? Яны маўчалі.
 
Тады Езус сказаў ім: «Я пытаюся ў вас, ці дазволена ў шабат рабіць дабро або рабіць зло; уратаваць жыццё ці загубіць?»

І, паглядзе́ўшы на іх, сказаў таму чалаве́ку: выцягні руку тваю. Ён так і зрабіў: і сталася рука яго здаровая, як другая.
 
І, паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму: «Працягні руку сваю». Той так і зрабіў; і выздаравела рука ягоная.

Яны прыйшлі ў шал і гаварылі адзін да аднаго: што-б ім зрабіць з Ісусам?
 
А яны напоўніліся лютасцю і гаварылі між сабою, што б зрабіць з Езусам.

У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч на малітве да Бога.
 
У тыя дні Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога.

Калі-ж настаў дзе́нь, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, каторых і назваў Апосталамі.
 
Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:

Сымона, каторага і назваў Пятром, і Андрэя, брата яго, Якава і Іоана, Піліпа й Баўтраме́я,
 
Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея,

Мацьве́я й Хаму, Якава Алфе́явага і Сымона, называнага Зілотам,
 
Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зелотам,

Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, каторы потым стаўся здраднікам.
 
Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.

І, зыйшоўшы з імі, стаў Ён на роўным ме́сцы, і множства вучняў Яго і многа народу з усяе́ Юдэі і Ерузаліму і прыморскіх ме́сцаў Тырскіх і Сідонскіх,
 
Калі сышоў з імі ўніз і стаў на раўніне, вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжжа Тыра і Сідона

што папрыходзілі паслухаць Яго і пазбыцца хворасьцяў сваіх, як і церпячыя муку ад нячыстых духаў; і здараве́лі.
 
прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад сваіх хваробаў. І тыя, хто цярпеў ад нячыстых духаў, вылечваліся.

І ўве́сь народ стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і аздараўляла ўсіх.
 
Усе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што сіла сыходзіла ад Яго і вылечвала ўсіх.

І Ён, падняўшы вочы Свае́ на вучняў Сваіх, гаварыў: шчасьлівыя ўбогія духам, бо вашае ёсьць Царства Божае.
 
А Ён, узняўшы вочы свае на вучняў сваіх, сказаў:«Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае.

Шчасьлівыя галодныя цяпе́р, бо насы́ціцеся. Шчасьлівыя пла́чучыя цяпе́р, бо засьмяецёся.
 
Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.

Шчасьлівыя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі прагоняць вас і будуць зьневажа́ць, і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалаве́чага.
 
Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адрынуць вас, будуць зневажаць і адкінуць імя вашае як зло з-за Сына Чалавечага.

Радуйцеся ў той дзе́нь і весяліцеся, бо вялікая нагарода вам на нябёсах. Так паступалі з прарокамі айцы іх.
 
Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.

Наадварот, гора вам, багатыры! бо вы ўжо дасталі сваю радасьць.
 
Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне!

Гора вам, перасычаныя цяпе́р, бо будзеце цярпе́ць голад. Гора вам, сьмяю́чыяся цяпе́р, бо запла́чаце й зарыдаеце.
 
Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце!Гора вам, хто цяпер смяецца, бо смуткаваць і плакаць будзеце!

Гора вам, калі ўсе́ людзі будуць гаварыць аб вас добра. Бо гэтак паступалі з фальшывымі прарокамі бацькі іх.
 
Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас! Бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.

Але вам, што слу́хаеце, кажу: любе́це ворагаў вашых, чыне́це дабро ненавідзячым вас.
 
Але кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць.

Багасла́ўце праклінаючых вас і мале́цеся за крыўдзячых вас.
 
Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць.

Удэ́рыўшаму цябе́ па шчацэ́ падстаў і другую; і адыма́ючаму ў цябе́ ве́рхнюю адзе́жу не перашкаджай узяць і кашулю.
 
Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю.

Усякаму, хто просіць у цябе́, давай, і ад узяўшага тваё ня трэбуй назад.
 
Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту.

І як хо́чаце, каб з вамі паступалі людзі, так і вы паступайце з імі.
 
Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце.

І, калі лю́біце лю́бячых вас, якая вам за тое ўдзячнасьць? Бо-ж і грэшнікі любячых іх любяць.
 
Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць.

І калі робіце дабро тым, што вам робяць дабро, якая вам за тое ўдзячнасьць? Бо-ж і грэшнікі тое-ж робяць.
 
Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае.

І калі пазычаеце тым, ад каторых спадзяецёся дастаць назад, якая вам за тое ўдзячнасьць? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб дастаць назад гэтулькі-ж.
 
Калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.

Але вы любе́це во́рагаў вашых, і рабе́це дабро, і пазычайце, ня ждучы́ нічога; і будзе вам нагарода вялікая, і будзеце сынамі Усявышняга, бо Ён добры і да няўдзячных і злосных.
 
Але вы любіце ворагаў вашых, рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце вы сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых.

Дык будзьце-ж міласэрныя, як і Ацец ваш міласэрны.
 
Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны.

Не асуджайце, і ня будзеце асуджаны; дароўвайце, і вам дарована будзе;
 
Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.

давайце, і вам будзе да́дзена: ме́ру добрую, націсьненую, стрэсеную і з коптурам адсыплюць вам у лона вашае; бо якою ме́раю ме́раеце, такою-ж і вам адме́раецца.
 
Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана».

Сказаў такжа ім прыповесьць: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?
 
І расказаў ім такую прыпавесць: «Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?

Вучань ня бывае вышэй за свайго вучыцеля, але кожны будзе даскана́лы, як вучыцель яго.
 
Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік.

Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна́ ў тваім воку не адчуваеш?
 
Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?

Ці як можаш сказаць брату твайму: брат! дай, я выму сучок з вока твайго, — калі сам ня бачыш бервяна́ ў тваім воку? Крывадушны! вы́мі ране́й бервяно з твайго вока, тады ўбачыш, як выбраць сучок з вока брата твайго.
 
Як ты можаш казаць брату свайму: “Браце, дай, я выму шчэпку з вока твайго”, калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.

Няма добрага дрэва, каторае прыно́сіла-б благі плод; і няма благога дрэва, каторае прыно́сіла-б плод добры.
 
Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод.

Бо ўсякае дрэва пазнае́цца па пло́дзе яго; бо ня зьбіраюць смокваў з цярніны і ня здымаюць вінаграду з шыпшыньніка.
 
Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе; не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду.

Добры чалаве́к з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а благі чалаве́к з благога скарбу сэрца свайго выносіць благое; бо ад перапо́ўненага сэрца гавораць вусны яго.
 
Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з дрэннага сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.

Што завецё Мяне́: Госпадзе! Госпадзе! і ня робіце таго, што Я кажу?
 
Што вы клічаце Мяне: “Пане, Пане”, а не выконваеце таго, што Я кажу?

Усякі, прыходзячы да Мяне́ і слухаючы словы Мае́ і выпаўняючы іх, — скажу вам да каго падобны:
 
Я пакажу вам, да каго падобны кожны, хто прыходзіць да Мяне, слухае Маё слова і выконвае яго.

ён падобны да чалаве́ка, што, стаўляючы дом, капаў глы́бака й заклаў фундамант на ка́мені, дзеля чаго, калі зда́рыліся паводкі, і вада́ напе́рла на гэты дом, то не магла скрануць яго, бо ён быў заснаваны на ка́мені,
 
Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, глыбока выкапаў і заклаў падмурак на скале. Калі здарылася паводка, паток хлынуў на гэты дом, аднак не змог пахіснуць яго, таму што ён быў добра збудаваны.

а хто слухае і не выпаўняе, той падобны да чалаве́ка, паставіўшага дом на зямлі без падмуроўкі, які, калі напе́рла на яго вада́, ураз жа абваліўся; і разбурэньне яго было вялікае.
 
А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі без падмурка. Паток хлынуў на яго, і ён адразу абваліўся, і вялікае было падзенне гэтага дому».