Лукаша 24 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня, ве́льмі ра́на, нясучы́ прыгатава́ныя пахі, прыйшлі яны да магілы і разам з імі некато́рыя другія;
 
У першы дзень тыдня, на досвітку, жанчыны прыйшлі да магілы, несучы падрыхтаваныя пахучыя алеі.

але знайшлі ка́мень адва́лены ад магілы.
 
Але знайшлі, што камень адсунуты ад магілы.

І ўвайшоўшы, не знайшлі Це́ла Госпада Ісуса.
 
І, увайшоўшы, не знайшлі цела Пана Езуса.

І сталася, як зьняла іх ад гэтага трывога, зьявіліся перад імі два чалаве́кі ў бліскучым адзе́ньні.
 
Калі яны стаялі ў разгубленасці, раптам з’явіліся перад імі два мужы ў бліскучым адзенні.

Калі-ж ад страху скланілі яны абліччы свае́ да зямлі,— тыя сказалі ім: што́ вы шукаеце жывога між паме́ршымі?
 
Напалоханыя жанчыны схілілі твары свае да зямлі, а тыя сказалі ім: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?

Яго няма тут: Ён ускрос; прыпомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галіле́і,
 
Яго тут няма; Ён уваскрос. Успомніце, як Ён сказаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,

мовячы, што Сын Чалаве́чы мусіць быць вы́даны ў рукі людзе́й грэшных і будзе расьпяты, а на трэці дзень уваскрэсьне.
 
што Сын Чалавечы павінен быць выдадзены ў рукі грэшнікаў і ўкрыжаваны, але на трэці дзень уваскрэсне».

І ўспомнілі яны словы Яго,
 
І ўзгадалі яны словы Ягоныя,

і, вярнуўшыся ад магілы, апавясьцілі адзінаццацёх і ўсіх другіх аб гэтым.
 
і, вярнуўшыся ад магілы, расказалі гэта ўсё Адзінаццаці і ўсім астатнім.

Былі-ж гэта Марыя Магдаліна і Іоанна, і Марыя, маці Якава, і другія з імі, што сказалі аб гэтым Апосталам.
 
Гэта былі Марыя Магдалена, Яна і Марыя, маці Якуба, ды іншыя, што былі з імі, якія казалі пра гэта Апосталам.

І здаліся ім словы іх пустымі, і не паве́рылі ім.
 
Але словы гэтыя здаліся ім пустымі, і не верылі ім.

Але Пётр, устаўшы, пабег да гробу і, нахіліўшыся, убачыў толькі ляжаўшую тканіну і пайшоў назад, дзіўлючыся сам у сабе́ з стаўшагася.
 
Але Пётр устаў і пабег да магілы. Зазірнуўшы, убачыў там толькі палотны. І вярнуўся да сябе, здзіўляючыся таму, што сталася.

У той жа дзе́нь двое з іх ішлі ў сяло, што ў шэсьцьдзесяцёх стадыях ад Ерузаліму, званае Эмаус,
 
Двое з іх у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус.

і гутарылі між сабою аб усіх гэтых здарэньнях.
 
Яны размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося.

І ста́лася, як гутарылі яны ды разважалі між сабою, вось Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі;
 
А калі размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі.

але вочы іх былі стрыманы, дык не пазналі Яго.
 
Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.

Ён жа сказаў ім: аб чым гэта вы разважаеце між сабою, і чаго вы засмучоны?
 
А Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку.

Адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму ў адказ: ці-ж ты адзін з прыйшоўшых у Ерузалім ня ве́даеш, што ста́лася ў ім у гэтыя дні?
 
Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?»

І сказаў ім: аб чым? Яны сказалі Яму: што было з Ісусам Назаранінам, Каторы быў прарок, моцны ў дзе́ле і слове перад Богам і ўсім народам;
 
Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам;

як выдалі Яго архірэі ды начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і раскрыжавалі Яго?
 
як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі.

А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, што павінен збавіць Ізраіля; а да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзе́нь сяньня, як тое сталася,
 
А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася.

але некаторыя жанчыны з нашых абаламуцілі нас: яны былі раніцай ля магілы
 
Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы

і не знайшлі це́ла Яго і, прыйшоўшы, сказалі, што яны бачылі, як зьявіліся Ангелы, якія кажуць, што Ён жывы́;
 
і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы.

і пайшлі некато́рыя з нашых да магілы і знайшлі так, як і жанчыны казалі, але Яго ня бачылі.
 
Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі».

Тады Ён сказаў ім: О, бязмысныя і ляныя сэрцам паве́рыць усяму, што прарочылі прарокі!
 
Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі!

Ці-ж ня гэтак і трэба было цярпе́ць Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?
 
Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?»

І, пачаўшы ад Майсе́я, з усіх прарокаў выясьняў ім усё напісанае аб Ім.
 
І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.

І падыйшлі яны да таго сяла, куды йшлі; і Ён паказаў ім від, што хоча йсьці дале́й;
 
Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей.

але яны затрымлівалі Яго, ка́жучы: застанься з намі, бо дзе́нь ужо схіліўся да ве́чара. І Ён увайшоў, і застаўся з імі.
 
Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі.

І, калі Ён сядзе́ў за сталом з імі, то, узяўшы хле́б, багаславіў, паламаў і падаў ім.
 
Калі быў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім.

І тады адчыніліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён стаўся нявідным для іх.
 
Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх.

І яны сказалі адзін аднаму: ці-ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі выясьняў Пісаньне?
 
Яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?»

І, устаўшы ў той жа час, вярнуліся ў Ерузалім і знайшлі разам адзінаццаць Апосталаў і быўшых з імі,
 
І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі,

якія гаварылі, што Госпад запраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону.
 
якія казалі ім: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону».

І яны расказвалі, што зда́рылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хле́ба.
 
Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

Калі-ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стануў сярод іх і сказаў ім: мір вам!
 
Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!»

Яны, здуме́ўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што відзяць духа,
 
Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа.

але Ён сказаў ім: чаго здуме́ліся? і чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
 
Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах?

Паглядзе́це на рукі Мае́ і на ногі Мае́: гэта Я Сам; ашчупайце Мяне́ й разгле́дзьце, бо дух це́ла і касьце́й ня ма́е, што́, як бачыце, Я ма́ю.
 
Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я! Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю».

І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі.
 
Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі.

Калі-ж яны ад радасьці яшчэ ня ве́рылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: ці ёсьць у вас тут якая е́жа?
 
А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?»

Яны падалі Яму частку пе́чанай рыбы й сотавага мёду.
 
Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы.

І, узяўшы, е́ў перад імі.
 
Ён узяў і еў перад імі.

І сказаў ім: вось тое, аб чым Я вам гаварыў, яшчэ як быў з вамі: што павінна выпаўніцца ўсё, напісанае аба Мне́ ў законе Майсе́явым і ў прароках ды псальмах.
 
І сказаў ім: «Вось словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах».

Тады расчыніў ім розум дзеля зразуме́ньня Пісаньня.
 
Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне.

І сказаў ім: так напісана і так нале́жала цярпе́ць Хрысту і ўваскрэснуць з уме́ршых на трэці дзень,
 
І сказаў ім: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых,

і прапаве́дывацца ў імя Яго пакая́ньню ды адпушчэньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы ад Ерузаліму;
 
і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема.

вы-ж сьве́дкі гэтага;
 
А вы — сведкі гэтага.

і вось Я пасылаю абяцанае Айцом Маім на вас; вы-ж аставайцеся ў ме́сьце Ерузаліме, дакуль не адзе́нецеся сілаю звыш.
 
Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні».

І вы́веў іх з ме́ста да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае́, багаславіў іх.
 
Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх.

І ста́лася, як багасла́віў іх, стаў аддаляцца ад іх і ўзнасіцца на не́ба.
 
Калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба.

І яны пакланіліся Яму і вярнуліся ў Ерузалім з вялікаю радасьцяй,
 
Яны пакланіліся Яму і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалем,

і былі ўсьцяж у царкве́, сла́вячы і хва́лючы Бога. Амін.
 
і былі ўвесь час у святыні, і праслаўлялі Бога.